У рубрыцы “80 гадоў разам” працягваем знаёміць з юбілеямі “Настаўніцкай газеты”. Сёння расказваем пра 1965 год — час развіцця, актыўнага будаўніцтва.
Галоўныя героі
Два дзесяцігоддзі мінула пасля Вялікай Айчыннай. Ваенныя раны паступова загойваюцца, краіна з аптымізмам глядзіць у будучыню. Хуткімі тэмпамі ўзводзіцца жыллё, заводы і фабрыкі павялічваюць аб’ёмы вытворчасці, пачалося асваенне космасу… Усё гэта адлюстроўваецца і на старонках “Настаўніцкай”. Так, першую паласу № 22 за 20 сакавіка ўпрыгожылі партрэты лётчыкаў-касманаўтаў Паўла Бяляева і Аляксея Лявонава. “Слава вам, героі! Чалавек упершыню выйшаў з карабля ў космас”, — чытаем уверсе вялізнымі літарамі.

І ўсё ж галоўнымі героямі нашага выдання заўсёды былі і застаюцца настаўнікі. Іх фотаздымкі на кожнай паласе. Пагартаем для прыкладу студзеньскія нумары 1965 года. Павел Падрэз з сенненскай сярэдняй школы № 2 праводзіць заняткі тэхнічнага гуртка (№ 6, 23 студзеня), настаўніца 3-й віцебскай школы Наталля Адынец падчас лабараторнай работы па хіміі (№ 7, 23 студзеня), настаўнік фізкультуры смаргонскай сярэдняй школы № 1 Аляксандр Размысловіч на лыжнай прагулцы са старшакласнікамі (№ 8, 30 студзеня)…

Тут і партрэты, і рэпартажныя здымкі з арыгінальнымі ракурсамі. Ёсць прыклады і рэдкага для сучаснай фотажурналістыкі жанру — эцюда. Адно фота, а як многа яно перадае: і настрой героя, і атмасферу, якая пануе навокал. Яркі прыклад — фотаэцюд “Цяжкая задача” І.Замыцкага на апошняй паласе № 8. Гартаючы падшыўку, міжволі падумаў: у журналістаў мінулых пакаленняў ёсць чаму павучыцца, ёсць што пераняць…
Школы-прыгажуні
1960-я гады — перыяд актыўнага ўзвядзення не толькі жылля (так званых хрушчовак і брэжневак), але і сацыяльных аб’ектаў, у першую чаргу дзіцячых садоў і школ. Практычна ў кожным нумары 1965 года ў рубрыцы “Добрыя навіны” знаходзім адпаведныя паведамленні.

Новабудоўлям прысвячаліся і асобныя матэрыялы. Так, у № 64 за 14 жніўня на першай паласе чытаем: “Сёлета ў сталіцы нашай рэспублікі ўзводзіцца восем новых школ. Адна з іх — на тэрыторыі мікрараёна Зялёны Луг… Будаўнікі трэста № 1 спяшаюцца. І гэта заканамерна. Яны далі слова здаць новую школу да пачатку заняткаў”. А на другой паласе № 67 за 25 жніўня пад фотаздымкам будынка подпіс: “У вёсцы Гурыны Мазырскага раёна заканчваецца будаўніцтва васьмігадовай школы”. Невялікі фотарэпартаж з нядаўна адкрытай Глухскай сярэдняй школы Быхаўскага раёна змешчаны ў № 27 за 7 красавіка.

