Падрыхтоўка да алімпіяды па беларускай мове: алмазная агранка талентаў у пачатковай школе

- 16:07Журнал "Народная асвета", Образование
М.У. Клімава, настаўнік пачатковых класаў вышэйшай кваліфікацыйнай катэгорыі Гарбавіцкай сярэдняй школы Чавускага раёна

Працу з адоранымі дзецьмі можна параўнаць з агранкай алмаза. Каб алмаз заззяў усімі сваімі гранямі, неабходна прыкласці намаганні, прымяніць веды, затраціць час. Тое ж самае можна сказаць і аб рабоце з вучнямі.

Дзеці хутчэй могуць разабрацца ў новых гаджэтах, чым мы, дарослыя. Тлумачыць ім нешта, здзіўляць адкрыццямі становіцца ўсё складаней і складаней. Часта бывае, што здзіўляюць менавіта яны. Таму важна ўжо ў пачатковай школе падтрымліваць цікавасць дзяцей да ведаў, выяўляючы адораных вучняў. Бо менавіта ў гэты перыяд можна ўбачыць і пачаць актыўна развіваць схільнасці, здольнасці, таленты. Адной з эфектыўных форм пазакласнай работы, якая спрыяе павышэнню цікавасці школьнікаў да ведаў, развіццю іх здольнасцей, з’яўляюцца алімпіяды.

Падрыхтоўка павінна весціся грунтоўна, паступова, не за тыдзень, не за месяц і нават не за год. Пачынаецца работа з выяўлення адораных і зацікаўленых вучняў. Такія дзеці маюць шэраг асаблівасцей: яны дапытлівыя, настойлівыя ў пошуку адказаў, часта задаюць глыбокія пытанні, схільныя да разважанняў, вылучаюцца добрай памяццю. Вызначыўшы адораных вучняў, важна зацікавіць іх прадметам, зрабіць яго вывучэнне займальным. Для гэтага ў змест кожнага ўрока неабходна ўключаць дыферэнцыраваныя заданні, дастаткова складаныя творчыя заданні, праблемныя пытанні.

Адначасова з выяўленнем вучняў, якія цікавяцца творчымі заданнямі, настаўнік стварае сітуацыю поспеху (кожны вучань мае партфоліа, дзе змяшчае свае творчыя работы). Нягледзячы на тое што асноўнай формай падрыхтоўкі вучняў да алімпіяды з’яўляецца індывідуальная работа, мэтазгодна выкарыстоўваць прыём «роўны навучае роўнага», які дазваляе забяспечыць узаемадапамогу і псіхалагічную падтрымку.

Паколькі ў алімпіядах шмат заданняў высокага ўзроўню складанасці, якія немагчыма разбіраць на ўроках, праца працягваецца на пазаўрочных занятках – гэта кансультацыі групавога і індывідуальнага характару, стымулюючыя і факультатыўныя заняткі, заняткі аб’яднання па інтарэсах.

Заняткі пачынаюцца з размінкі – нескладаных заданняў у выглядзе загадак, рэбусаў, крыжаванак і інш.

Заданне 1. Рашыце прыклады незвычайнай моўнай арыфметыкі. Падкрэсліце словы, у якіх колькасць літар і гукаў не супадае.

мак – к +р + а= ?

рэпка – э + ы – п + б = ?

сліва – ва + мак = ?

малаток – ток +дзед – д + ц =?

ліст + а + парк – рк + дом – ом =?

лак – к + суп – п + нага – га +к = ?

нара – ра + дзед – д + я = ?

(Мара, рыбка, слімак, маладзец, лістапад, ласунак, Надзея.)

Заданне 2. Закрэсліце склад, які паўтараецца, і прачытайце, як ходзіць кот. Запішыце гэта слова.

РУНЯРУЧУТРУНАРУ

(Нячутна.)

Заданне 3. Сярод літар знайдзіце слова. Што яно обазначае?

Скрвьпашпакчтст

(Шпак; птушка.)

Заданне 4. Змяняючы па адной літары, зрабіце з вады мора.

Вада – ва_а – __ ага – на__а – __ ара – мора

(Вада – вага – нага – нара – мара – мора.)

Заданне 5. Вы добра ведаеце беларускі алфавіт? Тады вы зможаце без цяжкасці расшыфраваць народнае выслоўе, запісанае лікамі.

