Па суботах аршанскім дзецям прапануюць натхніцца творамі мастацтва і па іх матывах стварыць уласныя

- 16:43Образование, Приложение, Шестой день

Гэта ідэя праекта шостага школьнага дня “Бюро знаходак “Дзеці АРТа”, які рэалізоўваўся ў Аршанскім раённым цэнтры творчасці дзяцей і моладзі, паведамляе карэспандэнт “Настаўніцкай газеты”.

— На працягу ўсяго жыцця чалавека суправаджаюць творы мастацтва. Камусьці яны дораць святло і натхненне, дапамагаюць знайсці сілы і паве­рыць у сябе, робяць чалавека больш добрым, кагосьці пакідаюць абыякавым. Часам, каб дзіця адгукнулася на твор мастац­тва, патрэбен нейкі яркі факт, прывязка да чалавека, горада, вуліцы. І тады карціна ці верш раптам становяцца сваімі, роднымі. Падчас нашага праекта дзеці, знаёмячыся з творамі мастацтва, творчасцю беларускіх мастакоў, музыкантаў, пісьменнікаў, скульп­тараў, харэографаў, пераймалі пэўны творчы багаж ведаў, уражанняў, ідэй і на іх аснове стваралі свой уласны творчы прадукт, — рас­казвае аўтар праекта намеснік дырэктара па вучэбна-метадычнай рабоце Таццяна Баканоўская.

Перад тым як уліцца ў праект, гурткоўцы наведвалі падрыхтоўчыя трэнінгавыя заняткі: “Мы — АРТ-каманда”, “Творчае мысленне” і “Незвы­чайнае ў звычайным”. Гнуткасць і арыгінальнасць мыслення развівала і гульня-выпрабаванне “Таленташукальнікі, наперад!”.

Настроіцца на работу ў бюро знаходак дзецям дапамагаў і трэнінг “Пяць хвілін з мастацтвам”, падчас якога яны вучыліся ўспрымаць пэўны твор. Ні аналізу, ні ацэнак не агучвалася, каб не навязаць нікому пэўны пункт гледжання. Напрыклад, сярод твораў быў цыкл анімацыйных кароткамет­ражных фільмаў “Чароўная флейта”. Кожны фільм — гэта своеасаблівая музычная карціна, двай-ны мастацкі рад, дзе класічныя творы знакамітых кампазітараў дапаўняў арыгінальны відэарад, выкананы ў розных стылях і жанрах анімацыйнага мастацтва.

Зварот да твораў мастацтва Беларусі розных часавых перыядаў, стыляў, відаў і жанраў дазволіў паказаць навучэнцам багацце і разнастайнасць беларускай мастацкай культуры, фарміраваць пачуццё гонару і беражлівыя адносіны да культурных каштоўнасцей.

— Прызначэнне “Пяці хвілін з мастацтвам” заключаецца не ў вывучэнні шэдэўраў, а ў развіцці здольнасці ўспрымаць іх. Пасля прагляду навучэнцы адказвалі на пытанне (для кожнага твора — сваё), што дапамагала ім выказаць свае ўражанні, асацыяцыі, думкі. Так дзеці вучацца разумець і адчуваць прыгожае, — дзеліцца Таццяна Уладзіміраўна.

Адзін з важных этапаў праекта — прэзентацыя АРТ-і-факта. Гэта знаёмства з творам мастац­тва. Як патлумачылі аўтары праекта, усе яны ўтваралі тры ўмоўныя колы. Першае — творы мастацтва, звязаныя непасрэдна з малой радзімай — Оршай і Віцебшчынай. Гэта тое блізкае культурнае асяроддзе, у якім дзіця знахо­дзіцца з самага дзяцінства, добра знаёмыя вобразы і імёны: Уладзімір Караткевіч, Марк Шагал, мемарыяльны комплекс “За нашу савецкую Радзіму”. Другое кола — гэта ўзровень краіны, творы беларускіх аўтараў, народнае мастац­тва: беларускі народны танец “Лянок”, слуцкія паясы, песня “Белавежская пушча” “Песняроў”, песня “Дзед Бара­дзед” Леаніда Захлеўнага і Артура Вольскага. Трэцяе кола — творы, сюжэты сусветнай культуры, увасобленыя беларускімі дзеячамі мастацтва: балет “Жар-птушка” Вялікага тэатра оперы і балета, фільм “Пра Чырвоную Шапачку” рэжысёра Леа­ніда Нячаева і кінастудыі “Беларусьфільм” і інш.

— Знаёмства з творамі мастацтва, з гісторыяй іх стварэння накіравана на развіццё эмацыянальна-вобразнага мыслення вучняў, цікавасці да навакольнага свету, фарміраванне здольна­сці да ўсведамлення сваёй грамадзянскай ідэнтычнасці, павагі да іншых культур і добразычлівага стаўлення да чалавека, яго думак, гатоўнасці і здольнасці весці талерантны дыялог. Удзельнікі праекта вучыліся суадно­сіць мастацкія з’явы з гістарычнымі падзея­мі, вывучаць сродкі мастацкай выразнасці, каб потым на аснове новага вопыту і ведаў стварыць нешта сваё, — гаворыць Таццяна Ула­дзіміраўна.

А гэта “сваё” ўзнікала напрыканцы праекта — у дзень стварэння новых АРТ-і-фактаў. У яго межах навучэнцы адных аб’яднанняў па інтарэсах сумесна з педагогамі право­дзілі свае творчыя майстар-класы для навучэнцаў іншых аб’яднанняў. Напрыклад, у майстар-класе інструментальнага ансамбля “Ложки в ладошке” прымалі ўдзел навучэнцы выяўленчай студыі “Серпанцін”, а на майстар-клас па кераміцы завітаў харэаграфічны ансамбль. Творчы мікс быў ва ўсіх кірунках установы.

— Такі падыход даў нам маг­чымасць азнаёміць нашых навучэнцаў з самымі рознымі мастацкімі кірункамі. Спадзяюся, што гэта дапаможа ім вырасці людзьмі культурнымі, адукаванымі, такімі, хто ведае мастацкія каштоўнасці свайго горада і сваёй краіны і ўмее па іх матывах ства­рыць свае ўласныя, — падсумоўвае Т.У.Баканоўская.

Святлана НІКІФАРАВА