Радасць і дабрыню вось ужо чатыры гады запар нясе людзям фестываль-марафон “Крылы анёла”. Абласны дабрачынны фестываль стаў надзвычай маштабным мерапрыемствам і натхніў многіх дзяцей і іх бацькоў на добрыя справы.
Фестываль-марафон “Крылы анёла” праводзіцца на Міншчыне пры падтрымцы інфармацыйнага агенцтва Беларускай Праваслаўнай Царквы, цэнтра духоўнай асветы і сацыяльнага служэння Беларускай Праваслаўнай Царквы “Усіх тужлівых Радасць”.
— Фестываль стаў брэндавым мерапрыемствам сістэмы адукацыі Мінскай вобласці, — расказвае Таццяна Анатольеўна Цвірко, начальнік цэнтра выхаваўчай работы МАІРА. — Гэты марафон актывізуе сумесную дзейнасць устаноў адукацыі, сям’і і грамадскасці па ўключэнні дзяцей і дарослых у сацыяльна значныя справы і аб’ядноўвае людзей вакол агульначалавечых каштоўнасцей, фарміруючы супольнасць аднадумцаў, здольных развіваць і выхоўваць маральныя ідэалы дабра, міласэрнасці і патрыятызму. Грамадская значнасць фестывальнага руху “Крылы анёла” як аднаго са сродкаў, што стымулююць пазітыўныя працэсы духоўнага адраджэння і асветы, прызнана ўключэннем яго ў Праграму супрацоўніцтва Мінскага аблвыканкама і Мінскай мітраполіі Беларускай Праваслаўнай Царквы ў сферы адукацыі на 2015—2020 гады.
Ва ўстановах адукацыі Міншчыны прайшло больш за 3500 дабрачынных мерапрыемстваў. Іх удзельнікі дапамагалі дзецям-сіротам, інвалідам, адзінокім пажылым людзям, ветэранам Вялікай Айчыннай вайны, ладзілі майстар-класы і мастацкія выставы, выязныя канцэрты, творчыя сустрэчы на прадпрыемствах і ў сацыяльных установах. У рамках мерапрыемстваў фестывалю навучэнцы і педагогі ўстаноў адукацыі Мінскай вобласці аказалі адрасную дапамогу 1345 ветэранам Вялікай Айчыннай вайны, добраўпарадкавалі 1267 помнікаў, 687 брацкіх магіл, абнавілі 156 памятных знакаў і дошак.
У раёнах свае формы работы ў гэтым кірунку. Так, на Барысаўшчыне стала традыцыйным правядзенне штогадовага кінафестывалю “Прамяністы анёл” і конкурсу дзіцячай дэкаратыўна-прыкладной творчасці “Велікоднае яйка”. Штомесяц на працягу навучальнага года навучэнцы раённых устаноў адукацыі наведвалі экскурсіі, дзе знаёміліся з духоўнымі святынямі роднага краю. Летам дзеці адпачываюць у аздараўленчых лагерах праваслаўнага краязнаўства. У вілейскай гімназіі № 2 дзейнічае духоўна-асветніцкі цэнтр, які з’яўляецца раённым рэсурсным цэнтрам па духоўна-маральным выхаванні на аснове праваслаўных каштоўнасцей. Ва ўстановах адукацыі Клецкага раёна створана метадычнае аб’яднанне настаўнікаў і святароў, праводзяцца пасяджэнні, практычныя заняткі, экскурсіі для абмену вопытам і распаўсюджвання духоўнай практыкі. У школах Стаўбцоўскага раёна праводзіўся тыдзень праваслаўнай кнігі: былі арганізаваны выставы, конкурсы, інфармацыйныя і літаратурныя гадзіны, тэматычныя сустрэчы са святарамі. У рамках марафону ў канцэртнай зале “Верхні горад” у Мінску адбыўся канцэрт творчых калектываў гімназіі — каледжа мастацтваў Маладзечна. І гэта толькі некалькі прыкладаў.
Нядаўна ў Мінскім абласным ІРА былі падведзены вынікі фестывалю-марафону “Крылы анёла”. Працавала творчая група, у склад якой увайшлі прадстаўнікі Беларускай Праваслаўнай Царквы, МАІРА, БДУ, педагогі, журналісты. У выніку былі вызначаны раёны, якія прынялі найбольш актыўны ўдзел у мерапрыемствах. Яны былі прызнаны пераможцамі фестывалю-марафону. Так, першае месца раздзялілі Вілейскі і Маладзечанскі раёны, другое — Барысаўскі і Мінскі, трэцяе — Клецкі і Стаўбцоўскі раёны.
Падвядзенне вынікаў — гэта не канчатковая, а новая зыходная кропка. Фестываль працягнецца, і яго ўдзельнікі і надалей будуць імкнуцца праз мастацтва дасягнуць яднання народа, міру, спагады і міласэрнасці.
Фота аўтара.