Падзяліцца, абмеркаваць і вырашыць

- 11:01Актуально, Апошнія запісы

25—26 кастрычніка ў Баранавіцкім дзяржаўным універсітэце праходзіў семінар рэктараў устаноў вышэйшай адукацыі “Аб удасканаленні сістэмы вышэйшай адукацыі ў Рэспубліцы Беларусь”. Падчас яго былі абмеркаваны асноўныя напрамкі развіцця вышэйшай адукацыі краіны ў 2019/2020 годзе, шляхі ўдасканалення навукова-метадычнага забеспячэння сістэмы вышэйшай адукацыі, актуальныя пытанні арганізацыі і правядзення цэнтралізаванага тэсціравання і іншае.

Баранавіцкі дзяржаўны ўніверсітэт ужо не першы раз становіцца пляцоўкай для правядзення падобных сустрэч. У кастрычніку 2014 года там жа адбылася пашыраная нарада рэспубліканскага савета рэктараў з удзелам намесніка прэм’ер-міністра. На ёй абмеркавалі і прынялі асноўныя напрамкі развіцця вышэйшай адукацыі ў краіне, якія знайшлі сваё адлюстраванне ў канцэптуальных падыходах да развіцця сістэмы адукацыі да 2020 года і на перспектыву да 2030 года. Яны былі адобраны рэспубліканскім педагагічным саветам.

“Актуальнасць нашага семінара відавочная, — адзначыў міністр адукацыі Ігар Карпенка. — Мы павінны яшчэ раз паглядзець на мадэль вышэйшай адукацыі ў звязцы з прафесійнай падрыхтоўкай кадраў на ўсіх узроўнях, каб выпрацаваць адзіныя падыходы”.

Ігар Васільевіч скіраваў сваю ўвагу на работу з моладдзю. Ён адзначыў, што ў студэнтаў, асабліва ў першакурснікаў, павінна быць магчымасць весці дыялог з рэктарамі сваіх універсітэтаў. Па яго словах, цяпер гэта зрабіць вельмі цяжка, бо адміністрацыя і самі рэктары сталі закрытымі. Ігар Карпенка прызнаўся, што міністэрства правяло эксперымент і па­тэлефанавала ў некалькі ўніверсітэтаў, каб запісацца на прыём да рэктара, аднак амаль нідзе гэта не атрымалася. “Студэнты павінны разумець, як і да каго яны могуць звяртацца па дапамогу. Калі яны не знаходзяць яе ў адмініс­трацыі ўніверсітэтаў, то ідуць у іншае месца”, — заўважыў міністр.

Установам вышэйшай адукацыі трэба больш праяўляць сябе ў інтэрнэце, асабліва ў сацыяльных сетках, лічыць Ігар Карпенка. “У апошні час сацыяльныя сеткі сталі інструментам навязвання псеўдаэкспертных меркаванняў, фарміравання суб’ектыўных ацэнак. Трэба больш актыўна працаваць на гэтай пляцоўцы і даваць аб’ектыўную інфармацыю пра тое, што адбываецца ў сістэме адукацыі і ў жыцці ўніверсітэтаў”. Сацыяльныя сеткі — добрая пляцоўка для ўзаемадзеяння са студэн­тамі, аднак неабходна пастаянна знаходзіць новыя падыходы і метады работы з моладдзю. Тут павінны падключыцца органы студэнцкага самакіравання, прафсаюзы і БРСМ. Ініцыятывы, якія будуць цікавыя маладым людзям, трэба падтрымліваць.

Адным з важных момантаў застаецца павышэнне канкурэнтаздольнасці беларускай вышэйшай адукацыі на сусветным рынку і стрымліванне адтоку моладзі за мяжу. “Кіраўнікі ўніверсітэтаў павінны арганізаваць планамерную работу па пашырэнні паслуг у галіне адукацыі, якія прадастаўляюцца для замежных грамадзян, — заўважыў І.В.Карпенка. — Гэта арганізацыя навучання на англійскай мове, у дыстанцыйнай форме, рэалізацыя сумесных адукацыйных праграм і праектаў, пашырэнне ўдзелу ў экспарце паслуг устаноў, якія ўвахо­дзяць у структуру ўніверсітэтаў, арганізацыя работы па аказанні паслуг замежным грама­дзянам у канікулярны перыяд”.

