Падведзены вынікі гарадскога дыстанцыйнага конкурсу «Лепшы сайт установы адукацыі»

- 9:40Образование

Абсалютным пераможцам і ўладальнікам гран-пры конкурсу прызнаны сайт сярэдняй школы № 2 Мінска, паведамляе карэспандэнт «Настаўніцкай газеты».

Дыстанцыйныя спаборніцтвы праводзіліся Мінскім гарадскім інстытутам развіцця адукацыі з мэтай удасканалення інфармацыйнага сегмента адукацыйнай інтэрнэт-прасторы, павышэння іміджу і прэстыжу афіцыйных сайтаў устаноў адукацыі.

Сёлета ў конкурсе зарэгістравалася 300 удзельнікаў з Брэста, Гродна, Віцебска, Мінска, Магілёва, Гомеля, Полацка, Наваполацка, Дзяржынска, Смаргоні, Маларыты, Рагачова, Жодзіна, Светлагорска і іншых населеных пунктаў краіны.

Пад увагу журы браліся наступныя крытэрыі: кантэнт сайта (аб’ём, прыцягальнасць інфармацыі, накіраванасць на мэтавага карыстальніка, лагічнасць і дакладнасць выкладання матэрыялу), дызайн (зручнасць структуры і навігацыйных элементаў, якасць і функцыянальнасць), зваротная сувязь з мэтавай аўдыторыяй (формы зваротнай сувязі, рубрыкі, наведвальнасць, індэксаванне ў пошукавых сістэмах) і тэхнічныя магчымасці (адаптыўнасць, версія для слабавідушчых, пераклад сайта на іншыя мовы, анлайн-запіс).

У выніку лепшым сайтам органа ўпраўлення адукацыі прызнаны сайт упраўлення па адукацыі адміністрацыі Ленінскага раёна. Лепшымі сайтамі УВА сталі сайты Універсітэта грамадзянскай абароны Міністэрства па надзвычайных сітуацыях і Акадэміі кіравання пры Прэзідэнце Рэспублікі Беларусь. Сярод дашкольных устаноў адукацыі першынство раздзялілі сайты дзіцячых садоў № 2 і № 226 Мінска і дзіцячага сада № 85 Гродна. Дыпломамі І ступені адзначаны таксама сайты Мінскага дзяржаўнага палаца дзяцей і моладзі і Цэнтра дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі «Ранак» Мінска (у намінацыі «Лепшы сайт установы дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі»), сайт Мінскага дзяржаўнага каледжа кулінарыі (у намінацыі «Лепшы сайт установы прафесійна-тэхнічнай і сярэдняй спецыяльнай адукацыі»), Гродзенская спецыяльная школа-інтэрнат № 1 (у намінацыі «Лепшы сайт установы спецыяльнай адукацыі»). Лепшымі сайтамі ўстаноў агульнай сярэдняй адукацыі прызнаны сайты сярэдніх школ № 204 і № 51 Мінска.

Журы вызначыла і лепшыя адукацыйныя тэматычныя сайты. Дыпломаў І ступені ўдастоены сайты: «Метадычны ўсенавуч» Цэнтра дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі «Маяк» Мінска, «Беларуская рэспубліканская піянерская арганізацыя» ЦДАДіМ «Вікторыя» Мінска, «Маё падарожжа па Гродзеншчыне» Свіслацкай сярэдняй школы Гродзенскага раёна, «Тэхнапрарыў» Мінскага дзяржаўнага палаца дзяцей і моладзі і «Рэсурсны цэнтр «Музыка» гімназіі № 15 Мінска.

Наталля КАЛЯДЗІЧ