Беларусі патрэбны кардынальныя змяненні ў прамысловай палітыцы. Аб гэтым заявіў намеснік старшыні Палаты прадстаўнікоў Баляслаў Пірштук у ходзе Першага нямецка-беларускага форуму “Чацвёртая прамысловая рэвалюцыя (Industrie 4.0): лічбавая трансфармацыя эканомікі”.
“Мы падышлі да такога рубяжа, калі нам патрэбны кардынальныя, змяненні ў прамысловай палітыцы”, — адзначыў віцэ-спікер. Паводле яго слоў, Беларусь на працягу многіх гадоў дастаткова дынамічна развівалася, нягледзячы на знешнія фактары, з якімі даводзілася сутыкацца. Пры гэтым прамысловы складнік краіны, якая стала зборачнай вытворчасцю былога Савецкага Саюза, даволі спецыфічны. “У нашым ВУП па-ранейшаму доля прамысловасці самая важкая і значная”, — заўважыў Баляслаў Пірштук.
“У Беларусі адкрытая эканоміка Да 60 працэнтаў прадукцыі, якая выпускаецца, мы вымушаны прадаваць за межамі краіны, таму для нас вельмі важна ва ўмовах глабалізацыі быць у форме і падтрымліваць тэхнічны ўзровень”, — падкрэсліў намеснік старшыні Палаты прадстаўнікоў. На яго думку, у сувязі з гэтым беларускі бок вельмі зацікаўлены ў тым, каб лепшая эканоміка Еўропы — Германія — прадэманстравала ўласныя падыходы, узоры, якія неабходна браць на ўзбраенне. Пры гэтым у Беларусі ўжо ёсць нямала пазітыўных сумесных з Германіяй праектаў. “Мы мадэрнізуем асноўныя прадпрыемствы, узяўшы за арыенцір нямецкую якасць і нямецкія тэхналогіі, якія вызначае высокі ўзровень і канкурэнтаздольнасць”, — заўважыў Баляслаў Пірштук.
Намеснік старшыні Палаты прадстаўнікоў таксама звярнуў увагу, што прэзідэнтам Аляксандрам Лукашэнкам пастаўлена задача дыверсіфікаваць эканоміку. “Мы павінны да канца пяцігодкі выйсці ў ЕС з 30 працэнтамі ўласнага прадукту. Гэтага можна дасягнуць толькі дзякуючы сумеснай зладжанай рабоце і выхаду на прасторы Еўрасаюза”, — лічыць віцэ-спікер. Баляслаў Пірштук запэўніў, што парламентарыі прымаюць самы актыўны ўдзел у гэтай рабоце. “Не першы год ужо абмяркоўваецца канцэпцыя развіцця закона аб прамысловай палітыцы. Мы знаходзімся ў сітуацыі, калі неабходна кардынальна змяніць уласнае заканадаўства”, — перакананы ён. На думку парламентарыя, Міністэрству прамысловасці і іншым міністэрствам рэальнага сектара эканомікі на гэтым этапе трэба змяніць свае падыходы да работы. “Мы павінны мець строгую стратэгію, яснае бачанне сваіх перспектыў і акумуляваць намаганні на дасягненне максімальных вынікаў”, — сказаў на заканчэнне віцэ-спікер.