— У савецкіх школьнікаў не было смартфонаў, ноўтбукаў, планшэтаў і інтэрнэту, але гэта зусім не азначае, што іх дзяцінства было сумным, — гаворыць намеснік дырэктара па выхаваўчай рабоце Кляпацкай сярэдняй школы Пружанскага раёна Ж.А.Такарчук. — У піянерскіх лагерах савецкіх хлопчыкаў і дзяўчынак чакала шмат цікавага: пазнавальныя фільмы, захапляльныя гульні і калектыўныя справы, якія добра аб’ядноўвалі дзяцей і рабілі іх па-сапраўднаму шчаслівымі, пакідаючы незабыўныя ўспаміны на ўсё жыццё.
Сёлета ў аздараўленчым лагеры з дзённым знаходжаннем “Журавінка”, які дзейнічаў на базе Кляпацкай сярэдняй школы, быў рэалізаваны праект “Назад у СССР”. Ён праходзіў пад дэвізам “Запрашаем у шчаслівае дзяцінства савецкага піянера!”. Хлопчыкі і дзяўчынкі з вялікім жаданнем і цікавасцю знаёміліся з асаблівасцямі савецкага дзяцінства і гісторыяй піянерскага руху.
— Школьнікі ўважліва слухалі апавяданні Аркадзя Гайдара, самастойна асэнсоўвалі і ацэньвалі сітуацыі і ўчынкі герояў, паказаныя ў іх, суадносілі матывы персанажаў з існуючымі нормамі паводзін, — расказвае Ж.А.Такарчук. – Добрыя ўражанні ў дзяцей пакінуў прагляд фільмаў “Стары Хатабыч”, “Корцік” і “Прыгоды Электроніка”, якія вучаць дабрыні, справядлівасці, павазе, суперажыванню, сяброўству, адданасці, непрыняццю хлусні і крывадушнасці.
Сучасныя школьнікі з задавальненнем асвойвалі дваровыя гульні, шырока распаўсюджаныя ў савецкі час. Гэтыя гульні былі не толькі карыснымі для здароўя, бо патрабавалі фізічнай актыўнасці, але і развівалі кемлівасць і фантазію. Дзеці ахвотна гулялі ў класікі, вадзяныя бомбачкі і, канечне ж, у “Зарніцу”.
— Лагерная змена — гэта не толькі гульні і забавы, але і агульныя справы, якія з’яўляюцца незаменным сродкам узаемнага выхавання і самавыхавання, у прыватнасці развіцця пачуцця адказнасці за калектыўную справу і асабістыя дзеянні і ўчынкі, — адзначае Ж.А.Такарчук. — Так, падчас агульнай справы-агляду “Медаль чатырох дзяўчынак” вучні даведаліся пра гісторыю Тані Савічавай, Ганны Франк, Садакі Сасакі і Саманты Сміт, якія заклікалі да міру ва ўсім свеце. Нікога не пакінула абыякавым інфармацыя пра трагічны лёс равеснікаў, іх барацьбу за мірнае неба, у тым ліку цаной уласнага жыцця.
На працягу лагернай змены ўсе дзеці адчувалі сваю далучанасць да вялікай агульнай справы. Можна не сумнявацца, што сённяшнія школьнікі на пэўны час адчулі сапраўднае піянерскае шчасце.
Падрыхтаваў Сяргей ГРЫШКЕВІЧ.