Падштурхнуць да роздуму, глыбокага і сур’ёзнага

- 12:24Педагагічная майстэрня

Знаходзіцца з навучэнцамі на адной прыступцы, праяўляць педагагічную кампетэнтнасць, цікава і даступна тлумачыць матэрыял і заўсёды хваліць таго, хто стараецца, — такія галоўныя педагагічныя прынцыпы вылучыла для сябе настаўніца гісторыі і грамадазнаўства сярэдняй школы № 1 Круглага Магілёўскай вобласці Наталля Міхайлаўна Самалазава.

Пасля заканчэння Комсеніцкай сярэдняй школы Круглянскага раёна Наталля Самалазава паступіла на гістарычны факультэт Магілёўскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя А.А.Куляшова на спецыяльнасць “Гісторыя. Сацыяльна-палітычныя дысцыпліны”. Пасля заканчэння вышэйшай установы малады педагог вярнулася на радзіму. Першыя два гады Наталля Міхайлаўна працавала ў Кручанскім дзіцячым садзе — сярэдняй школе, якую прадставіла падчас раённага конкурсу “Настаўнік года-2008”, дзе заняла 4 месца (у 2017 годзе яна ўжо стала пераможцай раённага конкурсу). Прафесіяналізм маладой настаўніцы падчас конкурсных выпрабаванняў ацаніў дырэктар сярэдняй школы № 1 Круглага Аляксандр Міхайлавіч Бялянкін і запрасіў на работу ў падначаленую яму ўстанову, дзе ўжо амаль 10 гадоў Наталля Міхайлаўна і працуе. На працягу апошніх трох гадоў педагог падрыхтавала 27 пераможцаў раённых алімпіяд па гісторыі і грамадазнаўстве, 3 уладальнікаў дыпломаў абласных прадметных алімпіяд і ўладальніка заахвочвальнага водзыву заключнага этапу Рэспубліканскай алімпіяды па грамадазнаўстве. Навучэнцы Наталлі Міхайлаўны паказваюць добрыя вынікі на алімпіядзе па фінансавай дасведчанасці, а яе выпускнікі пацвярджаюць веды пры паступленні ва ўніверсітэты, сярэдні бал пры здачы ЦТ па грамадазнаўстве і гісторыі Беларусі стабільна вышэй за 60. Ёсць сярод іх і ўладальнікі стабальнага сертыфіката.

Наталля Міхайлаўна разам са сваёй калегай — Наталляй Віктараўнай Сімаковай — займаецца краязнаўствам і па сумяшчальніцтве з’яўляецца кіраўніком школьнага гісторыка-краязнаўчага музея “Спадчына”. Педагог выступае на метадычных аб’яднаннях, навукова-практычных канферэнцыях, дае адкрытыя ўрокі для настаўнікаў школы і раёна. Наталля Міхайлаўна Самалазава закончыла Акадэмію кіравання пры Прэзідэнце Рэспублікі Беларусь па спецыяльнасці “Дзяржаўнае кіраванне і права”. З’яўлялася дэлегатам V Усебеларускага народнага сходу.

***

“Педагогу, які мае пэўны жыццёвы вопыт, добрыя веды па прадмеце, які ён выкладае, нескладана “задушыць” вучняў сваім аўтарытэтам. Але гэта не дасць станоўчага выніку: прадмет дзеці ведаць не будуць, і на іх павагу педагог можа не разлічваць, — гаворыць Наталля Міхайлаўна. — Для кожнага навучэнца важна, каб настаўнік бачыў у ім непаўторную асобу і быў аднолькава справядлівым да ўсіх у класе. Калі дзіця адчувае, што яго разумеюць і чуюць, то механізм зваротнай сувязі абавязкова спрацуе: яно пачуе і зразумее настаўніка.

Як падаць вучэбны матэрыял на ўзроўні дзяцей, каб ён стаў зразумелым кожнаму? Трэба ўлічваць, які клас перад намі, якія здольнасці і схільнасці ў вучняў. Навучэнцаў 5—6 класаў вабіць гульнявая дзейнасць, з імі я праводжу віктарыны, прапаную разгадваць крыжаванкі, удзельнічаць у конкурсах. Пры праверцы дамашняга задання па пэўнай тэме зацікаўліваю дзяцей з выкарыстаннем цікавых прыёмаў наступнай тэмай урока. Напрыклад, разам разгадваем крыжаванку, у якой зашыфравана слова, якое будзе мець адносіны да новай тэмы. Або прыношу “чорную скрыню” і навучэнцы мяркуюць, што ў ёй схавана. А таямніцай з’яўляецца адно з ключавых паняццяў да тэмы, якую буду тлумачыць. Пры замацаванні матэрыялу магу пагуляць з дзецьмі ў крыжыкі-нулікі ці ў марскі бой па гістарычных тэмах.