Газета асвятляла не толькі будаўніцтва школ, але і юбілеі. Адной з іх (сярэдняй школе № 1 Магілёва) у 1965-м споўнілася 100 гадоў. Пра гэта яркі фотарэпартаж уверсе трэцяй паласы № 10 за 6 лютага.
Актуальныя рубрыкі
Важна не толькі здаць будынак школы ў эксплуатацыю, але і напоўніць вучэбныя кабінеты якасным абсталяваннем. Гэта цудоўна разумелі нашы калегі, таму ў 1965 годзе рэгулярна выходзіла рубрыка “Ідзе агляд школьнага абсталявання”. Пастаяннымі былі і “Прафсаюзнае жыццё”, “Наш звычайны сучаснік”, “Пісьмо ў рэдакцыю”, “Людзі і справы”, “Рыхтавацца да новага навучальнага”, “На тэмы педагагічнага такту”. На рубрыцы “У народных універсітэтах” спынімся падрабязней.
Праўду гавораць, усё новае — гэта добра забытае старое. Гісторыя папулярнага сёння праекта “Бацькоўскі ўніверсітэт”, як аказваецца, пачалася ў 60-я гады мінулага стагоддзя. У той час “Настаўніцкая газета” падрабязна расказвала пра работу школы з бацькамі. Прыводзіцца такі факт: у пачатку 1965 года ў рэспубліцы дзейнічала 646 бацькоўскіх універсітэтаў. Адзін з першых быў створаны ў сярэдняй школе № 3 Слуцка, і на момант выхаду матэрыялу пра яго (у № 8 за 30 студзеня) гэты народны ўніверсітэт скончыла 230 выпускнікоў — бацькоў, чые дзеці вучацца ў згаданай школе. Кожнаму выпускніку ўручана адпаведнае пасведчанне, і кожны з бацькоў потым старанна дапамагаў педагогам паляпшаць якасць навучання і выхавання сваіх сыноў і дачок.
Вось што пісаў Д.Лосеў: “Не зусім прыемная сустрэча была некалі ў дырэктара школы з Іосіфам Афанасьевічам Кунцэвічам. Педагогі і кіраўнікі класаў, дзе вучыліся тры сыны Кунцэвіча, часта скардзіліся, што рабяты неакуратна выконваюць дамашнія заданні, дрэнна паводзяць сябе ў школе і на вуліцы.
— На тое і школа існуе, каб вучыць і выхоўваць, — адрэзаў бацька, калі з ім павялі размову аб дзецях. — Мне няма часу займацца імі…”
Знаёмая сітуацыя, ці не праўда? Аўтар паведамляе, пасля таго як Іосіф Афанасьевіч і яго жонка пачалі наведваць бацькоўскі ўніверсітэт, школа хутка адчула іх уплыў на дзяцей. Яны сталі лепш вучыцца, прымаць актыўны ўдзел у рабоце гурткоў, пазашкольных мерапрыемствах.
Сіла слова
1965 год адметны не толькі сацыяльна-эканамічным развіццём краіны. Дзень Перамогі быў аб’яўлены выхадным днём і стаў шырока адзначацца на дзяржаўным узроўні. Ад гэтай падзеі не засталася ўбаку і “Настаўніцкая”. Адразу тры нумары (№ 35, № 36, № 37) за 6, 9 і 12 мая адпаведна былі цалкам прысвечаны 20-годдзю Вялікай Перамогі. Тут і афіцыйныя паведамленні, і даклад таварыша Леаніда Брэжнева на ўрачыстым сходзе з нагоды юбілею перамогі савецкага народа ў Вялікай Айчыннай вайне, і гістарычныя матэрыялы, і артыкулы настаўнікаў.

