Паедуць у Кыргызстан ушанаваць героя

- 10:53Актуально, Рознае

Міністр адукацыі нашай краіны М.А.Жураўкоў правёў сустрэчу з Надзвычайным і Паўнамоцным Паслом Кыргызскай Рэспублікі ў Рэспубліцы Беларусь Кубанычбекам Амураліевым.

Міхаіл Анатольевіч Жураўкоў на пачатку сустрэчы заўважыў, што супрацоўніцтва паміж Кыргызстанам і Беларуссю мае адну агульную гісторыю, якая пачынаецца з савецкіх часоў. Да сённяшняга часу гэтыя сувязі паміж краінамі ні разу не перапыніліся, а, наадварот, набіраюць моц. Пры ўсім гэтым адносна іншых краін — нашых усходніх партнёраў — Кыргызская Рэспубліка пакуль недастаткова выкарыстоўвае магчымасці адукацыйнай галіны Беларусі для навучання сваёй моладзі. Таму хацелася б, каб і дыпламатычны корпус Кыргызстана паспрыяў развіццю зносін паміж краінамі больш імклівымі тэмпамі.

— Мы зацікаўлены ў больш цесным супрацоўніцтве паміж нашымі краінамі, у тым ліку ў адукацыі, культуры, навуцы, — заявіў М.А.Жураўкоў. — З нашага боку мы маем не толькі жаданне ўмацоўваць сувязі, але і ствараем усе ўмовы для таго, каб у нашых навучальных установах вучыліся кыргызскія студэнты.

Сёння ўзаемадзеянне ў галіне адукацыі паміж краінамі забяспечвае шэраг пагадненняў, у тым ліку аб паглыбленні інтэграцыі ў эканамічнай і гуманітарнай галінах, аб узаемным прызнанні і эквівалентнасці дакументаў аб адукацыі, вучоных ступенях і званнях, аб супрацоўніцтве ў галіне атэстацыі навуковых і навукова-педагагічных кадраў, аб супрацоўніцтве ў галіне адукацыі і навукі. У мэтах развіцця прамых кантактаў паміж установамі адукацыі дзвюх краін беларускімі ўніверсітэтамі заключаны пагадненні з шэрагам універсітэтаў Кыргызстана. У адпаведнасці з дамоўленасцю аб супрацоўніцтве БДУ з Бішкекскім гуманітарным універсітэтам імя К.Карасаева створаны Беларуска-Кыргызскі вучэбна-адукацыйны цэнтр навучання кыргызскіх і кітайскіх грамадзян рускай мове і падрыхтоўкі іх да атрымання адукацыі ва ўстановах вышэйшай і сярэдняй спецыяльнай адукацыі Рэспублікі Беларусь.

У мінулым навучальным годзе ва ўстановах адукацыі Беларусі вучылася 45 грамадзян Кыргызстана, з іх 37 атрымоўваюць вышэйшую адукацыю на платнай аснове. У новым навучальным годзе 1 грамадзянін Кыргызскай Рэспублікі будзе прыняты ў БНТУ для навучання па адукацыйнай праграме дактарантуры.

Міхаіл Анатольевіч Жураўкоў паведаміў паслу Кыргызстана, што ў беларускіх універсітэтах рыхтуюць па спецыяльнасцях самых розных профіляў. Па кожным з іх створана сучасная вучэбная база, змест навучання адпавядае патрабаванням заказчыкаў кадраў, адукацыя носіць практыка-арыентаваны характар. УВА Беларусі наладзілі цесныя кантакты з прадпрыемствамі і арганізацыямі, дзе студэнты могуць праходзіць практыку, на іх базе арганізаваны кафедры. Акрамя таго, пабудавана сучасная студэнцкая вёска з добрымі ўмовамі для быту і адпачынку студэнтаў.

Міністр адукацыі нашай краіны адзначыў, што цяпер у адукацыйнай галіне Беларусі вядзецца развіццё сістэмы двайных дыпломаў, навучанне для замежных студэнтаў арганізавана на англійскай мове.

— Як бачна, — заўважыў Міхаіл Анатольевіч, — у нашай краіне створаны ўсе ўмовы для якаснага навучання і паўнацэннага адпачынку студэнцкай моладзі, у тым ліку і з вашай краіны, якую мы чакаем да нас на вучобу.

Магчыма, было б дарэчы больш актыўна арганізоўваць прамыя кантакты паміж кантрэтнымі ўніверсітэтамі, стажыроўкі прафесарска-выкладчыцкага складу, абмен студэнтамі, рэалізоўваць сумесныя адукацыйныя і навуковыя праекты.

Міністр прапанаваў арганізаваць сустрэчу рэктараў ВНУ Кыргызстана для азнаямлення з вядучымі ўніверсітэтамі Беларусі. Міхаіл Анатольевіч прапанаваў таксама больш актыўна арганізоўваць абмен школьнікамі дзвюх краін. У НДЦ “Зубраня” для такога супрацоўніцтва створаны міжнародныя тэматычныя змены. Міністр адукацыі ўнёс прапанову правесці Дні беларускай адукацыі ў Кыргызстане з арганізацыяй круглых сталоў, навуковых семінараў, наведваннем навучальных устаноў, сустрэч з педагогамі.

Кубанычбек Амураліеў падтрымаў усе прапановы кіраўніка Міністэрства адукацыі нашай краіны і выказаў спадзяванне, што многія праекты будуць рэалізаваны ў самай бліжэйшай перспектыве. Дыпламат расказаў, што нядаўна сустракаўся з мінскімі школьнікамі, якія вучацца ў школе, размешчанай па вуліцы Джумаша Асаналіева, Героя Савецкага Саюза, удзельніка Вялікай Айчыннай вайны. Пасля гэтай сустрэчы ўзнікла ідэя арганізаваць паездку беларускіх дзяцей на радзіму героя.

— Безумоўна, такія сустрэчы яшчэ больш паўплываюць на наша супрацоўніцтва і ўмацуюць сувязі паміж нашымі краінамі, — падкрэсліў Кубанычбек Амураліеў.

Ала КЛЮЙКО.