“Годная адукацыя — паспяховая будучыня” — такі слоган сустрэў нас у Пінскім аграрна-тэхнічным каледжы імя А.Я.Кляшчова. Гэты слоган стаў асновай пры фарміраванні стратэгічных рашэнняў для далейшага развіцця і ўдасканалення каледжа, у дасягненні бесперапыннай адукацыі для навучэнцаў, пастаяннага павышэння ўзроўню кваліфікацыі педагагічных работнікаў.
Каледж сёння — гэта тры вучэбныя корпусы для правядзення вучэбна-лабараторных заняткаў, 60 кабінетаў, 27 лабараторый, 4 камп’ютарныя кабінеты, 2 інтэрнаты, вучэбны палігон, вучэбны аўтатрактарадром. Таксама дзве бібліятэкі, дзве чытальныя залы, дзве актавыя залы, музей, дзве спартыўныя залы, адна гімнастычная зала, буфет. Матэрыяльна-тэхнічная база каледжа з’яўляецца той фундаментальнай пляцоўкай, якая дазваляе ажыццяўляць адукацыйны працэс высокакваліфікаваным педагагічным калектывам на якасным узроўні. Cёння гэта проста неабходна, інакш ёсць рызыка не адпавядаць запытам арганізацый — заказчыкаў кадраў.
“Пінскі дзяржаўны аграрна-тэхнічны каледж імя Аляксея Яфімавіча Кляшчова быў заснаваны ў Пінску ў 1946 годзе. Станаўленне нашай навучальнай установы годнае ўвагі, бо ёй пройдзены шлях ад сельскагаспадарчага тэхнікума, затым гідрамеліярацыйнага тэхнікума да аграрна-тэхнічнага каледжа. Каледж сёння — гэта ўстанова адукацыі, якая рэалізоўвае адукацыйную праграму сярэдняй спецыяльнай адукацыі, якая забяспечвае атрыманне кваліфікацыі спецыяліста з сярэдняй спецыяльнай адукацыяй па наступных спецыяльнасцях: “Меліярацыя і водная гаспадарка”, “Тэхнічнае забеспячэнне меліярацыйных і водагаспадарчых работ”, “Прамысловае і грамадзянскае будаўніцтва”, “Рамонтна-абслуговая вытворчасць у сельскай гаспадарцы”. У 2018/2019 навучальным годзе была адкрыта спецыяльнасць “Будаўніцтва дарог і транспартных аб’ектаў”, — расказвалі пра свой каледж навучэнцы.
Каб больш дэталёва разабрацца, кім жа працуюць выпускнікі каледжа, я звярнулася да выконваючай абавязкі дырэктара навучальнай установы І.М.Грамады. “Тыя, хто паступае на спецыяльнаць “Рамонтна-абслуговая вытворчасць у сельскай гаспадарцы”, атрымліваюць рабочую прафесію слесар па рамонце сельскагаспадарчых машын і абсталявання (не ніжэй за 3 разрад). Дадатковымі прафесіямі тут з’яўляюцца вадзіцель аўтамабіля катэгорыі В, С, вадзіцель колавых трактароў і самаходных машын катэгорыі А, В, С, D.
Спецыяльнасць “Прамысловае і грамадзянскае будаўніцтва” (вытворчая дзейнасць) дае кваліфікацыю тэхніка-будаўніка і рабочыя прафесіі цясляр, сталяр, тынкоўшчык, маляр, муляр. Дадатковай прафесіяй тут з’яўляецца вадзіцель аўтамабіля катэгорыі В.
Спецыяльнасць “Будаўніцтва дарог і транспартных аб’ектаў” дае выпускніку кваліфікацыю тэхніка-будаўніка, рабочую прафесію дарожны рабочы і дадатковую прафесію вадзіцель аўтамабіля катэгорыі В.
Спецыяльнасць “Тэхнічнае забеспячэнне меліярацыйных і водагаспадарчых работ” (вытворчая дзейнасць) забяспечвае кваліфікацыю тэхніка-механіка, дае рабочую прафесію слесар па рамонце дарожна-будаўнічых машын і трактароў (3 разрад) і дадатковыя прафесіі вадзіцель аўтамабіля катэгорыі В, С, вадзіцель колавых трактароў і самаходных машын катэгорыі А, С, E, F.
Спецыяльнасць “Меліярацыя і водная гаспадарка” (сельская гаспадарка) забяспечвае кваліфікацыю тэхніка-гідрамеліяратара з рабочымі прафесіямі муляра і бетоншчыка (3 разраду). Дадатковая прафесія — вадзіцель аўтамабіля катэгорыі В.
Падрыхтоўка спецыялістаў вядзецца па дзённай і завочнай форме навучання на бюджэтнай і платнай аснове. У цяперашні час на дзённым аддзяленні вучацца 596 чалавек, на завочным — 122”, — патлумачыла Ірына Міхайлаўна.