У тым жа годзе № 95 за 1 снежня на першай паласе ўпрыгожыла лічба 20. Так нашы калегі паведамілі чытачам, што вядучае педагагічнае выданне рэспублікі адзначае свой другі юбілей. І тут жа ў артыкуле “Сіла друкаванага слова” чытаем: “Для гісторыі 20 год, магчыма, невялікі прамежак часу. Для газеты ж, якая з першых крокаў свайго існавання стала блізкім сябрам і дарадчыкам шматтысячнай арміі байцоў педагагічнага фронту, 20 год — гэта няспынны рост, пастаяннае імкненне да творчай сталасці, да ўмацавання сувязі з шырокім колам чытачоў.
Газета для настаўнікаў і аб настаўніках… Варта пагартаць яе старонкі, каб пераканацца, які цяпер у нас зацікаўлены, спагадлівы і патрабавальны чытач…”
Мінула 60 гадоў, а гэтыя словы па-ранейшаму актуальныя.
Ігар ГРЭЧКА
На прыкладзе земляка
Будынак Страдзецкай сярэдняй школы Брэсцкага раёна, узведзены 60 гадоў назад, быў капітальна адрамантаваны ў 2005-м. Але гісторыя ўстановы пачалася яшчэ ў ХІХ стагоддзі.
У 1885 годзе ў Страдзечы адкрылася народнае вучылішча, але з-за недахопу педкадраў і беднасці мясцовых жыхароў яго станаўленне адбывалася даволі марудна. У 1901 годзе тут атрымлівалі веды 76 дзяцей.
Пры панскай Польшчы ў вёсцы дзейнічала жаночая царкоўна-прыходская школа з шасцігадовым тэрмінам навучання, дзе прадметы выкладаліся толькі па-польску. У 1941 годзе ў Страдзечы адкрылася сямігодка, работа якой аднавілася ў 1944-м.
З цягам часу школа стала сярэдняй, а ў 1965-м пераехала ў новы будынак. Дзякуючы капітальнаму рамонту, праведзенаму праз 40 гадоў, установа не толькі набыла сучасны выгляд, але і атрымала сталовую, аснашчаную найноўшым абсталяваннем.

У тым жа годзе рашэннем Брэсцкага аблвыканкама школе было прысвоена імя земляка — доктара эканамічных навук, прафесара, члена-карэспандэнта НАН Беларусі, заслужанага эканаміста краіны Мікалая Зайца (1943—2004).
Пра яго жыццёвы і прафесійны шлях расказваюць тэматычныя стэнды. Мікалай Емяльянавіч — выпускнік Маладзечанскага кааператыўнага тэхнікума і Беларускага дзяржаўнага інстытута народнай гаспадаркі, дзе працаваў з 1978 года прарэктарам па вучэбнай і навуковай рабоце, загадчыкам кафедры фінансаў. Акрамя таго, ён з’яўляўся членам прэзідыума ВАК Беларусі, савета Беларускага рэспубліканскага фонду фундаментальных даследаванняў, навукова-кансультацыйнага савета па пытаннях грашова-крэдытнай палітыкі пры старшыні праўлення Нацыянальнага банка Беларусі, навукова-экспертнага савета пры Старшыні Савета Рэспублікі…
Выпускнік Страдзецкай школы — аўтар звыш 130 навуковых прац, у тым ліку трох манаграфій і 12 падручнікаў, у галіне фінансава-крэдытнай і падатковай палітыкі, валютна-фінансавага і бюджэтнага рэгулявання і цэнаўтварэння, эканомікі і фінансаў аграпрамысловага комплексу. Узначальваў навуковыя калектывы па распрацоўцы праектаў Падатковага кодэкса і канцэпцыі фарміравання бюджэту, удзельнічаў у распрацоўцы праграмы фінансавага аздараўлення айчыннай эканомікі, каардынаваў дзяржаўную праграму “Нацыянальная эканоміка і стратэгія развіцця”, стаяў ля вытокаў навукова-практычнага часопіса “Фінансы, улік, аўдыт”. У 1998 годзе Мікалаю Емяльянавічу прысвоена званне заслужанага эканаміста Беларусі, а ў 2000-м прысуджана Дзяржаўная прэмія ў галіне навукі і тэхнікі.
Пра знакамітага земляка нагадвае мемарыяльная дошка на ўваходзе. На прыкладзе Мікалая Зайца школьнікі вучацца быць стараннымі, любіць Радзіму і стваральнай працай прымнажаць яе поспехі.
Сяргей ГРЫШКЕВІЧ
У рэчышчы інавацый
Школа-прыгажуня пабудавана на праспекце Міра ў Магілёве — пра гэта паведамляў фотаздымак на першай паласе “Настаўніцкай газеты”. У эксплуатацыю тады ўводзілася сярэдняя школа № 21.
Гэта стала важнай падзеяй для мясцовых жыхароў. Тады толькі ўзвялі чарговы гарадскі мікрараён, ва ўстанове адукацыі была вялікая патрэба.

