Падарыць дзецям радасць: педагогі з усёй краіны далучаюцца да дабрачынных акцый

- 17:30Новости

Рэспубліканская сацыяльная дабрачынная арганізацыя KinderVita праводзіць у краіне дабрачынную акцыю «Падары дзіцяці свята», накіраваную на дапамогу тым хлопчыкам і дзяўчынкам, якія хварэюць на анкалогію. Услед за Мінскай, Гродзенскай і Магілёўскай абласцямі ініцыятыву падтрымалі педагогі і навучэнцы гімназіі № 56 Гомеля імя А.А. Вішнеўскага, паведамляе карэспандэнт «Настаўніцкай газеты».

З-за цяжкіх захворванняў дзеці, якія праходзяць лячэнне ў Рэспубліканскім навукова-практычным цэнтры дзіцячай анкалогіі, гематалогіі і імуналогіі, не змогуць сустрэць навагоднія святы дома, разам з сям’ёй. Менавіта для таго, каб падарыць ім радасць, каманда валанцёраў аб’явіла акцыю па зборы падарункаў.

Дырэктар гімназіі № 56 Гомеля Аксана Капусціна прапанавала калегам, навучэнцам і іх бацькам далучыцца да гэтай ініцыятывы адразу, як даведалася пра яе на старонцы сацыяльнай арганізацыі ў Instagram.

— Таксама мяне вельмі кранула відэа, на якім дзеткі пасля балючых працэдур бяруць са «Скрыначкі адвагі» падарунак. Я бачыла, як цяжка яны пераносяць неабходныя лячэбныя маніпуляцыі, бачыла іх стомленыя ад хваробы вочы і бачыла, як пачынаюць усміхацца, калі пасля ўсяго гэтага выбіраюць за адвагу падарунак, — дадала суразмоўніца.

Прайсці міма чужой бяды, асабліва калі працуеш з дзецьмі, немагчыма. А. Капусціна пра гэта ведае не па чутках. На жаль, але ў адной з навучэнак гімназіі анкалогія.

— Нашай вучаніцы 4-га класа выдалілі шчытападобную залозу і лімфавузлы. Каб падтрымаць дзяўчынку, мы перадаём цацкі, а таксама рэчы для малявання — яна ім вельмі захапляецца. Ведаючы, колькі дарагіх лекаў трэба, аднакласнікі разам з бацькамі аказалі сям’і навучэнкі значную грашовую дапамогу. Сёння дзяўчынка ходзіць у гімназію і стараецца не прапускаць урокі. Мы з бацькамі вырашылі, што не будзем афармляць надомнае навучанне, ёй камфортней і лягчэй, калі знаходзіцца побач з равеснікамі. У студзені будзе працягваць лячэнне ад захворвання ў Мінску. Спадзяёмся і верым, што у новым годзе наша адважная дзяўчынка пераможа хваробу і вернецца дадому, — сказала дырэктар.

«Падары дзіцяці свята» — не адзіная акцыя, да якой актыўна далучыліся ўстановы адукацыі краіны. Педагогі і навучэнцы з многіх рэгіёнаў пастаянна прымаюць удзел у праекце «Скрыначка адвагі», а ў мінулым месяцы падтрымалі ідэю валанцёраў арганізаваць у анкацэнтры фотасесію. Бацькі хворых дзетак стараюцца здымаць іх як мага больш. Прафесійныя фотасесіі ў студыях сем’і, якія сутыкнуліся з цяжкай хваробай, не могуць сабе дазволіць. На працягу двух дзён для дзетак і іх бацькоў працавалі тры тэматычныя лакацыі і 12 фатографаў. У першы дзень фотасесія нагадвала сцэны з фільмаў, а ў другі фотазоны ператварыліся ў пляцоўку для піжамных вечарынак. Для гэтага дзецям раздалі кігурумі, а мамам і татам — халаты. У яркай вопратцы малыя з радасцю пазіравалі, усміхаліся, нягледзячы на тое, што большасць з іх прыходзіла фатаграфавацца з капельніцамі.

Яшчэ адзін маштабны праект, да якога далучыліся многія рэгіёны, — «Ліст Дзеду Марозу». Яго сацыяльна-дабрачынная арганізацыя рэалізуе ўжо даўно. Каб павіншаваць маленькіх дзяцей з Новым годам, валанцёры збіраюць падарункі з цацак, перададзеных дабрачынцамі і купленых за ахвяраванні. А старэйшыя дзеці пішуць лісты Дзеду Марозу. Сёлета іх паступіла ўжо 97. Самым кранальным стала пісьмо 15-гадовага Арсенія Бучы. Больш чым 2 гады падлетак змагаецца з саркомай Юінга. Амаль увесь гэты час правёў у РНПЦ дзіцячай анкалогіі, гематалогіі і імуналогіі. Прайшоў 14 блокаў хіміятэрапіі і 42 — прамянёвай. Сёлета вясной выйшаў у доўгачаканую рэмісію. Але хвароба хутка вярнулася, у хлопца рэцыдыў.

У сваім пісьме Арсеній не папрасіў нічога для сябе.

— Калі спытала пра ліст Дзеду Марозу, сын адказаў, што ў яго ўсё ёсць і што ён папросіць падгузнікі для сірот, — расказала мама падлетка. — Арсенія ўразіла маленькае дзіця, ад якога адмовіліся бацькі. Груднічок ляжаў у аддзяленні анкацэнтра. Усе дзеці былі з бацькамі, а за тым малым наглядалі нянечкі. Сын яшчэ ніколі не сутыкаўся так блізка з праблемай кінутых дзяцей, таму вельмі захацеў дапамагчы.

Такое шчырае жаданне вырашылі адразу ж ажыццявіць, не чакаць Новага года. У пачатку снежня ад імя Арсенія ў адну з устаноў Гродна перадалі 11 упаковак падгузнікаў.

Дарэчы, без навагодняга падарунка Дзед Мароз Арсенія таксама не пакінуў. Яго прыклад — лепшае пацвярджэнне таго, што нават адно добрае сэрца можа зрабіць свет лепшым.

Наталля САХНО
Фота аўтара, а таксама прадастаўлена Аксанай КАПУСЦІНАЙ