26, 1, 13, 1, 3, 6, 12 2, 6, 9 17, 18, 1, 25, 28 27, 20, 16

17, 20,21, 27, 12, 1 2, 6, 9 12, 18, 28, 13, 1, 22

(Чалавек без працы што птушка без крылаў.)

Заданне 6. Размясціце склады ў такім парадку, каб атрымалася загадка. Запішыце слова-адгадку, абазначце ў ім колькасць гукаў і літар.

Ле, е, ля, гу, там, ад, мой, па,ва, чы, зі, е.

(Мядзведзь – 9 літар, 6 гукаў.)

Заданне 7. Адшукайце і запішыце імёны, якія «схаваліся» ў словах.

Жораў, салавей, верабей, налева, аўсянка, багата, пядзя.

(Жора, Ала, Вера, Ева, Янка, Агата, Ядзя.)

Заданне 8. Разгадайце загадку-анаграму. Пра якія словы ідзе гутарка?

 Часам кашу, часам суп

 Варыць мама з белых круп.

 Прачытай наадварот –

 Просіцца ў бутэрброд.

(Рыс – сыр.)

На этапах вывучэння і замацавання матэрыялу заданні паступова ўскладняюцца.

Заданне 1. Пастаўце націск у словах. З націскных складоў утварыце новыя словы.

1. Праца, лесвіца, казачны. 2. Саджанец, зіма, лётчык. 3. Крыга, нажнічкі, кава.

(Пралеска, самалёт, крынічка.)

Заданне 2. Знайдзіце заканамернасць і адгадайце прапушчаныя словы.

жыццё : шыццё = ? : сала

плод : плот = паз : ?

гром : хром = ? : прама

шаль : ? = хол : гол

(Зала, пас, брама, жаль.)

Заданне 3. Выпішыце словы, у якіх літар больш, чым гукаў.

Яблык, пісьмо, заданне, край, цягнік, станцыя, паэма, тэатр, пояс, сям’я, Вера, дзень, крылле, здароўе, вераб’і, раён.

(Пісьмо, заданне, дзень, крылле.)

Заданне 4. Растлумачце розніцу ў значэнні слоў «прыёмнік» і «прыёмшчык».

(Прыёмнік – апарат для прыёму сігналаў, мовы, музыкі; установа, якая прымае каго-небудзь для далейшага размеркавання; прыёмшчык – работнік, які займаецца прыёмкай чаго-небудзь.)

Заданне 5. З літар складзіце словы, а са слоў – сказ. Абазначце часціны мовы.

Іцезд, аз, мласе,ішзанйл, агнкмальеа, акжвыо.

(Дзеці (наз.) за (прыназ.) лесам (наз.) знайшлі (дзеясл.) маленькага (прым.) вожыка (наз.).)

Заданне 6. Да выдзеленых слоў падбярыце антонімы. Запішыце іх.

Глыбокая рэчка (мелкая), глыбокі адказ (павярхоўны), горкая вестка (радасная), горкі смак (салодкі), старая хата (новая), старая бяроза (маладая).

Заданне 7. Пра якое мнагазначнае слова гаворыцца ў вершы?

А вось мяне сягоння дзеці

Так рассмяшылі – не магу!

Чамусьці кажуць: можна есці.

І, лічаць, маю я вагу.

Але які я ім ласунак

Ды хто і як мяне падасць,

Калі я маю накірунак

І дрэвы па баках стаяць? (С. Шах)

(Гасцінец.)

Заданне 8. Успомніце беларускія прыказкі пра адносіны да працы і правільна злучыце сказы.

Цяжка таму жыць (хто ад працы бяжыць). Трэба рана ўстаць (каб хлеба прычакаць). Дзе шчырая праца – там густа, а дзе лянота (там пуста). Хто пчол не даглядае (той мёд не спажывае).

Заданне 9. Здагадайцеся, якіх слоў не хапае, і дапішыце верш.

З гушчару, бліжэй да сцежкі, выбягаюць …

І абапал пазіраюць, быццам грыбніка … (А. Зэкаў)

(Сыраежкі, чакаюць.)

Заданне 10. Колькі памылак дапусцілі героі верша Эдзі Агняцвет «Грамацеі»?

Саня – першы грамацей,

А за ім ідзе Мацей.

Саня піша:

«Роўна ў восім

На футбол з’евіцьца просім».

– Непісьменная аб’ява,

Класу нашаму – няслава!

Раззлаваўся грамацей.

Перапісвае Мацей:

«У нідзелю роўна ў восям

На футбол з’явіца просям».