Не страчвае актуальнасці і пытанне прадастаўлення першага працоўнага месца. “З улікам вынікаў прыёму абітурыентаў у 2019 годзе неабходна яшчэ раз паглядзець на заказы і заяўкі работадаўцаў, кадравы патэнцыял кафедр і ўважліва падысці да фарміравання аб’ёмаў і структуры прыёму на наступны год. Па асобных запатрабаваных спецыяльнасцях, у першую чаргу тэхніка-тэхналагічнага профілю, трэба прапрацаваць і ўнесці ў міністэрства абгрунтаваныя прапановы па павелічэнні прыёму”, — адзначыў І.В.Карпенка.

Міністэрства адукацыі працуе над стварэннем Нацыянальнага агенцтва па забепячэнні якасці адукацыі. У частцы вышэйшай адукацыі будуць выкарыстаны еўрапейскія стандарты ацэнкі якасці. “Вядома, гэта не проста стварэнне структуры, — сказаў Ігар Карпенка. — Мы фактычна павінны сфарміраваць незалежнае экспертнае таварыства, якое не будзе прывязана да канкрэтнага ўніверсітэта і не будзе залежаць ад яго. Яно павінна пастаянна падсілкоўвацца новай інфармацыяй, удзельнічаць у акрэдытацыях у сумежных краінах і ведаць усе праблемы, што існуюць у канкрэтнай установе”.

Семінар працягнула першы намеснік міністра адукацыі Ірына Старавойтава, якая расказала пра асноўныя напрамкі развіцця вышэйшай адукацыі Беларусі ў 2019/2020 навучальным годзе.

“Сёлета мы перайшлі на навукова-арыентаваную магістарскую падрыхтоўку па ўзбуйненых спецыяльнасцях. Былі прааналізаваны ўсе вучэбныя планы і праграмы, усе дысцыпліны носяць цяпер інавацыйны характар. Але гэтага недастаткова. Вельмі шмат залежыць ад таго, хто прыйдзе да студэнта, як ён бу­дзе працаваць і якім чынам будзе рэалізоўвацца праграма, а тут павінен ужо быць унутраны ўніверсітэцкі кантроль”.

Таксама была завершана распрацоўка адукацыйных стандартаў магістратуры, дыферэнцыраваны тэрміны навучання ў залежнасці ад складанасці і накіраванасці зместу падрыхтоўкі, наяўнасці іншаземных грамадзян, аптымізаваны аўдыторныя нагрузкі магістрантаў і іншае.

Ірына Анатольеўна нагадала, што ў краіне рэалізоўваецца эксперыментальны праек­т “Універсітэт 3.0”, які разлічаны на пяць гадоў. Акрамя арганізацыйна-навуковых напрацовак, ва ўніверсітэтах ужо створана сетка інавацыйных падраздзяленняў: 6 навуковых тэхналагічных паркаў (БНТУ, БДУ, ВДТУ, ПДУ, ПалесДУ і ГрДУ імя Янкі Купалы), 12 цэнтраў міжнароднага навукова-тэхнічнага су­працоўніцтва, 25 галіновых лабараторый, 2 акрэдытаваныя цэнтры трансферу тэхналогій, 8 цэнтраў калектыўнага карыстання ўнікальным навуковым абсталяваннем, сумесны навукова-даследчы і адукацыйны цэнтр у сферы высокіх тэхналогій БДУІР і Усходне-Кітайскага навукова-даследчага інстытута камп’ютарных тэхналогій, інфармацыйна-маркетынгавы вузел Міністэрства адукацыі, які функцыянуе ў інтэрнэце.

