Пад плёскат Прыпяці

- 11:54Адукацыйная прастора, Вышэйшая школа

Прафесіяналізм, інавацыі, творчасць — тры кіты, на якіх заснавана навучанне ў Мазырскім дзяржаўным педагагічным універсітэце імя І.П.Шамякіна. Тут амаль 80 гадоў рыхтуюць настаўнікаў Гомельшчыны. Хоць апошнім часам выпускнікі ўстановы ўсё больш і больш запатрабаваны ў розных кутках краіны.

— Сёлета колькасць заявак ад арганізацый — заказчыкаў кадраў перавысіла колькасць нашых размеркаваных выпускнікоў у 2,5 разу. Палову ўсіх педагогаў Гомельскай вобласці складаюць нашы выпускнікі, чым мы, безумоўна, ганарымся. Да таго ж попыт на нашых былых студэнтаў пастаянна расце, і зараз паступае ўсё больш і больш заявак з іншых рэгіёнаў, у тым ліку з Мінска і Мінскай вобласці. Запатрабаванасць і канкурэнтаздольнасць нашых выпускнікоў — гэта паказчыкі высокай якасці прафесійнай універсітэцкай падрыхтоўкі. А таму Мазырскі дзяржаўны педагагічны ўніверсітэт імя І.П.Шамякіна быў, ёсць і будзе кузняй педагагічных кадраў, — падкрэсліла адказны сакратар прыёмнай камісіі ўніверсітэта Ірына Кавалевіч.

5 факультэтаў = 26 спецыяльнасцей

МДПУ мае пяць факультэтаў: дашкольнай і пачатковай адукацыі, фізіка-інжынерны, тэхнолага-біялагічны, філалагічны і фізічнай культуры. Сёлета там запрашаюць абітурыентаў на 17 спецыяльнасцей дзённай формы і 9 спецыяльнасцей завочнай формы навучання. Лічбы прыёму фарміруюцца зыходзячы з рэальнай запатрабаванасці. Для гэтага праводзяцца штогадовыя маркетынгавыя даследаванні і рэгулярнае ўзаемадзеянне з арганізацыямі — заказчыкамі кадраў. Вывучаюцца і запыты абітурыентаў. У 2023 годзе плануецца разнастаіць напрамкі профільнай падрыхтоўкі адкрыццём новай спецыяльнасці: “Сацыяльна-педагагічная і псіхалагічная адукацыя” .

— Аднак трэба ўлічваць і той факт, што з наступнага года зменіцца класіфікатар спецыяльнасцей. І нашы традыцыйныя спецыяльнасці не толькі зменяць назвы, але і некаторыя кваліфікацыйныя характарыстыкі. Напрыклад, спецыяльнасць “Прафесійнае навучанне па напрамках” з кваліфікацыяй “педагог, інжынер” цяпер будзе называцца “Інжынерна-педагагічная дзейнасць” з кваліфікацыяй “інжынер, педагог”, а значыць, на першае месца выходзіць інжынерная накіраванасць. Спецыяльнасць “Замежныя мовы (з указаннем моў)” таксама зменіць назву на “Сучасныя замежныя мовы (з указаннем моў)” з кваліфікацыяй “лінгвіст, выкладчык” і перастане быць чыста педагагічнай спе­цыяльнасцю, — па­тлумачыла Ірына Алегаўна.

Сёлета колькасць заявак ад арганізацый — заказчыкаў кадраў перавысіла колькасць размеркаваных выпускнікоў МДПУ ў 2,5 разу.

Па яе словах, маніторынг вынікаў уступных кампаній апошніх гадоў паказаў, што найбольшай папулярнасцю карыстаюцца такія спецыяльнасці, як “Лагапедыя”, “Пачатковая адукацыя”, “Дашкольная адукацыя”, “Замежныя мовы (англійская, нямецкая)”, “Гісторыя і грамадазнаўчыя дысцыпліны”, “Фізічная культура”, “Спартыўна-педагагічная дзейнасць (трэнерская работа з указаннем віду спорту)”. На гэтыя спецыяльнасці конкурс, як правіла, вышэйшы і можа дасягаць трох чалавек на месца.

У гэтым годзе МДПУ імя І.П.Ша­мякіна гатовы пры­няць 565 навучэнцаў-бюджэтнікаў (405 на дзённую форму навучання і 160 — на завочную) і 129 чалавек на платную форму навучання.

