У сярэдняй школе № 3 Оршы ведаюць кошт якаснага гумару, натхнення і мастацкага слова: вучні з першага класа маюць магчымасць вучыцца акцёрскаму майстэрству і сцэнічнаму маўленню на факультатывах тэатральнага кірунку. А навыкі, атрыманыя на занятках, яны адточваюць у тэатры-студыі эстрадных мініяцюр “Крышка” пад кіраўніцтвам педагога Алены Уладзіміраўны Дзеравянка.
Тэатр-студыя дае школьнікам магчымасць паспрабаваць сябе ў ролі канферансье, асвоіць майстэрства мастацкага слова, паўдзельнічаць у тэатральнай пастаноўцы ці выступіць з эстрадным нумарам і — як вішанька на торце — стаць удзельнікам дзіцячай каманды КВЗ, якая існуе пры студыі.
— Наша тэатр-студыя створана як своеасаблівы цэнтр эстэтычнага выхавання дзяцей. Гэта месца, дзе мы даём прастор фантазіі і творчаму патэнцыялу школьнікаў. Самыя старэйшыя студыйцы — дзевяцікласнікі, самым малодшым па 9 гадоў, — расказвае Алена Уладзіміраўна. — Слова “Крышка” калісьці сарвалася з языка старэйшых студыйцаў, каманда якіх называлася “Наша крыша”. Назва сімвалічная, бо менавіта пад школьным дахам нараджаюцца новыя думкі, ідэі, мары… Калі да справы старшакласнікаў далучыліся малодшыя дзеці, іх каманда атрымала больш ласкавую назву — “Крышка”. Спачатку студыйцы карысталіся гэтай новай мянушкай паміж сабой, але слова прыжылося, бо аказалася запамінальным, яркім і смешным.
Калі вам здаецца, што для ўдалага выступлення ў КВЗ дастаткова быць разняволеным гумарыстам і крыху акцёрам, вы памыляецеся. Іскрамётны гумар павінен суседнічаць з добрым густам, розумам і пісьменнасцю, а таксама суправаджацца выдатнымі вакальнымі данымі.
— Каманда, якая выходзіць на сцэну з актуальнымі, ненафталінавымі жартамі, адразу стварае паспяховы вобраз. Таму тэмы для напісання сцэнарыя шукаем з дзецьмі сумесна. Вучу выхаванцаў быць начытанымі, разумець, што адбываецца не толькі ў блізкіх іх узросту сферах жыцця. Таксама абмяркоўваем тэмы, якія нельга ці непрафесіянальна ўздымаць падчас гульняў. Такім чынам выхоўваем і свой густ, і густ гледачоў. Калі рыхтуемся да новых турніраў, студыйцы атрымліваюць ад мяне дамашнія заданні: знайсці актуальную інфармацыю або навіны. На занятках спрабуем зірнуць на інфармацыю праз прызму гумару, знайсці актуальныя вобразы, персанажаў, у якіх змогуць пераўвасобіцца дзеці. Пры гэтым не толькі маім выхаванцам прыходзіцца арыентавацца ў дарослых сферах, але і мне заўсёды трэба быць “у тэме”, улічваць музычны густ, узрост, асаблівасці дзяцей, — расказвае Алена Уладзіміраўна.
Ніводны турнір КВЗ не абыходзіцца без размінкі — конкурсу, які выкрывае і хуткасць рэакцыі, і імправізацыйныя магчымасці каманды. На занятках з педагогам студыйцы пракачваюць гэтыя камандныя навыкі — праводзяць мазгавыя штурмы, ладзяць майстар-класы.
— Жарты, гумарыстычныя замалёўкі — адзін з самых складаных літаратурных жанраў. Таму часам звяртаемся і да тэорыі: разглядаем, якія схемы напісання жартаў бываюць, разбіраем іх на прыкладах сваіх або чужых удалых жартаў, — працягвае кіраўнік студыі. — Як у любым творчым працэсе, асабліва калектыўным, бывае, што нумар доўга не нараджаецца або на паперы выглядае выдатна, а пачынаем рэпеціраваць — і сцэна не выбудоўваецца. Але дзеці нястомна прапануюць новыя ідэі, інтэгруюць іх з маімі. І ўрэшце вынік атрымліваецца выдатным.
