Любіць тое, чаму вучыш, і тых, каго вучыш. Такі прафесійны арыенцір у адной з пераможцаў фестывалю “Прызванне — педагог”, маладой настаўніцы беларускай мовы і літаратуры гімназіі № 1 Бабруйска Настассі Біруковай.
Выхавальніца дзіцячага сада № 117 Магілёва Настасся Пархоменка імкнецца разгледзець шматгранны ўнутраны свет кожнага малыша. А настаўнік пачатковых класаў бабруйскай сярэдняй школы № 34 Ягор Осіпаў стараецца быць для вучняў сябрам, бо лічыць важным не толькі навучанне, але і выхаванне.
І Ягор, і абедзве Настассі, як і яшчэ пяцёра пачынаючых настаўнікаў, сёлета сталі пераможцамі ў сваіх намінацыях на абласным фестывалі “Прызванне — педагог”. Мерапрыемства, якое ў рэгіёне стала ўжо добрай традыцыяй, праводзіцца штогод з мэтай выяўлення і падтрымкі маладых, таленавітых педагагічных кадраў.
Сёлета ў адборачных турах фестывалю прынялі ўдзел звыш 100 маладых спецыялістаў з усёй Магілёўшчыны. З іх у фінал выйшлі восем яркіх і неардынарных настаўнікаў. Яны выступалі з самапрадстаўленнем, а таксама публічна разважалі над тэмай “Я — педагог! І гэта…”.
З хваляваннем маладыя настаўнікі расказвалі прысутным, чым быў абумоўлены іх выбар прафесіі, як праходзілі першыя працоўныя будні, у чым яны бачаць прызначэнне педагога. У творчых формах яны расказвалі пра сябе, пра тое, чаму імкнуцца навучыць вучняў. Нягледзячы на маладосць, удзельнікі ўжо маюць уласныя педагагічныя знаходкі.
Чытайце матэрыял Ганны Сінькевіч у нумары ад 10 студзеня 2023 года.