На ўроках у 7 класе ўжо радзей выкарыстоўваю элементы гульні. Старшакласнікі больш нацэлены на тое, каб матэрыял падаваўся строга, лагічна, паслядоўна і выстройваўся ў пэўную сістэму. Яны любяць складаць схемы, таму што гэта наглядна і лаканічна, кластары, логіка-сэнсавыя мадэлі. Працуюць з ментальнымі картамі, з дапамогай якіх можна ўціснуць у мінімальны аб’ём максімальную колькасць інфармацыі (прапаную пэўны шаблон, які мы запаўняем на працягу ўрока), каб на наступных занятках у дзіцяці быў гатовы канспект, на які ён можа абапірацца пры адказе. Пры неабходнасці даю інфармацыю блок-схемамі або ў выглядзе параўнальных табліц. Карыстаюся элементамі тэхналогіі развіцця крытычнага мыслення, таму што галоўная мая задача — навучыць дзіця думаць і ўспрымаць усё крытычна, а не на веру.

Сапраўдная скарбніца — здароўезберагальныя тэхналогіі. Замест класічных фізкультхвілінак на ўроку арганізоўваю рухальную актыўнасць навучэнцаў іншым чынам, напрыклад, аб’ядноўваю дзяцей у групы зменнага складу: спачатку яны працуюць у парах, затым аб’ядноўваюцца ў чацвёркі і г.д. Чаргую іх віды дзейнасці: дзеці пішуць, чытаюць, гуляюць, удзельнічаюць у дыскусіі”.

Прадмет “Гісторыя” адносіцца да цыкла вусных, і задача настаўніка гісторыі — навучыць дзяцей зразумела і правільна выказваць свае думкі, што дзеці ў апошні час не вельмі добра ўмеюць. Наталля Міхайлаўна заклікае вучняў: “Вучыць параграф на памяць не трэба. Ведаеце, паважаныя мае, у чым перавага разумнага чалавека? Не ў тым, што ён ведае ўсё, а ў тым, што ён ведае, дзе знайсці. Вы можаце не помніць усіх дат, паняццяў, але, калі вы будзеце ведаць, дзе ўзя ць інфармацыю і як прымяніць яе ў жыцці, гэта лепшы паказчык таго, што мае ўрокі вы наведваеце недарэмна”.

Пісьмовыя заданні Наталля Міхайлаўна практыкуе з 5 класа. З дапамогай самастойных і праверачных работ, практыкумаў ёй удаецца апытаць за ўрок усіх вучняў. У праверачныя работы яна ўключае не толькі заданні, у якіх вучням трэба зрабіць выбар паміж некалькімі варыянтамі адказаў, але і адкрытыя варыянты тэставых заданняў, калі дзеці павінны самастойна ўспомніць адказы, або заданні на суаднясенне. Прапаноўвае і заданні з ілюстрацыйным радам, напрыклад, па малюнку вызначыць гістарычнага дзеяча або гістарычную падзею і г.д.

“Важна правяраць веды дзяцей рознымі спосабамі, — працягвае Наталля Міхайлаўна. — Хтосьці лепш адказвае вусна, яму лягчэй выказваць свае думкі ўголас, а для кагосьці такі метад праблематычны, а ў пісьмовым выглядзе ён лепш прадэманструе веды. Практыкую і творчыя работы, таму што гэта стымулюе дзяцей да самастойнасці. Ёсць тэмы, якія садзейнічаюць творчаму падыходу да іх. Але часам вучні ідуць па шляху найменшага супраціўлення: навошта ламаць галаву і ісці ў бібліятэку, пералапачваць шмат кніг, калі можна інфармацыю ў гатовым выглядзе ўзяць у інтэрнэце. Але за паведамленне, якое вучань добрасумленна раздрукаваў з інтэрнэту, я стаўлю максімальна 8 балаў, і то ў выпадку, калі яно належным чынам прэзентавана. Каб атрымаць 10 балаў, вучні павінны як мінімум перапрацаваць тэкст, скласці паведамленне з выкарыстаннем некалькіх крыніц, прадставіць матэрыял у новым ракурсе, з уласнай ацэнкай, падрыхтаваць прэзентацыю, скласці крыжаванку і прыгожа абараніць работу перад класам.