– І куды вы ўсе глядзелі?

Не ў «нідзелю»,

А ў «недзелю», –

Хомка – трэці грамацей –

Напісаў яшчэ прасцей.

Цэлы стос паперы чыстай

Сапсавалі футбалісты…

(Дзевяць памылак.)

Заданне 11. У якім сказе няма арфаграфічных памылак?

А. Дзядуля аддаў яблык унучцы Ніні.

Б. Дзядуля адаў яблык унучцы Ніне.

В. Дзядуля адаў яблык унучцэ Ніне.

Г. Дядуля аддаў яблык унучцэ Ніне.

Д. Дзядуля аддаў яблык унучцы Ніне.

(Д.)

Фота з архіва носіць ілюстрацыйны характар

Заданне 12. Знайдзіце і выпраўце памылкі.

Сярожа чумакоў і васіль Пятроў хаділі у лес. Яны там злавілі Вужа. Вужа Хлопчыкі ўзялі у школу. Настауніца надея іванаўна сказала, што вужы карысныя. Яны ядуть мышэй.

(Сярожа Чумакоў і Васіль Пятроў хадзілі ў лес. Яны там злавілі вужа. Вужа хлопчыкі ўзялі ў школу. Настаўніца Надзея Іванаўна сказала, што вужы карысныя. Яны ядуць мышэй.)

Заданне 13. Знайдзіце памылкі і выпраўце іх. Да слова снег падбярыце роднасныя словы. Запішыце іх, вызначце корань.

Дзетвара радуюцца першаму снегу, кідаюцца сняжкамі. Купка дзяўчат ішлі па дарозе. З дрэў бязгучна падаюць лісце і кладуцца дываном на зямлю.

(Дзетвара радуецца першаму снегу, кідаецца сняжкамі. Купка дзяўчат ішла па дарозе. З дрэў бязгучна падае лісце і кладзецца дываном на зямлю. Снег – сняжынка, снягурка, сняжок. Корань – снеж.)

Заданне 14. Падзяліце тэкст на сказы. Запішыце іх так, каб атрымаўся тэкст.

Вавёрчын падарунак

Яна ўзабралася на маладую сасонку і з вялікай цікавасцю пазірала на мяне з гэтым вавёрчыным падарункам я пакрочыў дамоў аднойчы я пайшоў у лес на пушыстым хвасце рыжай вавёркі чырванеў барвовы асінавы лісток раптам лясную сцежку мне перабегла вавёрка шустрая вавёрка спуджана скокнула на высокую сасну я махнуў рукой чырвоны лісток з пушыстага хваста ўпаў на мой рукаў.

Заданне 15. Прачытайце верш М. Пазнякова «Хто, што або дзе і чым запраўляе?» Якое слова сустракаецца ў гэтым тэксце некалькі разоў? Колькі значэнняў яно мае? Прачытайце, як яно тлумачыцца ў слоўніку. Падбярыце прыклады з верша да кожнага тлумачэння.

Пад хусцінку для красы Таня запраўляе валасы.

Малайчына наш Сярожа – запраўляе сам ён ложак.

Мама суп мне налівае і смятанай запраўляе.

Ураджай каб быў вясной, каб расло ўсё як трэба,

Запраўляе тата мой угнаенні добра ў глебу.

На заправачнай «Масквіч» запраўляе Клім Фаміч.

Ганарыцца Каця працай на камвольным камбінаце,

Запраўляе там бабіны ў прадзільныя машыны.

Запраўляе ў клубе Міла – драмкружок яна стварыла.

 (Запраўляе.)

Заданне 16. Прачытайце тэкст. Па тлумачальным слоўніку даведайцеся значэнне слова «ростань». З дапамогай перакладнога слоўніка ўстанавіце значэнні незразумелых вам слоў. Адкажыце на пытанні словамі з тэксту, адказы запішыце. Падрэсліце арфаграмы і растлумачце іх. Вызначце род выдзеленых слоў.

На зорных ростанях

Восеньскім вечарам у лабірынце сузор’яў можна назіраць яркую кропку. Яна імкліва рухаецца па небе. Гэта спадарожнік. 3 яго дапамогай забяспечваецца сувязь на Зямлі. Касмічны спадарожнік перадае лічбавы сігнал. Гэта дазваляе нам глядзець тэлевізар і размаўляць па тэлефоне.

