Па прыступках кар’ернай лесвіцы

- 10:14Актуально, Апошнія запісы

Апошнія гады ў Беларусі прыярытэтнай стала работа з рэзервам кадраў і мэтавая падрыхтоўка маладых людзей да кіраўніцкай дзейнасці. Гэты кірунак стаў галоўным і для лідарскай праграмы самай маладзёжнай арганізацыі краіны. Усе актуальныя пытанні і адказы, якія тычыліся работы з кадрамі, прагучалі на Рэспубліканскім маладзёжным форуме, які прайшоў у Савеце Рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь. Галоўным спікерам у адкрытым дыялогу выступіў яго старшыня Міхаіл Мясніковіч. Да размовы далучыліся больш за сто маладых людзей з навучэнскай, студэнцкай і працоўнай моладзі з усіх рэгіёнаў краіны.

Пачынаючы форум, Міхаіл Уладзіміравіч адзначыў: “У нашай краіне цудоўная моладзь — энергічная, адукаваная, законапаслухмяная, і зусім не маюць рацыі тыя, хто сцвярджае адваротнае. Моладзь, канечне, амбіцыйная па сваёй сутнасці, і, хутчэй за ўсё, мы як людзі старэйшага пакалення недастаткова працуем, каб заўважаць у гэтым асяроддзі лепшых і давяраць ім адказныя ўчасткі работы, у тым ліку ў органах дзяржаўнага кіравання, дэпутацкім корпусе. Мы павінны актыўней працаваць над гэтым”.
Міхаіл Мясніковіч звярнуўся да кіраўніцтва БРСМ, адзначыўшы тую работу, якая праводзіцца аб’яднаннем. Ён прапанаваў на сістэмнай аснове ўносіць прапановы з боку БРСМ адносна найбольш перспектыўных маладых людзей: “Давайце дамовімся рабіць гэта праз Адміністрацыю прэзідэнта, аблвыканкамы і Мінгарвыканкам, у працэс актыўна ўключыцца і Савет Рэспублікі. Я гэта гавару, каб патэнцыял і тыя высілкі, якія вы дэманструеце, не былі марнымі”, — адзначыў ён.
Для тых, хто хоча зрабіць кар’еру кіраўніка, Міхаіл Мясніковіч даў парады. Ён падкрэсліў важнасць вучобы, смелых ідэй і даследчых поспехаў: “Бясцэнная роля моладзі ў навуцы. Па выніках шматлікіх даследаванняў і маніторынгаў устаноўлена, што маладыя людзі ва ўзросце да 35 гадоў здольны генерыраваць новае — рабіць адкрыцці і вынаходніцтвы. Далей, як правіла, ідзе перадача назапашаных ведаў. Таму перад вамі вялікая перспектыва, ваш востры розум і жаданне нешта зрабіць трэба рэалізаваць у маладыя гады”.
І пачынаць спікер прапанаваў з мясцовых ініцыятыў, з рэгіянальных праектаў, якія сёння асабліва запатрабаваны. Ён параіў пераходзіць ад лозунгаў да канкрэтных спраў, прычым запэўніў юнакоў і дзяўчат, што ў гэтым выпадку яны абавязкова атрымаюць адпаведную падтрымку.
“Краіна звязвае вельмі вялікія надзеі з моладдзю. Сёння ўсім важна разумець: тыя намаганні, якія дзяржава і грамадства ўкладвае ў моладзь, — гэта інвестыцыі ў будучыню краіны. Якімі будуць ваша грамадзянская пазіцыя і лідарскія якасці — такой будзе і краіна. Само па сабе нічога не атрымаецца”, — адзначыў М.У.Мясніковіч.
У сваю чаргу кіраўнік маладзёжнай арганізацыі Андрэй Белякоў заўважыў, што менавіта такія форумы якраз і дазваляюць дасягаць гэтых мэт: “Нашы актывісты, збіраючыся разам, па сутнасці, натхняюцца, бо бачаць, што па ўсёй краіне ёсць такія ж маладыя людзі, як і яны: ініцыятыўныя, актыўныя, са сваімі меркаваннямі. І, хто ведае, можа, праз гады менавіта яны стануць сенатарамі, дэпутатамі, кіраўнікамі”.
Ідэямі дзяліліся з удзельнікамі форуму і ў Акадэміі кіравання пры Прэзідэнце Рэспублікі Беларусь — галоўнай установе краіны, дзе рыхтуюць кіраўнікоў. Рэктар Марат Жылінскі падзяліўся сваім кіраўніцкім шляхам і рэцэптамі, як стаць лідарам. Па яго меркаванні, неабходна мець шмат ідэй і ўмець іх рэалізоўваць. А якой павінна быць ідэя, ён прадэманстраваў на прыкладзе новага праекта ўстановы: у беларускіх школах ужо ў новым навучальным годзе могуць з’явіцца міні-акадэміі — філіялы ВНУ. Плануецца, што туды будуць прыязджаць выкладчыкі і спецыялісты з Мінска і праводзіць кансультацыі і прафарыентацыю.
Магчымасць патрэніравацца была ў навучэнцаў падчас дзелавой гульні “Імідж лідара” і падчас практычнага трэнінгу “Фарміраванне кіраўніцкай каманды”. Пра бонусы, якія дае кіраўніку прамоўніцкі талент, маладыя людзі даведаліся падчас майстар-класа з элементамі трэнінгу “Аратарскае майстэрства”. А тое, што ў любым калектыве трэба мець не толькі фармальныя зносіны, яскрава паказаў таварыскі матч, якім завяршыўся форум. У ім мяч і вароты саперніка на трываласць выпрабоўвалі кіраўнікі рэспубліканскіх органаў дзяржаўнага кіравання (каманда “Лідар”) і ўдзельнікі форуму (каманда “Змена”).

Святлана НІКІФАРАВА.
Фота БелТА і з сайта грамадскага аб’яднання “БРСМ”.