Паказалі бліскучыя веды

- 10:11Адукацыйная прастора

Заключны этап рэспубліканскіх алімпіяд па замежных мовах прайшоў у Магілёве. Спаборніцтвы праводзіліся па англійскай, нямецкай, французскай, іспанскай і кітайскай мовах. Свае веды дэманстравалі звыш 200 разумнікаў і разумніц з усіх рэгіёнаў краіны. Для юных знаўцаў замежных моў арганізатары і журы кожнай з алімпіяд падрыхтавалі разнастайныя заданні.

Каб дасягнуць жаданай перамогі, усім дзецям неабходна было справіцца з трыма конкурснымі этапамі: выканаць пісьмовую работу, заданне, на якім ацэньвалася вуснае маўленне, і прайсці аўдзіраванне. Як расказаў старшыня журы алімпіяды па англійскай мове загадчык кафедры фанетыкі англійскай мовы Мінскага дзяржаўнага лінгвістычнага ўніверсітэта Віталь Яскевіч, фармат конкурсных заданняў застаўся ранейшым, крыху змянілася толькі іх напаўненне. Напрыклад, камунікатыўнае заданне было максімальна набліжана да рэальнасці. Удзельнікі разбіраліся з канкрэтнымі жыццёвымі сітуацыямі.

— Увогуле, усе навучэнцы выступілі даволі добра. Яны вызначаліся валоданнем багатай лексікі, выдатным веданнем граматыкі. Такая тэндэнцыя гаворыць аб якасці іх падрыхтоўкі. Магчыма, гэта вынік павелічэння колькасці гадзін навучання, паляпшэння методык выкладання і эфектыўнасці падзелу класаў на малыя групы, — адзначыў Віталь Валер’евіч.

Не менш выдатныя веды прадэманстравалі і ўдзельнікі алімпіяд па іншых замежных мовах. І гэта нягледзячы на тое, што, каб дакладна выканаць прапанаваныя заданні, трэба было ўмець творча думаць, прымяняць логіку і кемлівасць. Аднак алімпіяднікі паспяхова пераадолелі ўсе цяжкасці. Так, прадстаўнікі Магілёўшчыны на алімпіядзе па іспанскай мове заваявалі два прызавыя дыпломы. Як заўважыла трэнер каманды настаўніца іспанскай мовы сярэдняй школы № 13 Магілёва Алена Яблонская, сакрэт такога бліскучага поспеху — амаль штодзённае ўдасканаленне ведаў. З кожным адораным вучнем праводзіцца індывідуальная работа ў адпаведнасці з яго магчымасцямі. Да таго ж дзеці пастаянна займаюцца самастойна.
Гэта і дазваляе ім даволі свабодна гаварыць па-іспанску.

Кітайскую мову школьнікі пакуль ведаюць не так добра. Як адзначыў член журы гэтай алімпіяды старшы выкладчык Мінскага лінгвістычнага ўніверсітэта Сунь Сяацынь, размаўляюць па-кітайску ўдзельнікі цудоўна, а вось асваенне пісьма, іерогліфаў даецца ім цяжэй.

— Тым не менш вынікі дзеці паказалі нядрэнныя. Сёлета ў нас было ўсяго 14 удзельнікаў. Гэта больш, чым у мінулым годзе. Адметна, што і ступень валодання кітайскай мовай у навучэнцаў штогод паляпшаецца, — падкрэсліў Сунь Сяацынь.

Заданні алімпіяд былі дастаткова складанымі, але і надзвычай цікавымі. Навучэнцам сярэдняй школы № 15 Брэста Аляксандры Сігінюк і Уладзіславу Клаўкіну яны ўвогуле здаліся незвычайнымі:

— Не было строгага падзелу на граматычны ці лексічны цыкл. Пэўныя цяжкасці пры выкананні заданняў, вядома, узнікалі, але ў гэтым і заключаецца галоўная цікавасць. Варта было добра падумаць — і тады ўсё станавілася зразумела.

У рэспубліканскіх алімпіядах па замежных мовах прымаюць удзел навучэнцы 11 і 10 класаў. Але, калі вучань таленавіты, робіцца выключэнне. Ангеліна Хурцыдзэ з Бракаўскай сярэдняй школы Магілёўскага раёна вучыцца ў 9 класе, аднак пры падтрымцы свайго педагога Алены Васільеўны Васюкевіч ужо дасягнула такіх поспехаў у веданні нямецкай мовы, каб спаборнічаць з больш старэйшымі навучэнцамі, як, дарэчы, і вучань 7 класа гімназіі № 8 Мінска Аляксей Папоў.