Нядаўна кіраўнік студыі вырашыла пайсці на эксперымент і зрабіць адну рознаўзроставую каманду КВЗ. У такім складзе каманда выступае адзін год, але ўжо мае шмат дасягненняў. Прысутнасць у адной камандзе малых дзяцей і падлеткаў — непаўторная фішка “Крышкі”, перакананы КВЗшнікі. Хаця педагог прызнаецца, што спачатку было складана працаваць і з трэцякласнікамі, і з дзевяцікласнікамі над адным праектам. Але каманда перажыла перыяд прыціркі, і зараз дзеці выдатна ўзаемадзейнічаюць, яны не толькі знайшлі агульную мову, але і пасябравалі. І можна дакладна сказаць, што эксперымент аказаўся ўдалым.
Усіх перамог тэатра-студыі на падмостках розных фестываляў і турніраў не пералічыць. Прыгадаем некалькі самых значных. У 2017 годзе каманда “Наша крыша” тэатра-студыі стала бронзавым прызёрам Беларусі сярод школьных каманд КВЗ. У 2019 годзе на абласным этапе чэмпіянату Беларусі па гульнях КВЗ сярод школьнікаў “У будучыню з усмешкай” атрымала дыплом І ступені, а таксама дыпломы ў намінацыях “Лепшы акцёр” і “Лепшая мініяцюра”. Таксама ў 2019 годзе ўжо каманда “Крышка” стала дыпламантам І ступені абласнога чэмпіянату школьных каманд КВЗ. У гэтым жа годзе на фестывалі Мінскай школьнай лігі КВЗ каманда атрымала Гран-пры і дыплом у намінацыі “Лепшы акцёр”.
Набраўшыся вопыту, студыйцы вырашылі пашыраць геаграфію перамог і прынялі ўдзел у гульнях Смаленскай школьнай лігі КВЗ, дзе атрымалі дыплом І ступені і дыплом у намінацыі “Лепшы акцёр”. “Крышку” запрымецілі і запрасілі паўдзельнічаць ва Усерасійскай юніёр-лізе КВЗ у Маскве, дзе ў 2020 годзе каманда стала пераможцай 1/3 фіналу, а ў паўфінале ўзяла дыплом у намінацыі “Лепшы акцёр”.
У снежні 2020 года на Міжнародным мнагажанравым фестывалі творчасці “Белавежская зорка” ў намінацыі “Тэатральная творчасць” тэатр-студыя эстрадных мініяцюр “Крышка” стала лаўрэатам III ступені. На працягу пяці гадоў выхаванцы Алены Уладзіміраўны з’яўляюцца лаўрэатамі раённага фестывалю мастацкай творчасці дзяцей і моладзі “Буду зоркай” у намінацыях “Альтэрнатыўная творчасць” і “Вядучыя”. Штогод студыйцы прымаюць удзел у рэгіянальным дзіцяча-юнацкім конкурсе эстрадна-цыркавой творчасці “Ветразі надзеі” ў намінацыях “Мастацкае слова” і “Канферанс”. Дарэчы, юныя канферансье тэатра-студыі сапраўды нарасхват: ніводнае школьнае свята без іх не абыходзіцца, у якасці вядучых студыйцаў часта запрашаюць і на гарадскія і раённыя мерапрыемствы.
— Нядаўна мы паспрабавалі сябе ў здымках кіно. Дзеці самі выступалі і сцэнарыстамі, і артыстамі, і рэжысёрамі ў маштабным анлайн-праекце “Скінь пасмяяцца”, у якім прынялі ўдзел больш за 100 каманд краін СНД. Студыйцы здымалі гумарыстычныя сіквелы і прыквелы да вядомых фільмаў, трэйлеры каманд, выконвалі іншыя цікавыя заданні. Мы дайшлі да паўфіналу і ўвайшлі ў тузін лепшых каманд, — расказала Алена Уладзіміраўна.
Амаль усе выхаванцы студыі — выдатнікі, а выпускнікі становяцца студэнтамі прэстыжных УВА краіны. Навыкі, набытыя падчас шматлікіх выступленняў, дапамагаюць ім адчыняць любыя дзверы: яны разняволеныя, ведаюць, як сябе падаць, з лёгкасцю знаходзяць агульную мову з выкладчыкамі і аднагодкамі, лягчэй за іншых пераадольваюць складанасці дарослага жыцця.
— У нашай стыдыі існуе “выпускная” традыцыя: калі праводзім у дарослае жыццё студыйцаў-адзінаццацікласнікаў, юныя ўдзельнікі рыхтуюць ім жартаўлівыя віншаванні, уручаюць шаржы. Тыя ж у адказ урачыста перадаюць малым КВЗшнікам права “даношваць” іх жарты, а таксама даюць наказ падтрымліваць пад роднай для іх “крышай” атмасферу гумару і сяброўства.
Алёна КРЫВЯНКОВА.