Падарожжа для юных ратавальнікаў

- 11:02Гродзеншчына

У чэрвені 2020 года на базе ясляў-сада № 3 Астраўца адкрыўся раённы рэсурсны цэнтр па фарміраванні асноў бяспекі жыццядзейнасці дашкольнікаў і малодшых школьнікаў “Тэрыторыя бяспекі”. Як расказала загадчыца ўстановы Ірына Віктараўна Пярко, гэта стала магчыма дзякуючы сумесным намаганням Астравецкага райвыканкама, аддзела адукацыі, РАНС і бацькоў. На адкрыццё цэнтра прыцягнута каля 80 тысяч беларускіх рублёў. Заняткі ў ім карыстаюцца попытам не толькі ў выхаванцаў сада, але і ў гасцей з іншых устаноў адукацыі, у тым ліку школ. Размешчаны рэсурсны цэнтр у трохпавярховым будынку сада і складаецца з 10 станцый.

Загадчыца ясляў-сада І.В.Пярко.

Яслі-сад № 3 Астраўца быў адкрыты ў 2017 го­дзе. Сёння ў яго залічаны 190 выхаванцаў, функцыянуе 10 груп. Важным паказчыкам якасці адукацыі ва ўстанове з’яўляецца выніковасць удзелу ў конкурсах, спаборніцтвах і турнірах па розных напрамках дзейнасці: з 2017 года атрымана 35 узнагарод, не ўлічваючы грамат і дыпломаў выхаванцаў. Яслі-сад з’яўляецца пераможцам раённага конкурсу на лепшую арганізацыю работы сярод уста­ноў дашкольнай адукацыі за 2019 і 2020 гады.

“Дашкольны ўзрост — найважнейшы перыяд, калі фарміруецца асоба і закладваюцца трывалыя асновы вопыту жыцця­дзейнасці, здаровага ладу жыцця, — падкрэсліла Ірына Віктараўна. — Задача педагогаў і бацькоў заключаецца не толькі ў тым, каб ахоўваць і абараняць дзіця, але і ў тым, каб падрыхтаваць яго да сустрэчы са складанымі, а часам і небяспечнымі жыццёвымі сітуацыямі. Дапамагчы сабе ў цяжкай сітуацыі можа толькі той, хто атрымае неабходныя веды аб існуючых небяспеках, навучыцца іх своечасова распазнаваць, абыходзіць, стрымліваць і памян­шаць. Заняткі ў рэсурсным цэнтры бяспекі дапамогуць дзецям авало­даць навыкамі правільных паво­дзін у сітуацыях, якія адбываюцца дома, на вуліцы, у транспарце і г.д. Навучанне пабудавана на прынцыпах забаўляльнай гульні-квеста “Падарожжа па станцыях” для юных ратавальнікаў”.

На першым паверсе размяшчаюцца тэматычныя экспазіцыі, забаўляльная зона для дзяцей, дзіцячае кафэ, вучэбна-трэніровачная база, тэлефонныя кабінкі для адпрацоўкі навыкаў выкліку службаў выратавання.

“На нашых стэндах можна ўбачыць выявы розных надзвычайных сітуацый, якія могуць адбыцца не толькі з дарослымі, але і з дзецьмі. З іх дапамогай мы адпрацоўваем веданне нумароў экстранных службаў, — адзначыла Ірына Віктараўна. — Наступная станцыя — для навучання і замацавання ведаў дзяцей аб правілах дарожнага руху, дарожных знаках і правілах бяспекі на дарозе. Святлафор рэгулюе ўсе дзеянні пешаходаў і аўтамабілістаў на дарозе. Але бываюць сітуацыі, калі святлафор па некаторых прычынах няспраўны, і тады яго функцыі выконвае рэгуліроўшчык. Мы знаёмім выхаванцаў з жэстамі рэгуліроў­шчыка”.

Яслі-сад № 3 Астраўца прымаў удзел у конкурсе дабрачынных праектаў інжынірынгавага дывізіёна, арганізатарам якіх з’яўляецца АТ “АСЭ”. Праект уста­новы “Вучэбна-трэніровачная пляцоўка дарожнага руху” на суму 3795 беларускіх рублёў быў падтрыманы, і педагогі аформілі пляцоўку па правілах дарожнага руху.

На другім паверсе разме­шчаны пакой задымлення, у якім штучна ствараецца экстрэмальная сітуацыя, і выхаванцы павінны знайсці выйсце з яе. На трэцім паверсе знаходзіцца медыцынскі блок, абсталяваны трэнажорам сардэчна-лёгачнай рэанімацыі, дзе больш старэйшыя дзеці разам з бацькамі адпрацоўваюць навыкі аказання першай дапамогі, а малодшыя дашкольнікі вывучаюць першаасновы медыцыны. На трэцім паверсе можна згуляць у інтэрактыўную гульню “Арыентаванне ў лесе”, якая размешчана на падлозе. У ёй дзеці знаёмяцца і адпрацоўваюць правілы паво­дзін у прыродзе: з прапанаваных сітуацый выбіраюць правільнае выйсце. Напрыклад, што рабіць, калі побач з’явілася пчала або трапілася незнаёмая ягада і г.д.

З дапамогай апаратна-праграмнага комплексу падчас спаборніцкай гульні дзеці асвойва­юць навыкі выкарыстання сродкаў пажаратушэння і адпаведную методыку. Музычная зала абсталявана ў выглядзе казачнага лесу з адпаведнымі макетамі (мурашніка, вулея) і ўзорамі-мадэлямі насякомых (клешч, павук, шэршань і інш.). Дзеці вывучаюць, як паводзіць сябе ў прыродзе. Педагогі прадэманстравалі інтэрактыўную гульню “Кідалкі”, якая ўключае 150 гульняў рознай тэматыкі. На “Музычнай станцыі” выхаванцы разам з казачнымі героямі ўдзельніча­юць у размінцы, падчас якой засвойваюць пэўныя правілы бяспечных паводзін. На станцыі “Займальны бізіборд” дзеці адпрацоўваюць навыкі карыстання бытавымі прыборамі, замкамі, разеткамі і г.д. У дзіцячым кафэ можна адпачыць, паглядзець мультфільмы, папіць чай, з’есці пірожнае.

На базе цэнтра праводзяцца не толькі квесты для дзяцей дашкольнага і малодшага школьнага ўзросту, але і аказваюцца паслугі на платнай аснове: арганізоўваюцца дні нараджэння, святы выхаднога дня, сямейныя квесты. Перавага такіх свят — у крэатыўным падыходзе, ва ўліку ўзроставых асаблівасцей дзяцей, а таксама пажаданняў бацькоў. Можна заказаць пірацкую вечарынку, свята з вясёлымі клоўнамі і г.д. У рамках конкурсу праектаў АСЭ ва ўстанову закуплены роставыя лялькі, якія таксама выкарыстоўваюцца ў адукацыйным працэсе і падчас свят.

Надзея ЦЕРАХАВА.
Фота Алега ІГНАТОВІЧА.