А далей адзначыла, што на базе каледжа мабільна і сістэмна працуе аддзяленне павышэння кваліфікацыі і перападрыхтоўкі кадраў, дзе кожны год праходзіць навучанне каля 500 чалавек. У перыяд вучобы навучэнцы не толькі атрымліваюць веды ў галіне агульнатэхнічных і спецыяльных дысцыплін, але і маюць магчымасць атрымаць рабочыя прафесіі, запатрабаваныя на рынку працы: вадзіцель транспартных сродкаў, трактарыст-машыніст, слесар, бетоншчык, муляр, тынкоўшчык, маляр, цясляр.
“Укаледжы штогод выконваецца план прыёму па ўсіх спецыяльнасцях, чаму мы, канечне, вельмі рады. Выпускнікі маюць стапрацэнтнае размеркаванне, становяцца ўдзельнікамі сістэмы бесперапыннай прафесійнай адукацыі. Бесперапынная інтэграваная сістэма прафесійнай адукацыі дазваляе нашым выпускнікам атрымаць вышэйшую адукацыю ў скарочаныя тэрміны па дзённай і завочнай форме навучання ў Беларускай дзяржаўнай сельскагаспадарчай акадэміі, Брэсцкім дзяржаўным тэхнічным універсітэце, Беларускім дзяржаўным аграрным тэхнічным універсітэце, Баранавіцкім дзяржаўным універсітэце”, — працягвала Ірына Міхайлаўна.
У сістэме работы адміністрацыі каледжа па развіцці прафесійнага ўдасканалення і абмене вопытам сярод педагагічных работнікаў акцэнт робіцца на супрацоўніцтва. З 2018 года на базе каледжа на дагаворнай аснове працуе філіял Беларускай дзяржаўнай сельскагаспадарчай акадэміі. Для прасоўвання адукацыйных паслуг у каледжы развіваюць супрацоўніцтва з навучальнымі ўстановамі Расіі, Украіны. “Развіццё міжнародных сувязей з’яўляецца адным з эфектыўных сродкаў вывучэння і выкарыстання замежнага вопыту ў мэтах павышэння якасці адукацыі, выхавання самастойнай, адказнай і актыўнай асобы, запатрабаванай у нашым грамадстве”, — падкрэсліла І.М.Грамада.
Не менш важным з’яўляецца і дзейснае, актыўнае ўнутранае супрацоўніцтва ўсіх структурных падраздзяленняў каледжа, якія аб’яднаны ў адзіную сістэму кіравання адукацыйным працэсам. Агульны канструктыўны падыход у планаванні з метадычнай службай каледжа дазволіў арганізаваць і паспяхова рэалізаваць курсы павышэння кваліфікацыі па тэме “Арганізацыя міжнароднага супрацоўніцтва ў сферы адукацыі”, стаць удзельнікамі ў міжнароднай адукацыйнай праграме прафесійнай мабільнасці “Сучасныя адукацыйныя інфармацыйныя тэхналогіі ў адукацыі”, стаць удзельнікамі ў міжнароднай адукацыйнай праграме прафесійнай мабільнасці “Сучасныя адукацыйныя інфармацыйныя тэхналогіі ў адукацыйным працэсе: вопыт Германіі і Францыі з наведваннем Міжнароднай выставы Didacta ў Гановеры.
“У сваю чаргу наш каледж мае вопыт арганізацыі і якаснага правядзення асноўнага этапу міжнароднага тэсціравання PISA-2018, вынікі якога адлюстроўваюць магчымасці адукацыі, дэманструюць дасягненні тых краін, дзе адукацыйныя сістэмы развіваюцца больш дынамічна”, — дадала Ірына Міхайлаўна.
На высокім узроўні ў каледжы арганізавана метадычная работа выкладчыкаў, якія пастаянна павышаюць свой прафесійны ўзровень. Падчас наведвання калежа навучэнцы расказвалі пра свае заняткі па гісторыі, праве, дэманстравалі плён сваёй даследчай дзейнасці, аформлены ў выглядзе вусных часопісаў, плакатаў, лэпбукаў. Выкладчыкі цыклавой камісіі сацыяльна-гуманітарных дысцыплін імкнуцца метадычна разнастайваць свае заняткі, звяртаюцца да выкарыстання актыўных метадаў і форм навучання і інфармацыйна-камунікацыйных тэхналогій.
Члены цыклавой камісіі неаднаразова станавіліся ўдзельнікамі і прызёрамі конкурсаў і мерапрыемстваў абласнога, рэспубліканскага і міжнароднага значэння. Адным з асноўных напрамкаў у педагагічнай дзейнасці выкладчыкаў з’яўляецца метадычнае забеспячэнне вучэбнага працэсу ў адпаведнасці з патрабаваннямі адукацыйных стандартаў. Выкладчыкі працуюць па ўдасканаленні вучэбна-метадычных комплексаў дысцыплін, якія ўключаюць у сябе нарматыўную і плануючую дакументацыю, метадычнае і дыдактычнае забеспячэнне дысцыплін.
