Міністэрства адукацыі вырашыла стварыць Нацыянальную школу рэктараў для павышэння эфектыўнасці дзейнасці ўстаноў вышэйшай адукацыі. Для кіраўнікоў УВА прадугледжаны цыкл вучэбных семінараў, на якіх спікерамі і экспертамі выступяць кіраўнікі дзяржорганаў, вядучых арганізацый, прадстаўнікі заказчыкаў кадраў і бізнес-грамадскасці, паведамляе карэспандэнт “Настаўніцкай газеты”.

Першы семінар “Актуальныя задачы развіцця нацыянальнай вышэйшай школы на сучасным этапе” адбыўся на базе Белтэлерадыёкампаніі і Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта культуры і мастацтваў.
У час семінара разгледзелі асноўныя напрамкі дзяржаўнай палітыкі ў сферы вышэйшай адукацыі, у тым ліку канцэптуальныя задачы і напрамкі развіцця вышэйшай школы, забеспячэнне апераджальнай падрыхтоўкі кадраў, стратэгію кіравання УВА. Да таго ж абмеркавалі пытанні ўдасканалення ідэалагічнай і выхаваўчай работы ва ўніверсітэтах.

— Мы ўсе разумеем, што сёння ў рабоце з моладдзю ёсць шмат пытанняў і праблем, бо, напэўна, не заўсёды прапануем студэнцтву актуальныя і запатрабаваныя фарматы. Для таго каб гэта выправіць, паглядзець на рэалізацыю асноўных мерапрыемстваў пад іншым вуглом, мы і вырашылі правесці такую сустрэчу, — сказала намеснік міністра адукацыі Кацярына Пятруцкая.
Безумоўна, непасрэднымі ўдзельнікамі школы рэктараў сталі кіраўнікі ўсіх УВА краіны. Першая частка сумеснага калектыўнага абмеркавання прайшла ў студыі Белтэлерадыёкампаніі ў нестандартным фармаце дыскусійнага клуба.
— Тут сабралася кампетэнтная грамадскасць, якая разумее, дзе ў нас ёсць праблемы. Упэўнена, што ўсе яны ведаюць і шляхі іх вырашэння. Спадзяемся, гэта дазволіць зрабіць дзяржаўную маладзёжную палітыку больш эфектыўнай для таго, каб наша моладзь не заўтра, а ўжо сёння стала больш самастойнай, смелай, упэўненай і стойкай у імя нашай краіны, — падкрэсліла намеснік міністра.
У сваю чаргу старшыня Цэнтральнай выбарчай камісіі Беларусі Ігар Карпенка звярнуў увагу, што адукацыя павінна ісці ў нагу з часам:
— Мы з вамі яшчэ некалькі гадоў назад на адным з педсаветаў гаварылі пра тое, што пара адыходзіць ад навамодных ліберальных тэндэнцый у адукацыі і не ўспрымаць яе выключна як паслугу, якая прадастаўляецца дзяржавай пэўнаму чалавеку. Бо адукацыя ў першую чаргу павінна быць накіравана на духоўна-маральнае развіццё чалавека, на яго прафесійнае і асобаснае развіццё і не павінна ўспрымацца выключна як проста сістэма перадачы інфармацыі. У адваротным выпадку мы ніколі не дагонім існуючыя сучасныя тэндэнцыі перадачы інфармацыі.
І.В.Карпенка падкрэсліў, што для яго дзяржаўная маладзёжная палітыка — гэта найперш выхаванне тых людзей, студэнтаў, якія заўтра стануць лідарамі і кіраўнікамі:
— Яны за сабой і будуць весці свае калектывы і грамадства ў цэлым у стратэгічна правільных напрамках, якія дадуць нам магчымасць умацоўваць суверэнітэт, незалежнасць нашай дзяржавы, нацыянальную культуру і фарміраваць ідэнтычнасць, а таксама падтрымліваць важныя традыцыйныя духоўна-маральныя каштоўнасці, уласцівыя нашаму народу.
Урачыстая цырымонія адкрыцця першай сесіі НШР прайшла на базе БДУКМ. Вітаючы рэктарскі корпус краіны, міністр адукацыі Андрэй Іванец адзначыў, што настала неабходнасць выпрацоўкі стратэгічных напрамкаў развіцця вышэйшай школы для прыняцця вывераных і прадуманых кіраўнічых рашэнняў.

— Сістэма вышэйшай адукацыі павінна пастаянна развівацца. Гэта дыктуе нам час, бо сёння важна не толькі падрыхтаваць высокакваліфікаваныя і запатрабаваныя кадры ў эканоміцы нашай краіны, але і выхаваць грамадзяніна і патрыёта. Таму наша першая сесія працуе ў трох напрамках. Першы — “Дзяржаўная маладзёжная палітыка”, ключавое пытанне вышэйшай школы — падрыхтоўка прафесіянала-патрыёта. Другі — “Якасць адукацыі”, бо кадравы патэнцыял — гэта падмурак любога прадпрыемства і аснова эканамічнага дабрабыту краіны. І трэці напрамак — “Універсітэт — суб’ект інавацыйнай структуры нашай краіны”. Мы павінны разумець, што ўніверсітэт развіваецца не толькі як адукацыйны цэнтр, але і як навуковы, інавацыйны, дзе павінны рэалізоўвацца і камерцыялізавацца навуковыя распрацоўкі, а таксама маладзёжныя стартапы, — дадаў А.І.Іванец.

Вынікі работы першай Нацыянальнай школы рэктараў узмоцняць патэнцыял УВА, дадуць магчымасць павысіць якасць падрыхтоўкі спецыялістаў для забеспячэння тэхналагічнага суверэнітэту і кадравай бяспекі Беларусі.
— Асноўная задача вышэйшай школы нязменная — забеспячэнне якаснай падрыхтоўкі спецыялістаў у поўнай адпаведнасці з патрэбамі нацыянальнай эканомікі. Упэўнены, што праведзены сёння мазгавы штурм дазволіць знайсці кропкі росту, вызначыць лепшыя практыкі кіравання для маштабавання па ўсёй сістэме, — падагульніў міністр адукацыі.
Вольга АНТОНЕНКАВА
Фота Алега ІГНАТОВІЧА