— Мне няцяжка было канкурыраваць са старшакласнікамі, бо разам са сваёй настаўніцай Аленай Валянцінаўнай Станкевіч мы доўга і многа рыхтаваліся да ўдзелу ў алімпіядзе. Думаю, што выступіў годна, — падзяліўся ўражаннямі Аляксей.

Усе заданні былі канкурсантам па сілах. Большасць дзяцей здолелі набраць даволі высокія балы. Гэта гаворыць аб тым, што яны навучыліся размяркоўваць, правільна канцэнтраваць свае здольнасці і дасягаць добрых вынікаў. Характэрна, што кожны дзень, акрамя рашэння алімпіядных заданняў, удзельнікаў чакала насычаная культурная праграма. Для вучняў і педагогаў былі арганізаваны разнастайныя экскурсіі і іншыя забаўляльныя мерапрыемствы. Алімпіядны тыдзень праляцеў вельмі хутка. Непрыкметна надышоў час падвядзення вынікаў і цырымоніі ўзнагароджання.

— Усе ўдзельнікі змаглі ў поўнай меры праявіць свае здольнасці. Пасля кожнага тура журы адзначала бліскучыя вынікі канкурсантаў. У асобных выпадках пераможцаў раздзялялі дзясятыя і нават сотыя бала, — заўважыла ўпаўнаважаны прадстаўнік Міністэрства адукацыі член арганізацыйнага камітэта заключнага этапу рэспубліканскай алімпіяды па замежных мовах Ала Казючыц.

Абсалютнымі пераможцамі і ўладальнікамі дыпломаў І ступені па англійскай мове сталі навучэнец гімназіі № 2 Гродна Мікіта Савянкоў, вучаніца гімназіі № 1 Дзяржынска Марыя Клокава, навучэнец гімназіі № 1 імя Францыска Скарыны Мінска Аляксандр Жураўскі, вучаніца сярэдняй школы № 25 Брэста Аляксандра Кузуб, навучэнка Мінскага абласнога ліцэя Дзіяна Казлова, вучань Гродзенскай гарадской гімназіі Глеб Бірылаў.

Самыя трывалыя веды па нямецкай мове прадэманстравалі навучэнкі гімназіі № 56 Мінска Паліна Булаўка і Саміра Гоцкая, вучаніца ліцэя Жабінкі Вольга Чарнецкая, навучэнка гімназіі № 1 Ліды Катрын Шрайбер і вучаніца гімназіі № 10 Маладзечна Ганна Скрыпко.

У веданні французскай мовы не было роўных вучаніцы гімназіі № 1 імя Я.Ф.Карскага Гродна Кацярыне Марцюшынай, навучэнцы гімназіі № 3 імя А.С.Пушкіна Віцебска Жанне Казандо, вучаніцам гімназіі № 46 імя Блеза Паскаля Гомеля Аліне Лагуновай і Лізавеце Цярэшчанка, а таксама навучэнцы гімназіі № 74 Мінска Марце Міцюшнікавай.

На алімпіядзе па іспанскай мове пераможныя дыпломы атрымалі навучэнка сярэдняй школы № 114 імя Сімона Балівара Мінска Аляксандра Бабак і вучаніца гімназіі № 1 Ліды Элія-Ганна Лісай. А вось лепшае валоданне кітайскай мовай паказалі вучаніца сярэдняй школы № 164 Мінска Лізавета Кот і навучэнец гімназіі № 7 Мінска Сунь Фанцы.

Многія былі адзначаны дадатковымі ўзнагародамі, якія сталі для іх своеасаблівым заахвочваннем для далейшых дасягненняў. Спецыяльныя прызы ад Міністэрства адукацыі былі ўручаны вучаніцы Рэчыцкай раённай гімназіі Вользе Бабчонак, вучню Ушацкай сярэдняй школы Віцебскай вобласці Паўлу Гардзіёнку, навучэнцы гімназіі Жыткавіч Валянціне Велько, вучаніцы гімназіі № 2 Ваўкавыска Настассі Хаміцкай і вучню Рэчыцкага раённага ліцэя Ільі Пырху.

Ганна СІНЬКЕВІЧ.
Фота аўтара.