Падчас летніх канікул вучні 10 класа Паляцкішскай сярэдняй школы здзейснілі аднадзённы турыстычны паход па маршруце Паляцкішкі — Радунь — Пагародна — Паляцкішкі. Асаблівую цікавасць у навучэнцаў выклікала велаэкскурсія “Гістарычныя мясціны Радуні”, арганізаваная пры дапамозе супрацоўнікаў Радунскага раённага цэнтра турызму, краязнаўства і экалогіі.
У цэнтры нас ветліва сустрэла яго дырэктар Марыя Юльянаўна Блашко. Яна прадаставіла веласіпеды, расказала аб аб’ектах маршруту. У суправаджэнні супрацоўнікаў ЦТКіЭ Ганны Мечыславаўны Шчарбаковай і Андрэя Вячаслававіча Паскробышава школьнікі наведалі магілу вядомага ва ўсім яўрэйскім свеце равіна Хафеца Хаіма і будынак былой яўрэйскай іешывы ў Радуні, яўрэйскія могілкі. Навучэнцы даведаліся аб жахах фашысцкага акупацыйнага рэжыму ў гады Вялікай Айчыннай вайны ў адносінах да асоб яўрэйскай нацыянальнасці.
Прадаўжэннем велападарожжа стала наведванне музея пад адкрытым небам “Валуны крутых дарог мінуўшчыны”, які размясціўся каля Радунскай сярэдняй школы. Навучэнцы ўбачылі ледніковыя камяні, помнікі прыроды, гісторыі і культуры Воранаўскага краю. Удзельнікі паходу наведалі помнік архітэктуры стылю мадэрн — касцёл Маці Божай Ружанцовай у Радуні. Дынамічны вертыкальны рух веж касцёла, яго інтэр’ер захапіў усіх велічнасцю і прыгажосцю.
Потым мы накіраваліся ў Пагародна. Працягам турыстычнага паходу стала наведванне месца гібелі дзяўчат-сувязістак каля Пагародна і помніка ў памяць пра іх.
Дадому навучэнцы вярнуліся з мноствам уражанняў.
Іван ГАБІС,
класны кіраўнік 10 класа Паляцкішскай сярэдняй школы Воранаўскага раёна.