— Школу чакалі і педагогі, і дзеці, і бацькі. Талакой аказвалі дапамогу будаўнікам, прыбіралі і рыхтавалі кабінеты да заняткаў. Сумесна з радасцю расчынялі дзверы на ўрачыстай лінейцы, — расказала, гартаючы старонкі школьнага летапісу, дырэктар Юлія Пятакова.

У альбоме адлюстравана ўся гісторыя ўстановы адукацыі. Яна багатая на дасягненні. Кожны навучальны год адметны поспехамі.
— З самага пачатку былі закладзены пэўныя традыцыі. Як раней, для педагогаў галоўнае — асоба навучэнцаў. Разгледзець здольнасці і ўсебакова раскрыць патэнцыял вучняў — вось чым кіруюцца ў рабоце нашы настаўнікі. Гэтае крэда дазволіла стварыць ва ўстанове непаўторную атмасферу душэўнасці, прыняцця і цеплыні, што цудоўна матывуе на здзяйсненні, — патлумачыла Юлія Валер’еўна.
Сёння сярэдняя школа № 21 Магілёва — гэта месца пошуку і магчымасцей. Адукацыйны працэс для 1470 дзяцей арганізуецца сіламі 105 высокакваліфікаваных настаўнікаў. Педагогі штогод становяцца пераможцамі разнайстайных конкурсаў прафесійнага майстэрства, многія з іх узнагароджаны граматамі Міністэрства адукацыі, удастоены спецыяльнай прэміі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь. Гонар установы — лаўрэат конкурсу “Настаўнік года”, уладальніца прыза “Крыштальны журавель”, настаўніца пачатковых класаў Ірына Валуева.
— 14 прадстаўнікоў калектыву — выпускнікі школы. Склаліся ў нас і дынастыі. Настаўніцтва ў спадчыну перадаецца ў сем’ях Манкевіч, Апідовіч, Байчук-Кісялёвых, Архіпавых, Цецеруковых-Буян, Цельпухоўскіх, Цярэшчанка, Галянковых-Малочка.
Усе педагогі працуюць у рэжыме развіцця, бесперапынна знаходзяцца ў руху да павышэння якасці адукацыі. Дзякуючы гэтаму школа функцыянуе ў рэчышчы інавацый. Мы аднымі з першых у краіне пачалі выкарыстоўваць на ўроках метад праектных задач, перадавыя тэхналогіі развіццёвага навучання, гукавога арыенціра, мнагамернага чытання, — заўважыла Юлія Пятакова.

