Пачатак новага этапу ў жыцці як грамадства, так і дзяржавы ў цэлым

- 11:47Інфармацыйная гадзіна

Усебеларускі народны сход сведчыць пра пачатак новага этапу ў жыцці грамадства, заявіў Прэм’ер-міністр Беларусі Андрэй Кабякоў на першым пасяджэнні Рэспубліканскага арганізацыйнага камітэта па падрыхтоўцы і правядзенні мерапрыемства.

“Усебеларускі народны сход — гэта знакавае палітычнае мерапрыемства. Яно сведчыць не толькі пра заканчэнне пяцігадовага перыяду развіцця краіны, але і з улікам цяперашніх геапалітычных і эканамічных рэалій — пра пачатак новага этапу ў жыцці як нашага грамадства, так і дзяржавы ў цэлым”, — адзначыў Андрэй Кабякоў.

Распараджэннем прэзідэнта ад 30 сакавіка 2016 года нумар 52рп створаны Рэспубліканскі арганізацыйны камітэт па падрыхтоўцы і правядзенні V Усебеларускага народнага сходу. “У распараджэнні кіраўнік дзяржавы паставіў шэраг задач, вырашэнне якіх з улікам устаноўленых тэрмінаў патрабуе ад нас аператыўнай зладжанай работы”, — канстатаваў прэм’ер-міністр.

Перш за ўсё гэта ўнясенне да 15 красавіка на разгляд кіраўніка дзяржавы прапаноў аб даце правядзення V Усебеларускага народнага сходу і колькасці яго ўдзельнікаў. Таксама трэба забяспечыць вылучэнне дастойных кандыдатур і інфармаваць аб іх насельніцтва з прыцягненнем шырокага кола сродкаў масавай інфармацыі. Неабходна арганізаваць запрашэнне прадстаўнікоў усіх слаёў насельніцтва, а таксама замежных гасцей.

“І самае галоўнае: да 15 красавіка мы павінны прадставіць кіраўніку дзяржавы праект асноўных палажэнняў Праграмы сацыяльна-эканамічнага развіцця Беларусі на 2016—2020 гады”, — падкрэсліў Андрэй Кабякоў. Праект праграмы — гэта базавы прагнозны дакумент, у якім будуць вызначаны мэтавыя арыенціры і ключавыя параметры развіцця краіны на бягучую пяцігодку і які традыцыйна выносіцца на разгляд Усебеларускага народнага сходу. Для яго распрацоўкі створана міжведамасная рабочая група пад кіраўніцтвам старшыні Савета Рэспублікі Міхаіла Мясніковіча.

Андрэй Кабякоў адзначыў, што работа гэтай групы пачалася не з чыстага ліста. У мінулым годзе праект асноўных палажэнняў праграмы разгледжаны і адобраны на пасяджэнні Прэзідыума Савета Міністраў з удзелам найвышэйшых службовых асоб, у тым ліку кіраўнікоў абедзвюх палат парламента, Адміністрацыі прэзідэнта і Камітэта дзяржаўнага кантролю. У першым квартале 2016 года праект праграмы дапрацаваны з улікам даручэння прэзідэнта і накіраваны ў Адміністрацыю прэзідэнта.