Пакарыцель алгарытмікі

- 13:22Адукацыйная прастора, Вышэйшая школа

Як пакарыць алгарытмы і навучыцца з іх дапамогай прымаць правільныя рашэнні, якімі павінны быць школьныя падручнікі па інфарматыцы і чаму карысна валодаць Pascal — ведае Уладзімір КОТАЎ.

У пачатку года свет пабачыў электронны вучэбна-метадычны комплекс па вучэбнай дысцыпліне “Алгарытмы і структуры даных”. Яго стваральнік — выкладчык факультэта прыкладной матэматыкі і інфарматыкі БДУ загадчык кафедры дыскрэтнай матэматыкі і алгарытмікі Уладзімір Міхайлавіч Котаў. У 2021 годзе ён атрымаў грант Прэзідэнта Беларусі ў галіне навукі і адукацыі на распрацоўку і ўкараненне гэтага комплексу ў адукацыйны працэс.

Комплекс складаецца з вучэбнай праграмы, дапаможніка “Зборнік задач па тэорыі алгарытмаў” і дыягнастычнага інструментарыю. Ён створаны для студэнтаў, якія вучацца на спецыяльнасцях “Інфарматыка”, “Прыкладная інфарматыка (па напрамках)”, “Прыкладная матэматыка (па напрамках)”. “На ФПМІ чытаюцца курсы “Алгарытмы і структуры даных” і “Тэорыя алгарытмаў”, у якіх асвятляецца вельмі запатрабаваная тэма “Звязаныя алгарытмы”. У межах гранта я распрацаваў зборнік задач па алгарытмах, напісаў лекцыйны матэрыял, заданні для практычных заняткаў і наборы тэстаў, з дапамогай якіх можна праверыць, наколькі студэнты зразумелі тэму і ці навучыліся рашаць складаныя задачы з эўрыстычным ці пераборным характарам або няпоўнай інфармацыяй”, — патлумачыў прафесар.

Увогуле, гэты комплекс дасць магчымасць павысіць якасць падрыхтоўкі спецыялістаў у галіне інфармацыйных тэхналогій, а таксама эфектыўнасць выступлення каманд навучэнцаў і студэнтаў на міжнародных спаборніцтвах. “Разам са студэнтамі мы стварылі платформу Insight runner, на якой праводзяцца спаборніцтвы. Яна даступная для ўсіх, і ў нашых спаборніцтвах могуць удзельнічаць і школьнікі, і студэнты, і выкладчыкі”, — дадаў Уладзімір Міхайлавіч, які шмат гадоў займаецца алімпіядамі. У 90-х ён 10 гадоў трэніраваў зборную Беларусі па інфарматыцы. Зараз на яго платформе трэніруюцца студэнты, якія паспяхова выступаюць на чэмпіянатах свету па праграмаванні. Між іншым каманда БДУ 20 разоў выходзіла ў фінал чэмпіянату.

Вучэбная распрацоўка У.М.Котава ўжо зацікавіла некаторыя фірмы, якія прапанавалі выкарыстоўваць яго дыягнастычны інструментарый для вырашэння сваіх практычных задач. “Напрыклад, паміж БДУ і Huawei заключана пагадненне на выкарыстанне нашага інструментарыю. Такія сур’ёзныя кампаніі ставяць перад намі многа практыка-арыентаваных задач, на якіх студэнты і вучацца. Увогуле, у нас атрымаўся добры сімбіёз, бо і навучэнцы задзейнічаны, і выкладчыкі крыху разгружаны, таму што наша аўтаматызаваная платформа сама правярае і ацэньвае задачы”, — паведаміў прафесар. У яго далейшых планах — распрацоўка новых практыка-арыентаваных задач і тэстаў, правядзенне спаборніцтваў на базе платформы і пашырэнне супрацоўніцтва з кампаніямі і прадпрыемствамі.

Дарэчы, 50 гадоў жыцця У.М.Котава звязаны з БДУ. Тут ён скончыў факультэт прыкладной матэматыкі і аспірантуру, абараніў кандыдацкую і доктарскую, стаў выкладчыкам, пасля — загадчыкам кафедры і прафесарам. Менавіта ва ўніверсітэце дзясяткі гадоў назад ён захапіўся алгарытмамі, якім і сёння аддае перавагу, таму і можа расказваць пра іх гадзінамі: “Калі простымі словамі, то і канкрэтнаму чалавеку, і прадпрыемству алгарытмізацыя дапамагае прымаць дакладныя рашэнні. Спачатку — алгарытм, потым — яго рэалізацыя”.

Да таго ж Уладзімір Міхайлавіч — навуковы кіраўнік аўтарскага калектыву школьных падручнікаў па інфарматыцы, якія сёння выкарыстоўваюцца ва ўсіх установах адукацыі. Дзякуючы яго ініцыятыве, у падручніках для 11 класа з’явіўся вялікі раздзел, прысвечаны інфармацыйнай бяспецы. “У інтэрнэце можна многа ўсяго знайсці — і карыснага, і шкоднага. Прычым шукаць доўга не трэба, знаходзіцца само. А для юнага чалавека гэта рэальная пагроза, — акцэнтаваў увагу прафесар. — Мы стараемся зрабіць падручнікі даступнымі і сучаснымі, каб яны адпавядалі часу. Таму ў нас ёсць электронная версія, якую мы актуалізуем штогод”.

Хутка ў школах з’явіцца профіль па інфарматыцы. Прафесар паведаміў, што для настаўнікаў рыхтуе метадычныя рэкамендацыі па выкладанні раздзела “Алгарытмізацыя”. “Калі вучань хоча займацца алгарытмізацыяй, то гэта трэба рабіць на неабходнай мове. І чым мова больш строгая, тым лепш можна ёй навучыць. А чым больш мова дапушчае вольнасцей, тым хутчэй чалавек зробіць памылку. Pascal — вучэбная мова, якая дазваляе прытрымлівацца адзінага падыходу: ад простага да складанага. Хоць у школьнай праграме мова і не прапісана і можна выбраць любую, але, на мой погляд, лепш пачынаць з Pascal. Дзве трэці настаўнікаў адабраюць мой падыход, хоць вучні ставяцца да гэтага па-рознаму. Аднак калі ў старшых класах яны вырашаюць стаць праграмістамі, то разумеюць, наколькі патрэбна гэтая мова”, — сказаў У.М.Котаў.

Ён перакананы, што на ўроках інфарматыкі дзеці павінны асвоіць камп’ютар і не баяцца яго, авалодаць асновамі логікі і стаць дысцыплінаванымі: “Зрабіць гэта ўдаецца дзякуючы мове Pascal, бо яна патрабуе жорсткай дысцыпліны. Зараз разглядаецца пытанне аб увядзенні інфарматыкі ў 5 класе, каб развіваліся і логіка, і маторыка і каб дзеці вучыліся хутка набіраць на клавіятуры”.

На маё ж пытанне, чаму школа павінна навучыць дзяцей, прафесар сцісла адказаў: “Навучыць вучыцца”. І гэта бясспрэчна!

Вольг АНТОНЕНКАВА.