II з’езд вучоных Беларусі пройдзе 12—13 снежня ў Мінску, паведамілі ў прэс-службе Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі.
У з’ездзе прымуць удзел 2,1 тысячы дэлегатаў з усіх рэгіёнаў краіны. Чакаецца прыезд вядомых вучоных Саюзнай дзяржавы, СНД, вядучых замежных акадэмій навук, сусветных навукова-даследчых арганізацый і цэнтраў.
У першы дзень работы з’езда дэлегаты і запрошаныя будуць працаваць па дзевяці секцыях, прысвечаных асноўным напрамкам развіцця навукі і міжнароднаму супрацоўніцтву. Прадугледжана арганізацыя маладзёжнай секцыі. Работа секцый будзе праходзіць у арганізацыях НАН Беларусі, а таксама ў арганізацыях іншых міністэрстваў і ведамстваў. У час работы секцыі “Міжнароднае навуковае ўзаемадзеянне на сучасным этапе” адбудзецца пасяджэнне савета Міжнароднай асацыяцыі акадэмій навук (МААН) і пасяджэнне кансультатыўнага савета па пытаннях аховы інтэлектуальнай уласнасці і перадачы тэхналогій пры МААН.
Пленарнае пасяджэнне пройдзе 13 снежня. Ключавым дакументам, які будзе вынесены на II з’езд вучоных Беларусі, стане праект стратэгіі “Навука і тэхналогіі: 2018—2040”. Цяпер гэты праект праходзіць грамадскае абмеркаванне. У стратэгіі вызначаны прыярытэты доўгатэрміновага развіцця навукі і тэхналогій, а таксама комплекс інструментаў удасканалення навукова-тэхнічнай сферы, якія забяспечаць новую якасць эканамічнага росту Беларусі і выхад у перспектыве на сусветны ўзровень па шэрагу напрамкаў. Стратэгія распрацавана вучонымі НАН Беларусі з улікам заўваг і прапаноў, што паступілі ад органаў дзяржкіравання, рабочых груп і асобных вучоных. Плануецца, што дзякуючы рэалізацыі стратэгіі да 2040 года навукаёмістасць ВУП павінна скласці 3 працэнты, доля прарыўных навуковых даследаванняў і распрацовак — 30 працэнтаў у агульным аб’ёме, доля высокатэхналагічных сектараў у структуры эканомікі — 10 працэнтаў. У агульным аб’ёме вытворчасці прампрадпрыемстваў 25 працэнтаў будзе займаць інавацыйная прадукцыя.
Правядзенне з’езда стане падагульняючым мерапрыемствам Года навукі. На з’ездзе будуць вызначаны асноўныя і найбольш актуальныя задачы і напрамкі развіцця навуковай сферы, якія маюць доўгатэрміновы характар, у тым ліку пашырэнне міжнароднага навукова-тэхнічнага супрацоўніцтва і інтэграцыя айчыннай навукі ў сусветную навуковую прастору, выпрацаваны канцэпцыя доўгатэрміновай навукова-інавацыйнай бяспекі краіны і генеральная стратэгія развіцця і павышэння ролі айчыннай навукі ў эканоміцы, яе ўзаемадзеяння з рэальным сектарам, фарміравання эфектыўнай нацыянальнай інавацыйнай сістэмы і паступальнай рэалізацыі мадэлі эканомікі ведаў у Беларусі.