Часам сапраўдная цікавасць да прадмета ў дзяцей узнікае толькі ў 9 класе, а да гэтага вучні проста адказна падыходзяць да яго вывучэння, старанна выконваюць дамашнія заданні, удзельнічаюць у творчых праектах. Мая задача — развіць матывацыю самых працаздольных і зацікаўленых, даць ім веды на больш высокім узроўні. Дасканалае веданне і разуменне гісторыі магчыма дзякуючы развітому лагічнаму мысленню, якое дазваляе спасцігаць складаныя прычынна-выніковыя сувязі. Лепшыя з лепшых, як правіла, становяцца ўдзельнікамі і пераможцамі алімпіяд. Часам да алімпіяднага руху па гісторыі і грамадазнаўстве далучаюцца дзеці, якія плануюць звязаць жыццё з гэтымі прадметамі, яны ім патрэбны для здачы цэнтралізаванага тэсціравання, што таксама з’яўляецца моцнай дадатковай матывацыяй да паглыбленай падрыхтоўкі”.

Па суботах Наталля Міхайлаўна праводзіць міжшкольны факультатыў, дзе працуе з вучнямі 10—11 класаў раёна, якія імкнуцца якасна падрыхтавацца да ЦТ. Акцэнт робіць на навыкі практычнага рашэння тэставых заданняў. Акрамя таго, у школе настаўніца праводзіць індывідуальныя заняткі на платнай аснове, у працэсе якіх стаўку робіць на тыя спосабы работы з дзецьмі, якія бліжэй ім і дазваляюць найлепшым чынам засвоіць прадмет.

***

Зараз вялікую актуальнасць набыло развіццё чытацкай дасведчанасці. На ўроках гісторыі і грамадазнаўства значную ўвагу Наталля Міхайлаўна ўдзяляе ўменню праца-ваць з тэкстам, знаходзіць у вялікім аб’ёме інфармацыі неабходнае зерне, выдзяляць самае важнае.

“Даводзіцца прызнаваць, што многія вучні развучыліся правільна чытаць гістарычныя тэксты, яны не заўсёды ўнікаюць у сутнасць напісанага, чытаюць бегла, — гаворыць настаўніца. — Магчыма, прычына — у так званым кліпавым мысленні сучасных дзяцей. У старшай школе па грамадазнаўстве практыкую такую форму работы, як эсэ, прапаную шмат тэм для вусных выказванняў па пытаннях, актуальных для моладзі і падлеткаў, што таксама прадугледжвае папярэднюю сур’ёзную работу з пісьмовымі крыніцамі.

Калі дзеці атрымліваюць свае творчыя пісьмовыя работы з адзнакамі, некаторыя з іх могуць пацікавіцца ў мяне, напрыклад: “Чаму я шмат напісаў, а мне невысокі бал паставілі? А сусед Лёша напісаў зусім мала, а ў яго “дзясятка”?” Даводзіцца тлумачыць: “Справа не ў аб’ёме, а ва ўменні выказаць думку. Вы можаце і тры аркушы напісаць фактычна ні пра што, а можаце ў некалькіх сказах адлюстраваць увесь сэнс тэмы, якую патрабавалася раскрыць”.

Аднойчы вучні шукалі адказ на пытанне “Што неабходна чалавеку для таго, каб павысіць свой сацыяльны статус?”. Папярэдне мы з імі разабралі гэтае паняцце. Меркаванняў выказвалася шмат, былі сярод іх і арыгінальныя: адзін вучань адзначыў, што для таго, каб шмат дасягнуць у жыцці, важна падабацца людзям, умець наладжваць з імі кантакт. Дзеці любяць разважаць на тэму грошай. Пытаюся ў іх: “А як бы людзі паводзілі сябе, калі б грошай у грамадстве не было?” І тут вучні ўзгадваюць пра тавараабмен (бартар). Далей праводжу на занятках гульню, калі дзеці спрабуюць набыць пэўны тавар у аднакласнікаў праз абмен. Урэшце, робіцца выснова, што бартар — недасканалы спосаб, а значыць, патрэбны грошы. Магу падкінуць і нечаканае пытанне для разважання: “Якія з цяперашніх традыцый вы адмялі б як перажытак мінулага, як тое, што страціла актуальнасць?”.