Пытанні. 1. Дзе восеньскім вечарам можна назіраць яркую кропку? 2. Як яна рухаецца па небе? 3. Што гэта? 4. Што забяспечваецца з яго дапамогай? 5. Што перадае касмічны спадарожнік? 6. Што мы робім дзякуючы яму?

Заданне 17. Прачытайце загаловак і канцоўку тэксту, паразважайце, якім быў пачатак казкі. Якога ўраджаю чакаў Мядзведзь? Чаму яму не хацелася працаваць? Хто і як растлумачыў яму, як дачакацца добрага ўраджаю? Паспрабуйце скласці сваю казачную ці рэальную гісторыю. Размалюйце малюнак так, як падказваюць умоўныя абазначэнні. Назву колеру, якога не хапае, складзіце з літар, выдзеленых у словах.

Мядзведзь-агароднік

…Хоць і не хацелася Мядзведзю, але ўсё-ткі ўзяўся за працу. Цэлы дзень асот і крапіву вырываў. Лапы абпёк, пакалоў, сам стаміўся.

Вечарам прыйшоў у хатку, паеў і лёг спаць. А ноччу яму прыснілася, што ў агародчыку на градках растуць, узнімаюцца морква, агуркі, бурачкі.

Мядзведзь спаў і ўсміхаўся, быццам салодкага мёду наеўшыся.

Умоўныя абазначэнні: ў – карычневы, і – сіні, дз – __, дж – жоўты, – зялёны.

Вялікая ўвага на занятках надаецца выкарыстанню дыдактычных гульняў, якія дапамагаюць фарміраваць цікавасць і павагу да беларускай мовы, развіваць інтэлектуальныя здольнасці, выхоўваць уменне ўзаемадзейнічаць.

Гульня «Які? Якая? Якое?». Падбярыце да назоўніка прыметнік і спалучыце іх у родзе і ліку.

Сок (які?) салодкі, кіслы. Хлеб (які?) мяккі, смачны.

Гульня «Слова заблудзілася». Вылучыце прадмет, які не ўваходзіць у сэнсавую групу.

Астра, ружа, бяроза, фіялка, настурцыя.

Гульня «Збегла апошняе слова». Падбярыце слова, якім можна закончыць сказ.

Па галінцы паўзе валасаты … (вусень).

Гульня «Перакладчыкі». Перакладзіце словы з рускай мовы на беларускую; параўнайце лексічныя і фанетычныя асаблівасці.

Полесье (Палессе), погода (надвор’е), судья (суддзя), сегодня (сёння), семья (сям’я).

Гульня «Пазлы». Злучыце ўстойлівыя выразы.

Вялікае значэнне пры падрыхтоўцы да алімпіяды мае самастойная праца, бо самымі трывалымі ведамі лічацца тыя, якія вучні здабылі ў выніку самастойнага творчага пошуку. Сэрвіс Web 2.0 LearningApps дазваляе ў рэжыме анлайн складаць і выкарыстоўваць інтэрактыўныя заданні, адсочваць узровень іх выканання. Для падрыхтоўкі да алімпіяды прымяняюцца модулі «Знайдзі пару» (заданні на суаднясенне беларускіх слоў і фразеалагізмаў з рускімі, малюнкаў з іх назвамі), «Увод тэксту» (прадугледжвае ўвод слоў, прапушчаных літар), «Класіфікацыя» (заданні на размеркаванне слоў на групы па колькасці складоў, па родах, ліках, часах і інш.)

Алімпіяды па беларускай мове – гэта сродак развіцця ў вучняў цікавасці да роднай мовы, ўзбагачэння, пашырэння і актывізацыі слоўнікавага запасу, а таксама раскрыцця іх здольнасцей.

Выкананне алімпіядных заданняў патрабуе ад дзяцей вялікіх намаганняў, цярпення, упартасці і фантазіі. І хай далёка не ўсе могуць справіцца са складанымі заданнямі цалкам, затое кожны набывае каштоўны вопыт самаразвіцця.

ЛІТАРАТУРА

1. Олимпиадные задания в начальных классах: готовимся и участвуем / сост.: О. В. Брись, Г. Ф. Гончарова. – 3-е изд. – Мозырь: Содействие, 2010. – 220 с.

2. Подготовка к олимпиаде по белорусскому языку [Электронный ресурс]. – Режим доступа: https://multiurok.ru/index.php/files/podgotovka-k-olimpiade-po-belorusskomu-iazyku.html. – Дата доступа: 20.08.2023.