Пакараючы пік Нобеля

- 13:47Выхаванне

У гімназіі № 61 Мінска ў гэтым навучальным годзе ўзнікла новая традыцыя арганізацыі шостага школьнага дня: штомесяц праводзіцца дзень вучэбнага прадмета. Такая форма дазваляе стварыць сапраўднае свята школьнай навукі, уключыць разнастайныя віды дзейнасці і інтэгратыўныя формы: пазнавальныя квесты, брэйн-рынгі, інтэлектуальныя баі і г.д., мэта ў якіх адна: развіваць у навучэнцаў цікавасць да пазнання.

Калектыў навучэнцаў і педагогаў прыйшоў да такога рашэння не выпадкова: традыцыйныя прадметныя тыдні і дэкады патрабуюць нямала часу, інтэлектуальных і творчых сіл у працэсе падрыхтоўкі і рэалізацыі, таму складана з году ў год знаходзіць арыгінальныя ідэі і рашэнні, праводзіць пазакласныя мерапрыемствы па прадметах на высокім узроўні. У рамках аднаго дня гэта зрабіць прасцей.

Напрыклад, Дзень гісторыі прайшоў у фармаце подыума гістарычнай моды, дзе навучэнцы розных класаў выступілі ў якасці дызайнераў і дэманстратараў касцюмаў, стылізаваных у духу розных эпох і краін.

“Зямля пад белымі крыламі” — так называўся Дзень геаграфіі і біялогіі, які ўключаў вячоркі навучэнцаў 10-х класаў у фіта-бары з дэгустацыяй розных відаў травяной гарбаты, выставу свойскіх гадаванцаў “Мой дамашні заапарк” для навучэнцаў 1—5 класаў, конкурс аквагрыму “Гэтыя забаўныя жывёлы” з удзелам навучэнцаў 6—8 класаў.

15 красавіка 2017 года расчыніў дзверы гімназічны клуб юных фізікаў “Квант”, якім кіруе настаўнік фізікі Алена Альфонсаўна Бараноўская. Менавіта ў фармаце яго пася-джэнняў адбыўся Дзень фізікі і астраноміі. Сустрэча юных фізікаў, падрыхтаваная Аленай Альфонсаўнай разам з Вольгай Мікалаеўнай Бужынскай, настаўніцай фізікі і астраноміі, была прысвечана Дню касманаўтыкі і прайшла ў форме фізічнага бою, у якім спаборнічалі 17 каманд (па шэсць чалавек з ліку навучэнцаў 7—11 класаў). Адна з каманд прадстаўляла сярэднюю школу № 165 Мінска.

Дзецям трэба было ў першым, “жалезным”, туры — сканструяваць і сабраць касмічны карабель, адказаўшы на пытанні размінкі і пазнаўшы вялікіх вучоных фізікаў і астраномаў па прадстаўленых фактах іх біяграфіі. У другім, “сярэбраным”, туры трэба было пераадолець зямное прыцяжэнне і ўзняцца да серабрыстых аблокаў — разгадаць фізічныя і астранамічныя анаграмы і раскрыць таямніцу чорнай скрыні ў працэсе рашэння творчага задання. У трэцім туры — “залатым” — каманды, якія здзейснілі пасадку на Месяцы, павінны былі пакарыць пік Нобеля (кажуць, такі ёсць на цёмным баку Месяца). У гэтым туры капітаны каманд адказвалі на пытанні, заклікаўшы на дапамогу сваю кемлівасць і знаходлівасць. А членам каманд трэба было рашыць практычную задачу. Як часта бывае ў касмічнай адысеі, не ўсе каманды змаглі прайсці іспыты: чатыры экіпажы выбылі пасля першага тура, шэсць каманд згубіліся недзе ў серабрыстых аблоках.

Каманда-пераможца вызначалася падлікам заробленых балаў у трэцім туры. Менавіта ёй давалася права паставіць сцяжок клуба “Квант” на піку Нобеля… І пераможцамі сталі самыя юныя члены клуба — зборная 7—8 класаў. Дакладней, перамаглі ўсе: члены клуба “Квант”, якія набылі новых сяброў; гімназісты і госці 165-й школы, якія правялі дзве гадзіны суботняга часу ў захапляючым спаборніцтве, адкрылі для сябе новыя грані фізікі і астраноміі; педагогі, якім па-новаму адкрыліся многія вучні, парадавалі сваімі дасягненнямі. Адным словам, сёння ўсе дабраліся да піка Нобеля як сімвала новых адкрыццяў і імкнення да пазнання.

Алена РАБАВА,
намеснік дырэктара па вучэбнай рабоце гімназіі № 61 Мінска.