Асаблівая ўвага ўдзялялася праблемам, некаторыя з якіх, па словах Ірыны Старавойтавай, носяць хранічны характар. Сярод іх — нізкае засваенне вынікаў даследаванняў, атрыманых у рамках выканання дзяржаўных праграм навуковых даследаванняў, слабы ў­дзел су­працоўнікаў устаноў вышэйшай адукацыі ў конкурсах на прысуджэнне грантаў Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь у навуцы (у мінулым годзе — 20 чалавек, у гэтым — 9), невялікая зацікаўленасць у вылучэнні работ на саісканне Дзяржаўнай прэміі Рэспублікі Беларусь (у гэтым годзе ў Міністэрства адукацыі ад універсітэтаў не паступіла работ), нізкая публікацыйная актыўнасць супрацоўнікаў, што аказвае ўплыў на рэйтынг універсітэтаў у свеце і экспарт адукацыйных паслуг.

У тым, што работа з моладдзю заўсёды бу­дзе адным з прыярытэтных напрамкаў дзейнасці сістэмы адукацыі, упэўнены начальнік галоўнага ўпраўлення выхаваўчай работы і маладзёжнай палітыкі Міністэрства адукацыі Эдуард Тамільчык. Першы акцэнт ён зрабіў на стварэнні спрыяльных і камфортных умоў для навучання студэнтаў і пражывання ў інтэрнатах. “Сёння ва ўстановах вышэйшай адукацыі краіны вучыцца каля 85 тысяч іншагародніх студэнтаў. Амаль 90% жывуць у інтэрнатах. Так, праводзіцца рамонт, інтэрнаты дадаткова аснашчаюцца мэбляй, абсталяваннем, інвентаром, право­дзіцца добраўпарадкаванне і азеляненне тэрыторыі, але дагэтуль не падпісаны пашпарты гатоўнасці чатырох інтэрнатаў у Мінску”.

Другім важным пунктам з’яўляецца арганізацыя інфармацыйнай работы з выкладчыкамі і студэнтамі. Ужо зараз для гэтага зроблена многае: штомесячныя куратарскія і інфармацыйныя гадзіны, тэлевізійныя цэнтры ва ўніверсітэтах, свой корпус студэнтаў-журналістаў, шырокая работа ў сацыяльных сетках. Аднак ёсць куды рухацца. Спачатку трэба большую ўвагу звярнуць на PR-суправаджэнне ўсіх знакавых мерапрыемстваў у сістэме адукацыі: запрашаць на іх тэле- і радыёкампаніі, дасылаць прэс-рэлізы, публікаваць матэрыялы ў са­цыяльных сетках і на сайтах, выкарыстоўваць афіцыйную атрыбутыку сістэмы адукацыі.

На семінары таксама ўзнімаліся пытанні арганізацыі і правядзення цэнтралізаванага тэсціравання, асаблівасцей аплаты працы педагагічных работнікаў з 1 студзеня 2020 года, удасканалення навукова-метадычнага забеспячэння сістэмы вышэйшай адукацыі.

Сустрэча рэктараў была карыснай не толькі для іх. Падчас семінара Ігар Карпенка правёў дыялог са студэнцкім актывам Баранавіцкага дзяржаўнага ўніверсітэта. Ён расказаў моладзі, у якім напрамку рухаецца сістэма адукацыі, на чым акцэнтуе ўвагу, а студэнты задалі яму пытанні, на якія даўно хацелі пачуць кампетэнтныя адказы. Яны тычыліся закона аб адтэрміноўцы ад ваеннай службы, магчымасці стварэння прадмета “Палавое выхаванне”, якасцей, якімі павінен валодаць добры выкладчык, спосабаў прыцягнення на ўрокі фізічнай культуры і здароўя студэнтаў, што былі ад іх вызвалены, і іншых тэм.

У канцы семінара быў выбраны новы старшыня рэспубліканскага савета рэктараў устаноў вышэйшай адукацыі. Гэтую пасаду заняў рэктар Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта інфарматыкі і радыёэлектронікі Вадзім Богуш.

Настасся ХРЫШЧАНОВІЧ.
Фота аўтара.