Пагранічнікі больш не будуць штампаваць пашпарты

- 11:24Інфармацыйная гадзіна

Еўракамісія прапанавала перавесці кантроль пашпартоў на граніцах ЕС у рэжым самаабслугоўвання з заменай пагранічнікаў на электронныя тэрміналы. З такой ініцыятывай выступіў еўракамісар па пытаннях міграцыі, унутраных справах і грамадзянстве Дзімітрыс Аўрамопулас, прадстаўляючы Еўракамісіі пакет прапаноў па паляпшэнні візавага кантролю.

“Пагранічнікі больш не будуць штампаваць пашпарты. Замест гэтага з’явяцца электронныя тэрміналы, што дасць магчымасць значна зменшыць колькасць чыноўнікаў і скараціць чэргі”, — адзначыў ён.

Еўракамісар прадставіў прапанову Еўракамісіі аб стварэнні інтэграванай электроннай сістэмы “Уваход — выхад” (EES, Entry — Exit System) для больш эфектыўнага кантролю легальных кароткатэрміновых візітаў. Сістэма будзе распаўсюджвацца на ўсіх неграмадзян ЕС з дзеючымі кароткатэрміновымі візамі (на тэрмін да 90 дзён, не часцей за адзін уезд у паўгода).

Электронныя тэрміналы, устаноўленыя на граніцы, дадуць магчымасць счытваць біяметрычныя даныя з пашпартоў або віз людзей, якія прыбываюць, іх пашпартныя даныя, даты ўезду і выезду. На думку еўракамісара, гэтая сістэма дасць магчымасць больш эфектыўна выяўляць асоб з пратэрмінаванымі візамі і змагацца з тымі, хто наўмысна знішчае свае дакументы або выкарыстоўвае іншыя схемы візавых махлярстваў.

“Выкарыстанне новых тэхналогій можа дапамагчы ў кіраванні патокам прыбываючых да нашых знешніх граніц. У той жа час яны будуць садзейнічаць скарачэнню нелегальнай міграцыі і павышэнню нашай унутранай бяспекі”, — сказаў Дзімітрыс Аўрамопулас. “Мы зробім нашы граніцы больш абароненымі і больш эфектыўнымі перад узрастаючым патокам прыезджых”, — дадаў ён.

Прапановы Еўракамісіі павінны прайсці стадыю публічнага абмеркавання і атрымаць адабрэнне Савета ЕС і Еўрапарламента, перш чым яны могуць быць рэалізаваны на практыцы.