Амаль 60 заявак паступіла ўжо ў МЗС Беларусі ад замежных СМІ на акрэдытацыю для асвятлення парламенцкіх выбараў. Аб гэтым паведаміў на брыфінгу начальнік упраўлення інфармацыі — прэс-сакратар МЗС Дзмітрый Мірончык.
“Па стане на сённяшні дзень намі атрымана 59 заявак на акрэдытацыю. Сярод іх прадстаўнікі такіх буйных СМІ, як расійскае інфармагенцтва ТАСС, кітайская тэлерадыёкампанія CCTV, катарская Аль-Джазіра, шэраг буйных еўрапейскіх СМІ”, — сказаў прэс-сакратар.
Акрамя таго, на пастаяннай аснове ў Беларусі акрэдытавана больш за 70 прадстаўнікоў замежных СМІ. “Мы зыходзім з таго, што яны таксама праявяць цікавасць да парламенцкіх выбараў”, — адзначыў Дзмітрый Мірончык.
Ён нагадаў, што ў МЗС заяўкі на акрэдытацыю журналістаў замежных СМІ на асвятленне выбараў у Палату прадстаўнікоў прымаюцца да 4 верасня. “Таму не выключаю і нават мяркую, што да гэтага часу колькасць журналістаў можа ўзрасці”, — дадаў прэс-сакратар.
Дзмітрый Мірончык у час брыфінгу таксама заявіў, што МЗС Беларусі аказвае неабходнае садзейнічанне рабоце выбаркамаў за мяжой. “Арганізацыя галасавання на замежных выбарчых участках ускладзена на выбарчыя камісіі, якія там створаны”, — адзначыў прэс-сакратар.
“Мы са свайго боку аказваем усё неабходнае і прадугледжанае заканадаўствам садзейнічанне ў рабоце выбарчых камісій і разлічваем, што галасаванне пройдзе ў поўнай адпаведнасці з нашым выбарчым заканадаўствам і ўсе грамадзяне Беларусі, якія за мяжой хацелі б аддаць свой голас на выбарах, атрымаюць такую магчымасць і паспяхова ёй скарыстаюцца”, — дадаў Дзмітрый Мірончык.