— У нас зацверджана 35 месцаў для мэтавікаў. Найбольш запатрабаваныя спецыяльнасці для мэтавай падрыхтоўкі — “Лагапедыя”, “Пачатковая адукацыя” і “Фізічная культура”. Мы вельмі рады такім абітурыентам, бо яны падышлі свядома і да выбару ўніверсітэта, і да выбару спецыяльнасці, а таму ўжо накіраваны на прафесію, — дадала адказны сакратар.

Прыём дакументаў у Мазырскі педагагічны ўніверсітэт, як і ў іншыя УВА, будзе праходзіць з 18 па 24 ліпеня (на бюджэт) і з 18 ліпеня па 8 жніўня (на платныя месцы). Пры ўмове праходжання ўнутраных уступных іспытаў, якія адбудуцца з 25 ліпеня па 2 жніўня, усе абітурыенты, у тым ліку і тыя, хто плануе вучыцца на платнай аснове, падаюць дакументы ў прыёмную камісію да 24 ліпеня.

— Асобна хочацца ска­заць пра выпускнікоў профільных класаў педагагічнай і спартыўна-педагагічнай накіраванасці. Яны пада­юць дакументы ў сціснутыя тэрміны — з 18 па 20 ліпеня, паколькі ім давядзецца прайсці абавязковае субяседаванне не пазней чым за 2 дні да завяршэння прыёму дакументаў. Таксама звяртаю ўвагу абітурыентаў на афармленне медыцынскай даведкі, якая павінна быць зарэгістравана і ўтрымлі­ваць усю неабходную інфармацыю. Увогуле, раю абітурыентам падпісацца на наш Telegram-канал, дзе яны змогуць адсочваць ход уступнай кампаніі і атрымліваць усю неабходную інфармацыю, — сказала І.А.Кавалевіч.

На льготных умовах

Усё большая колькасць абітурыентаў набывае права пасту­паць ва ўстановы вышэйшай адукацыі на льготных умовах. Перш за ўсё гэта тычыцца тых, хто дасягнуў значных вынікаў у вучобе, творчасці, спорце — пераможцаў міжнародных і рэспубліканскай алімпіяд па вучэбных прадметах, пераможцаў міжнародных і рэспубліканскіх творчых конкурсаў, удзельнікаў і пераможцаў рэспубліканскіх спартыўных спаборніцтваў, лаўрэатаў спецыяльнага фонду Прэзідэнта Беларусі па сацыяльнай падтрымцы адораных навучэнцаў і студэнтаў або спецыяльнага фонду Прэзідэнта па падтрымцы таленавітай моладзі і інш. У гэтым выпадку ў прыёмную камісію прадастаўляецца адпаведны дакумент, які пацвярджае заслугі абітурыента.

На асобныя педагагічныя спецыяльнасці без экзаменаў могуць залічвацца пераможцы (дыпломы I, II, III ступені) трэцяга (абласнога, мінскага гарадскога) этапу рэспубліканскай алімпіяды па вучэбных прадметах, а таксама асобы, якія маюць атэстат аб агульнай сярэдняй адукацыі асаблівага ўзору з узнагароджаннем залатым або сярэбраным медалём ці маюць дыплом аб сярэдняй спецыяльнай адукацыі з адзнакай. Да ліку такіх спецыяльнасцей МДПУ адносяцца “Дашкольная адукацыя”, “Пачатковая адукацыя”, “Гісторыя і грамадазнаўчыя дысцыпліны”, “Матэматыка і інфарматыка”, “Абслуговая праца і выяўленчае мастацтва”, “Тэхнічная праца і прадпрымальніцтва”, “Біялогія (навукова-педагагічная дзей­насць)”, “Прафесійнае навучанне (будаўніцтва)”, “Прафесійнае навучанне (машынабудаванне)”.

Па выніках субяседавання залічваюцца абітурыенты, якія прайшлі навучанне ў профільных класах і групах педагагічнай або спартыўна-педагагічнай накіраванасці ўстаноў агульнай сярэдняй адукацыі, пры наяўнасці ў дакуменце аб адукацыі адзнак не ніжэй за 7 балаў па ўсіх вучэбных прадметах і не ніжэй за 8 балаў па вучэбных прадметах, якія адпавядаюць прадметам профільных іспытаў.