Усяго ў школе было рэалізавана пяць інавацыйных праектаў, апрабаваны чатыры эксперыментальныя пляцоўкі. Шэраг распрацовак выбітныя. Так, намеснік дырэктара Аксана Суворава разам з настаўнікамі пачатковых класаў склала краязнаўчае выданне “Азбука Магілёва”, якое атрымліваюць у падарунак першакласнікі горада. Пад куратарствам намесніка дырэктара Таццяны Райкінай былі вызначаны эфектыўныя метадычныя формы павышэння прафесійнай кампетэнтнасці педагогаў.
Інавацыі ў сярэдняй школе № 21 ажыццяўляюць бесперапынна. Зараз тут укараняюць мадэль фарміравання гатоўнасці педагога да кіраўніцкай дзейнасці, вывучаюць спосабы прымянення штучнага інтэлекту ў адукацыі, развіваюць дапрофільнае і профільнае навучанне.
— На другой ступені адукацыі арганізавана дапрофільная падрыхтоўка вучняў. На трэцяй дзейнічае профільнае навучанне. Дзеці могуць на павышаным узроўні вывучаць грамадазнаўства, хімію, біялогію, замежную мову, фізіку, матэматыку, гісторыю Беларусі. Акрамя гэтага, працуюць прафесійныя групы інжынернай і медыцынскай накіраванасці. Сёлета плануем адкрыць мытны клас. Праз такія падыходы вылучаем для вучняў індывідуальныя адукацыйныя траекторыі, рыхтуем іх да правільнага прафесійнага выбару, — паведаміла Юлія Валер’еўна.
Для гарманічнага развіцця дзяцей працуюць разнастайныя гурткі і секцыі. Фарміраванню ў вучняў грамадзянскасці і патрыятызму спрыяюць тэматычны музейны куток, ваенна-патрыятычныя класы, далучанасць да гарадскога ваенна-патрыятычнага клуба “Вышыня”.
— Выгадаваць дзяцей сапраўднымі патрыётамі — гэта бачым адной з ключавых задач. Актыўна прыцягваем навучэнцаў да адпаведных ініцыятыў. Нашы хлопцы і дзяўчаты выдатна праяўляюць сябе на нясенні гарадской Вахты Памяці. Ужо двойчы станавіліся ўдзельнікамі беларуска-расійскага праекта “Цягнік Памяці”, — адзначыла дырэктар.
Варта адзначыць, што школа дала пуцёўку ў жыццё тысячам выпускнікоў. Сярод іх — навукоўцы, спартсмены, артысты, інжынеры, архітэктары, музыканты.
Тут вучыліся алімпійская чэмпіёнка заслужаны майстар спорту СССР па гімнастыцы Святлана Баітава і заслужаная артыстка Рэспублікі Беларусь Ірына Дарафеева.
– Цяперашнія навучэнцы не адстаюць ад папярэднікаў, рэгулярна праяўляюць таленты. Летась вучні былі ўзнагароджаны 70 дыпломамі абласных, рэспубліканскіх, міжнародных творчых конкурсаў. За апошнія два гады яны ўзялі 106 дыпломаў на другім, 42 — на трэцім і 10 — на заключным этапе рэспубліканскай алімпіяды па вучэбных прадметах. Шэраг перамог ёсць і ў спорце, даследчых конкурсах. 29 сёлеташніх выпускнікоў атрымалі пасведчанні аб агульнай базавай адукацыі з адзнакай, чацвярым былі ўручаны атэстаты асаблівага ўзору і залатыя медалі. Больш за 90% выпускнікоў стабільна становяцца студэнтамі ўніверсітэтаў.

Высокія вынікі ў вучобе — заслуга настаўнікаў. У літаральным сэнсе сэрца аддаюць дзецям Наталля Марозава, Юлія Васіна, Кацярына Півунова, Ірына Рыбакова, Святлана Панцялей, Ірына Талстых, Марына Чэрнікава, Галіна Страха, Ірына Адзіянава, Алена Крупская, Ірына Валуева, Святлана Апідовіч, Наталля Разанава, Святлана Рэянтовіч і інш. Для многіх педагогаў сцены школы сталі роднымі, бо з імі звязана ўся іх працоўная біяграфія, — расказала Юлія Пятакова.
Шматгадовая плённая праца настаўнікаў даўно вывела сярэднюю школу № 21 у лік лепшых у горадзе. На добрым рахунку ўстанова адукацыі і на прасторах краіны.
— Наша школа — гэта асаблівы свет, другі дом для дзяцей. Тут яны не проста вучацца, а цікава жывуць, сталеюць, — падкрэсліла Юлія Валер’еўна. — У такім вектары працуем і далей. Ёсць шмат планаў. Але асноўная мэта не мяняецца: адзінай педагагічнай грамадскасцю будзем працягваць даваць вучням якасную адукацыю, выхоўваць іх годнымі грамадзянамі і людзьмі.
Ганна СІНЬКЕВІЧ
Фота прадастаўлены ўстановай адукацыі





