Пагранкантроль на ўнутраных граніцах будзе прадоўжаны

- 12:56Інфармацыйная гадзіна, Рознае

Савет Еўрапейскага саюза прыняў рашэнне прадоўжыць пагранкантроль унутры ЕС яшчэ на паўгода. Адпаведная заява размешчана на сайце ведамства, паведамляе ТАСС.

“12 мая 2016 года савет адобрыў рашэнне аб вынясенні рэкамендацыі дазволіць прадаўжэнне часовага пагранічнага кантролю на ўнутраных граніцах у святле надзвычайных абставін”, — гаворыцца ў дакуменце.

Гэтае рашэнне тычыцца пяці краін ЕС. Пачынаючы з дня прыняцця рашэння Аўстрыя, Германія, Данія, Швецыя і Нарвегія павінны захаваць прапарцыянальны часовы пагранічны кантроль на максімальны перыяд — 6 месяцаў.

У заяве адзначаецца, што кожная зацікаўленая ў прымяненні гэтай меры краіна павінна загадзя раіцца з суседнімі дзяржавамі — членамі ЕС, каб пераканацца, што ўнутраны пагранкантроль праводзіцца толькі там, дзе ён лічыцца неабходным і суразмерным у адпаведнасці з Шэнгенскім кодэксам аб граніцах.

Такая рэкамендацыя не прадугледжвае ўвядзенне кантролю пасажыраў, якія прыбываюць у Грэцыю або адпраўляюцца з гэтай краіны паветраным або марскім шляхам.

Краіны зоны Шэнген пачалі ўводзіць кантроль на сваіх граніцах у пачатку восені 2015 года з-за некантралюемага патоку мігрантаў. Паводле розных ацэнак, у мінулым годзе ў ЕС прыбылі больш як 1,8 млн мігрантаў з Блізкага Усходу. Па нормах Шэнгена, да сярэдзіны мая ўсе тэрміны для часовага пагранічнага кантролю заканчваюцца, таму Еўракамісія і прапанавала прадоўжыць гэтую меру для шэрага краін.