Падрыхтоўка да летніх Еўрапейскіх гульняў ідзе па графіку

- 9:50Інфармацыйная гадзіна

Беларусь знаходзіцца ў высокай ступені гатоўнасці да летніх Еўрапейскіх гульняў 2019 года. Аб гэтым расказаў першы намеснік кіраўніка Адміністрацыі Прэзідэнта Беларусі, першы віцэ-прэзідэнт Нацыянальнага алімпійскага камітэта Максім Рыжанкоў у час адкрытага дыялогу на тэму “Валанцёр — душа спорту” ў НАК Беларусі.

“Спартыўная інфраструктура да Еўрагульняў 2019 года ў нас практычна гатова. Кіраўніком дзяржавы прыняты ўсе неабходныя рашэнні па завяршэнні будаўніцтва або рэканструкцыі асобных аб’ектаў. Мы маем дастатковую колькасць гасцініц, вёска для пражывання атлетаў гатова. Засталося дапрацаваць пытанні па тэхнічным забеспячэнні спартыўных аб’ектаў, каб якасную тэлевізійную карцінку ўбачылі ва ўсім свеце, пытанні бяспекі. Можна сказаць, Беларусь знаходзіцца ў высокай ступені гатоўнасці да Еўрагульняў-2019”, — адзначыў Максім Рыжанкоў.

Ён таксама расказаў, што II Еўрапейскія гульні плануецца правесці па 15 відах спорту. Канчаткова праграма будзе зацверджана ў найбліжэйшы час. У маі бягучага года таксама плануецца інспекцыйны візіт камісіі Еўрапейскіх алімпійскіх камітэтаў па правядзенні Еўрагульняў-2019.

У Зале алімпійскай славы НАК прайшоў адкрыты дыялог на тэму “Валанцёр — душа спорту”, прымеркаваны да падрыхтоўкі беларускай валанцёрскай каманды для работы на II Еўрапейскіх гульнях 2019 года ў Беларусі.

У дыскусіі ўдзельнічалі больш за 100 чалавек. Сярод запрошаных да дыялогу ўплывовыя асобы — міністр адукацыі Ігар Карпенка, міністр спорту і турызму Аляксандр Шамко, першы сакратар ЦК БРСМ Андрэй Белякоў. Таксама ўдзельнічалі ў мерапрыемстве прадстаўнікі валанцёрскага руху БРСМ “Добрае сэрца” з усіх рэгіёнаў краіны, у тым ліку валанцёры, якія прымалі ўдзел у чэмпіянатах свету і Еўропы, што праходзілі ў Беларусі ў 2014—2016 гадах, зімовых Алімпійскіх гульнях у Сочы.