Са старшакласнікамі на грамадазнаўстве вывучаем галіны права, можам бясконца гаварыць на тэму злачынства і пакарання, спрачацца аб тым, ці патрэбна смяротнае пакаранне, разважаць, як суадносіцца з яго існаваннем канстытуцыйнае права чалавека на жыццё. Тут жа закранаем паняцце справядлівасці пакарання ўвогуле. Паступова падыходзім да рэлігійнай тэматыкі. Галоўнае — закінуць у душу дзяцей зерне, якое падштурхне да роздуму, глыбокага і сур’ёзнага. Для мяне важна не тое, ці супадае адказ дзіцяці з маім пунктам гледжання, а работа яго думкі, наколькі асэнсаваная і аргументаваная гэтая думка, якім быў яго шлях да сваёй праўды і спробы пераканаць у сваім поглядзе іншых. Разважаем з дзецьмі і пра дэмаграфічную праблему, пра эканоміку, пра сэнс жыцця”.

Выкладаючы тэму “Зносіны”, Наталля Міхайлаўна прапануе дзецям пагуляць у сапсаваны тэлефон. Для таго каб растлумачыць, як працуюць механізмы зносін, яна адпраўляе некалькі вучняў за дзверы. Аднаму з вучняў, які застаўся, нагаворвае нескладаны для ўспрымання тэкст (да 10 сказаў). Задача гэтага вучня пераказаць тэкст другому — таму, хто зойдзе ў клас наступным. Той у сваю чаргу перадае трэцяму. Так, з кожным вучнем частка інфармацыі страчваецца. Апошні, хто зайшоў, атрымлівае толькі нязначную колькасць першапачатковай інфармацыі. Такім чынам настаўніца спрабуе растлумачыць дзецям, як працавала сістэма перадачы інфармацыі (камунікацыя) у дапісьмовы перыяд. У якасці аналогіі прыводзіць прыклады з літаратуры. Скажам, казка “Золушка”, першакрыніца якой абрасла новымі варыянтамі. Дзецям жа Наталля Міхайлаўна даводзіць: “Вось чаму ў вас паміж сабой часам адбываюцца спрэчкі, з-за такога ж сапсаванага тэлефона”.

Настаўніца прызналася, што ёй складаней тлумачыць дзецям той перыяд гісторыі, які бліжэй да нашага часу. Старажытны свет мае шмат белых плям, а адносна таго, што бліжэй да нас і знаёма сучаснікам, могуць узнікаць спрэчкі, таму што шматлікія працэсы ацэньваюцца неадназначна. Перад настаўнікам — сур’ёзная задача: як расказаць аб іх так, каб нікога не пакрыўдзіць, каб інфармацыя ўспрымалася аб’ектыўна. Гэта тычыцца і рэлігійных пытанняў. У класе сядзяць дзеці, якія могуць быць прадстаўнікамі розных канфесій, і важна падаваць матэрыял так, каб усе былі ўпэўнены ў тым, што да іх рэлігійных поглядаў адносяцца паважліва. Майстэрства настаўніка гісторыі часам у тым, каб балансаваць на мяжы. “У вашых словах ёсць доля ісціны”, “Ёсць такое меркаванне”, — гаворыць настаўніца вучням, калі яны выказваюць процілеглыя пункты гледжання па пытаннях, якія абмяркоўваюцца на занятках. У 11 класе ёсць тэма “Асновы канстытуцыйнага ладу Рэспублікі Беларусь”. Старшакласнікі даведваюцца, што дэмакратыя — гэта шмат меркаванняў і ідэалогій. Наталля Міхайлаўна тлумачыць: “Паняцце дэмакратыі не азначае, што мы гаворым усё што хочам. Яно азначае, што мы гаворым, выслухоўваем пункт гледжання іншых людзей і гатовы несці адказнасць за свае словы”.

Выхаванне беларускасці — асобная, надзвычай важная тэма на ўроках гісторыі. Наталля Міхайлаўна Самалазава пачынае гаварыць аб патрыятызме не са слоў “Трэба любіць Беларусь!”, а з цікавых фактаў і прыкладаў: “Ці ведаеце вы, што выхадцамі з Беларусі былі вядомыя ў свеце людзі — першы Прэзідэнт Гавайскіх астравоў Мікалай Судзілоўскі, першы Прэзідэнт Ізраіля Хаім Вейцман, мастакі Марк Шагал і Хаім Суцін, адзін з заснавальнікаў галівудскай кінастудыі Metro-Goldwyn-Mayer Луіс Барт Маер і іншыя?”.

Надзея ЦЕРАХАВА.
Фота аўтара.