Асаблівая ўвага ўдзяляецца распрацоўцы камп’ютарных сродкаў навучання, якія педагогі шырока выкарыстоўваюць у сваёй дзейнасці, прымяненню інавацыйных педагагічных тэхналогій. У цэнтры ўвагі — і работа з адоранымі і высокаматываванымі навучэнцамі, якія патрабуюць іншай арганізацыі метадычнай работы. Каб забяспечыць адукацыйныя і творчыя патрэбы гэтых дзяцей, педагогі ўвесь час працуюць над удасканаленнем сваіх прафесійных кампетэнцый. Нядаўна на базе каледжа прайшоў абласны семінар (пры падтрымцы абласнога вучэбна-метадычнага цэнтра прафесійнай адукацыі), прысвечаны шляхам павышэння матывацыі навучэнцаў да вучэбна-пазнавальнай дзейнасці пры вывучэнні дысцыплін сацыяльна-гуманітарнага профілю.
Вялікае значэнне ў рабоце выкладчыкаў агульнаадукацыйных дысцыплін займае арганізацыя пазааўдыторнай дзейнасці навучэнцаў. У каледжы пастаянна праводзяцца мерапрыемствы, дыдактычныя гульні, экскурсіі, якія спрыяюць пашырэнню кругагляду вучняў, развіваюць іх камунікатыўныя здольнасці, павышаюць цікавасць да вывучэння дысцыплін.
У каледжы існуе музей баявой і працоўнай славы. Старшыня цыклавой камісіі сацыяльна-гуманітарных дысцыплін і кіраўнік музея Таццяна Вячаславаўна Дзямчук арганізавала і падрыхтавала лектарскую групу са складу навучэнцаў 3 курса аддзялення “Прамысловае і грамадзянскае будаўніцтва”, якая з мэтай прафарыентацыі праводзіць аглядныя экскурсіі для вучняў школ і гімназій горада і раёна. Нам з калегамі таксама давялося пабываць у гэтым музеі і паслухаць юных экскурсаводаў. Было цікава, асабліва калі зайшла гаворка пра меліярацыю.
На базе Пінскага аграрна-тэхнічнага каледжа імя А.Я.Кляшчова ажыццяўляецца эксперыментальная і інавацыйная дзейнасць па тэме “Апрабацыя методыкі фарміравання 10-бальных шкал ацэнкі ўзроўню развіцця рухальных здольнасцей і вучэбных нарматываў па засваенні ўменняў i навыкаў навучэнцаў з улікам дыферэнцыраванага падыходу да іх фізічнага развіцця ва ўстановах прафесійна-тэхнічнай і сярэдняй спецыяльнай адукацыі” (2019—2021).
Трэба адзначыць, што спартыўнае жыццё навучэнцаў каледжа вельмі насычанае. Адпаведны раздзел сайта проста стракаціць фотаздымкамі шматлікіх перамог. Адной з апошніх перамог у каледжы асабліва ганарацца. “Упэўнена і без сумненняў у перамозе зборная нашага каледжа прыняла ўдзел у абласных фінальных спаборніцтвах па баскетболе сярод устаноў сярэдняй спецыяльнай адукацыі. Заваяваўшы перамогу на першым этапе, нашы спартсмены выйшлі ў фінал.
У выніку шэсць каманд з УССА Брэсцкай вобласці аспрэчвалі права быць лепшай. Наша ж зборная правяла пяць сустрэч і ва ўпартай барацьбе ва ўсіх гульнях атрымала перамогу, тым самым пацвердзіўшы званне наймацнейшай каманды пяты год запар! У гісторыі спартыўнага жыцця “гідракаледжа” нікому не ўдавалася станавіцца чэмпіёнамі Брэсцкай вобласці пяць гадоў запар”, — паведамілі ў каледжы.
З асаблівай гордасцю нас пазнаёмілі з галоўнай зоркай баскетбольнай каманды каледжа Кірылам Герашчанкам. Гэты юнак вучыцца на 4 курсе і ўжо не першы год славіць сваю навучальную ўстанову. Кірыл дайшоў да вышэйшай лігі. Канечне, хлопцу дапамагаюць такія рысы характару, як упартасць і цвёрдасць, але, думаю, што вельмі многа ў яго рост уклалі выкладчыкі фізічнай культуры каледжа, таму спартыўныя вяршыні Кірыла — агульнае дасягненне.
“Нашы навучэнцы — актывісты ў шматлікіх творчых калектывах, маладзёжных фестывалях і конкурсах, з’яўляюцца пераможцамі рэспубліканскіх і рэгіянальных навуковых канферэнцый, алімпіяд, конкурсаў прафесійнага майстэрства, удзельнікамі міжнародных праектаў. Нашы выпускнікі запатрабаваны як у Беларусі, так і ў іншых краінах блізкага замежжа. Многія з іх займаюць кіруючыя пасады ў краіне, арганізацыях аграпрамысловага комплексу, буйным і сярэднім бізнесе, айчынных і замежных кампаніях”, — не без гордасці адзначыла І.М.Грамада.
Вольга ДУБОЎСКАЯ.
Фота Алега ІГНАТОВІЧА.