У пераліку спецыяльнасцей МДПУ ёсць і тыя, што запатрабаваны эканомікай краіны: “Абслуговая праца і выяўленчае мастацтва”, “Тэхнічная праца і прадпрымальніцтва”, “Прафесійнае навучанне (будаўніцтва)” і “Прафесійнае навучанне (машынабудаванне)”. Такім чынам, асобныя катэгорыі абітурыентаў могуць таксама паступіць на іх без уступных іспытаў або па-за конкурсам.

— Варта падкрэсліць, што ўсіх іншагародніх студэнтаў мы забяспечваем інтэрнатам на перыяд навучання ў нашым універсітэце, — акцэнтавала ўвагу Ірына Алегаўна.

У 2023 годзе плануецца адкрыццё новай спецыяльнасці: “Сацыяльна-педагагічная і псіхалагічная адукацыя”.

Траекторыя прафесійнага станаўлення

Мазырскі педагагічны ўніверсітэт стварае ўсе неабходныя ўмовы для асобаснага і прафесійнага развіцця студэнтаў. Неад’емнай часткай адукацыйнага працэсу з’яўляецца навуковая дзейнасць.

— На кожнай кафедры і факультэце функцыянуюць студэнцкія навукова-даследчыя гурткі і лабараторыі. На сённяшні дзень у нас 9 лабараторый і 18 гурткоў. У іх пачынаючы з першага курса пад кіраўніцтвам вопытных выкладчыкаў студэнты праводзяць навуковыя даследаванні, вынікі якіх прадстаўляюць на міжнародных і рэспубліканскіх конкурсах, напрыклад, Рэспубліканскім конкурсе студэнцкіх навуковых работ і “100 ідэй для Беларусі”, канферэнцыях, семінарах. Ва ўніверсітэце праводзіцца штогадовая міжнародная студэнцкая навукова-практычная канферэнцыя “Ад ідэі — да інавацыі”. Набытыя ў час навукова-даследчай работы навыкі і ўменні дапаўняюць комплекс кампетэнцый будучага спецыяліста і павышаюць яго канкурэнтаздольнасць на рынку працы, — расказала адказны сакратар МДПУ.

Акрамя таго, студэнты, якія атрымліваюць спецыяльнасці “Тэхнічная праца і прадпрымальніцтва”, “Абслуговая праца і выяўленчае мастацтва”, дадаткова авалодваюць працоўнымі прафесіямі токара 3-га разраду і швачкі 3-га разраду. А яшчэ з 3 курса навучэнцы могуць прайсці перападрыхтоўку на базе факультэта павышэння кваліфікацыі і перападрыхтоўкі кадраў і атрымаць дадатковую кваліфікацыю.

Асаблівая ўвага ўдзяляецца грамадзянска-патрыятычнаму і духоўна-маральнаму выхаванню студэнцкай моладзі пры цесным супрацоўніцтве з Беларускай Праваслаўнай Царквой і грамадскімі арганізацыямі і аб’яднаннямі (БРСМ, БСЖ). З 2018 года на базе філалагічнага факультэта функцыянуе Інавацыйна-метадычны цэнтр духоўна-маральнага і грамадзянска-патрыятычнага выхавання на аснове праваслаўных традыцый беларускага народа. У 2020 го­дзе студэнты падрыхтавалі гісторыка-біяграфічны праект “Дзеці вайны”, які быў прадстаўлены на фінальным этапе рэспубліканскага конкурсу “100 ідэй для Беларусі”, а таксама на конкурсе маладых міжнароднікаў СНД імя А.А.Грамыкі ў Маскве. У верасні гэтага года пры фінансавай падтрымцы Тураўскай епархіі плануецца выхад у свет кнігі ўспамінаў “Дзеці вайны”. На базе цэнтра таксама функцыянуе ваенна-гістарычны клуб “Доб­лесць” па гістарычнай рэканструкцыі падзей ВАВ.

— Мы ствараем усе ўмовы для раскрыцця творчых здольнасцей і талентаў нашых студэнтаў. Кожны можа праявіць сябе, ніхто не застанецца без увагі, бо мы бачым і заўважаем усіх. Такім чынам, нашы студэнты маюць усе магчымасці пабудаваць сваю траекторыю прафесійнага станаўлення. Галоўнае — мець жаданне і матывацыю! — рэзюмавала Ірына Кавалевіч.

Вольга АНТОНЕНКАВА.
Фота з архіва МДПУ імя І.П.Шамякіна.