Па “Ступенях” да новых мар

- 12:06Гродзеншчына, Прэс-тур

У верасні 2014 года пры падтрымцы Парка высокіх тэхналогій на базе Лідскага раённага цэнтра творчасці дзяцей і моладзі была адкрыта ІТ-акадэмія “Ступені” для дзяцей і дарослых. Наколькі запатрабаваны паслугі ІТ-акадэміі, якія напрамкі яе работы з’яўляюцца найбольш перспектыўнымі, мы гутарым з яе кіраўніком — намеснікам дырэктара па вучэбнай рабоце цэнтра Паўлам Леанідавічам СТАНІСЛАВОВІЧАМ.

— Павел Леанідавіч, ці апраўдвае сябе стварэнне ІТ-акадэміі? Якія вынікі яе работы за тры гады?

— ІТ-акадэмія цалкам сябе апраўдвае. Мэты яе адкрыцця — выяўленне і падтрымка адораных навучэнцаў у галіне інфармацыйных тэхналогій і праграмавання, фарміраванне і ўдасканальванне інфармацыйнай культуры насельніцтва горада, а таксама трансляцыя эфектыўнага педагагічнага вопыту па выкарыстанні інфармацыйных тэхналогій у адукацыйным працэсе. І гэтыя мэты мы паступова ўвасабляем у жыццё.

Стварэнне добрай матэрыяльна-тэхнічнай базы (у цэнтры абсталяваны два вучэбныя класы, кожны з якіх аснашчаны 15 камп’ютарамі) дазволіла арганізоўваць і праводзіць мерапрыемствы ў галіне ІКТ ад індывідуальных кансультацый да групавых заняткаў па розных напрамках. Вынікам работы з’яўляецца высокі ўзровень камп’ютарнай дасведчанасці сярод педагогаў і навучэнцаў горада. Толькі ў гэтым навучальным годзе каля 3000 навучэнцаў рознага ўзросту наведвалі аб’яднанні па інтарэсах, былі ўдзельнікамі майстар-класаў, прафесійнага тэсціравання, курсаў, акцый і конкурсаў. Больш за 280 педагогаў сталі слухачамі курсаў, прынялі ўдзел у семінарах-практыкумах, вэбінарах, тэсціраванні, павысілі свае прафесійныя навыкі ў галіне ІТ. Адкрыццё акадэміі дазволіла пашырыць спектр адукацыйных паслуг у нашай установе, максімальна далучыць педагогаў і навучэнцаў да ўдзелу ў конкурсах, алімпіядах і праектах у галіне інфармацыйных тэхналогій, прыцягнуць да больш актыўнага выкарыстання ІКТ у штодзённым жыцці дарослае насельніцтва. Паслугі акадэміі запатрабаваны сярод розных катэгорый насельніцтва.

— Хто з’яўляецца выкладчыкамі акадэміі?

— Выкладчыкамі акадэміі з’яўляюцца як педагогі дадатковай адукацыі, так і настаўнікі інфарматыкі ўстаноў адукацыі горада. Прычым яшчэ на этапе адбору заявак для стварэння ІТ-акадэміі Парк высокіх тэхналогій імкнуўся рэалізаваць праект там, дзе ўжо ёсць касцяк выкладчыкаў адпаведнага ўзроўню. Невыпадкова ў поле зроку трапіла Ліда, бо тут працуюць прафесіяналы ў сферы ІТ, якія да таго ж прайшлі навучанне ў ПВТ.

— Па якіх напрамках працуе акадэмія? Якія з іх з’яўляюцца найбольш запатрабаванымі?

— Асноўнымі напрамкамі нашай работы з’яўляюцца праграмаванне і камп’ютарная графіка (Scrath, “Камп’ютарная графіка і асновы дызайну”, “Лічбавыя фотаздымкі”), курсы для дарослага насельніцтва, для педагагічнай грамадскасці. Для выхаванцаў устаноў дашкольнай адукацыі працуюць курсы “Камп’ютар для дашкольнікаў”, “Прывітанне, камп’ютар!” (навучанне на англійскай мове), “Маленькі мастак”, якія прадугледжваюць фарміраванне ў дашкольнікаў псіхалагічнай гатоўнасці да жыцця ў грамадстве, якое шырока выкарыстоўвае інфармацыйныя тэхналогіі. Для навучэнцаў пачатковых класаў арганізаваны курсы “Азбука праграмавання для малодшых школьнікаў”, “Развіццёвая інфарматыка” і “Візуальнае праграмаванне”, якія дазваляюць развіць такія якасці і ўменні, неабходныя сучаснаму чалавеку, як крытычнае, сістэмнае, алгарытмічнае і творчае мысленне, уменне знаходзіць вырашэнне праблем, уменне працаваць самастойна і ў камандзе. У малодшых школьнікаў яшчэ, як правіла, не паспявае знікнуць цікавасць да вучобы, таму заняткі па інфарматыцы для іх не толькі лёгка ператвараюцца ў цікавую гульню, але і павялічваюць дзіцячую дапытлівасць і імкненне да ведаў у сферы інфармацыйных тэхналогій.

Для навучэнцаў сярэдняга і старшага звяна прапанаваны курсы “Метады алгарытмізацыі”, “Мова праграмавання Паскаль”, “Графічны дызайн”, “Камп’ютарная графіка”, дзе навучанне прадугледжвае паглыбленне і карэкцыю ведаў, атрыманых на ўроках інфарматыкі. Па запытах дарослага насельніцтва адкрыты курсы навучання з базавым праграмным пакетам Microsoft Office па рабоце з інтэрнэт-рэсурсамі, семінары-практыкумы па стварэнні блогаў, сайтаў, рабоце з сучаснымі лічбавымі прыладамі (“З камп’ютарам на “ты”, “Стварэнне Google-сайтаў”, “Асновы Office 2010”), для бацькоў таксама арганізаваны семінары-практыкумы “Бяспечны інтэрнэт”.

Сярод найбольш запатрабаваных курсаў — “Развіццёвая інфарматыка” (школьнікі 1—4 класаў), “Камп’ютарная графіка” (вучні 4—8 класаў), “Асновы праграмавання” (5—10 класы), “Лічбавая апрацоўка фотаздымкаў” (6—10 класы), “З камп’ютарам на “ты” (для ўзроставай катэгорыі 50+), “Выкарыстанне сэрвісаў Google ў рабоце ўстаноў адукацыі” (для настаўнікаў і выхавальнікаў, прадстаўнікоў адміністрацыі Ліды).

— На ваш погляд, наколькі мэтазгодна праводзіць работу з дашкольнікамі?

— У наш час амаль у кожнага дарослага ёсць камп’ютар, планшэт, тэлефон. Дзеці дашкольнага ўзросту ўсё гэта бачаць, новая тэхніка выклікае ў іх вялікую цікавасць. І задача педагогаў — пераўтварыць усе гэтыя гаджэты, прыстасаванні для дзіцяці не ў цацку, а ў прылады для работы, і чым раней, тым лепш, тым больш што ў лютым 2015 года пры падтрымцы кампаніі — рэзідэнта ПВТ у нас з’явіўся мабільны камп’ютарны клас. Гэта дазволіла арганізаваць штотыднёвыя развіццёвыя заняткі на базе дзвюх дашкольных устаноў. Мы плануем таксама выкарыстоўваць мабільны клас для выязных заняткаў з людзьмі з абмежаванымі магчымасцямі і тымі, хто не можа самастойна наведваць заняткі.

— Ці вядзецца ў акадэміі прафарыентацыйная работа са старшакласнікамі?

— Так, з дапамогай камп’ютара і праграмнага забеспячэння ў акадэміі праводзіцца прафарыентацыйная работа з навучэнцамі старшых класаў. Школьнікі, якія наведваюць нашы гурткі, ужо прыходзяць арыентаванымі на інжынерныя і тэхнічныя спецыяльнасці ў ІТ-сферы, а наша работа садзейнічае яшчэ большай іх упэўненасці ў прафесійным выбары.

Акрамя вучэбных курсаў, акадэмія праводзіць трэнінгі па прафарыентацыі для падлеткаў 13—17 гадоў, арганізоўвае экскурсіі на прадпрыемствы горада і ў навучальныя ўстановы краіны. А ў клубе “Свет прафесій” вучні працуюць над стварэннем уласнага дзіцячага радыё, могуць атрымаць першыя навыкі работы ў якасці радыёвядучых. Школьнікі таксама актыўна прыцягваюцца да праектна-даследчай дзейнасці з выкарыстаннем ІКТ.

— Якімі вы бачыце перспектывы ІТ-акадэміі?

— Увядзенне робататэхнікі і мовы праграмавання С++ і CSharp. Таксама ў планах — арганізаваць кароткатэрміновыя інтэнсівы, курсы для дарослых па розных напрамках праграмавання.

Гутарыла Наталля КАЛЯДЗІЧ.
Фота Ігара ГРЭЧКІ.