Паказалі выдатныя веды

- 8:02Адукацыйная прастора

На Магілёўшчыне паспяхова прайшоў трэці абласны этап рэспубліканскай алімпіяды па вучэбных прадметах. Інтэлектуальныя спаборніцтвы аб’ядналі звыш 930 юных талентаў з усяго рэгіёна.

Як паведаміў начальнік упраўлення адукацыі аблвыканкама Уладзімір Рыжкоў, магілёўскія школьнікі праяўляюць стараннасць у вучобе. Пра гэта сведчаць пераможныя дыпломы навучэнцаў, колькасць якіх дазваляе вобласці штогод займаць годныя пазіцыі ў алімпіядным рэйтынгу.

— У нашых навучальных установах створаны належныя ўмовы як для атрымання якаснай адукацыі, так і для развіцця здольнасцей вучняў. Ва ўсіх раёнах дзейнічае і выразна выбудавана сістэма падрыхтоўкі школьнікаў да ўдзелу ў алімпіядах. Са здольнымі дзецьмі займаюцца мясцовыя педагогі на адпаведных курсах і факультатывах. Перыядычна навучэнцы прыязджаюць на спецыльныя зборы, падчас якіх з імі працуюць лепшыя настаўнікі вобласці. Улетку для гэтых дзяцей арганізоўваюцца профільныя аздараўленчыя лагеры, дзе можна адпачыць і набыць новыя веды. Сёння ў нас ёсць досыць добры адукацыйны патэнцыял: як прафесійныя педагогі, так і таленавітыя навучэнцы. Іх агульнае імкненне да вучэбных вышынь дазваляе дасягаць высокіх вынікаў, — адзначыў Уладзімір Уладзіміравіч.

Амаль тысяча разумнікаў і разумніц на працягу тыдня спаборнічалі за званне лепшага ў сямнаццаці вучэбных дысцыплінах, у тым ліку свае веды дэманстравалі 74 удзельнікі абласной алімпіяды па хіміі.

Па словах старшыні журы, дацэнта кафедры прыродазнаўства МДУ імя А.Куляшова, кандыдата хімічных навук Аляксандра Клябанава, арганізацыйна-конкурсныя заданні для аматараў хіміі засталіся такімі ж, як раней. Крыху змяніўся толькі іх змест.

— Заданні былі цікавымі, за што мы вельмі ўдзячны іх распрацоўшчыкам. На тэарэтычным туры навучэнцам прапаноўвалася дваццаць тэставых пытанняў і пяць задач, якія патрабавалі шырокага кола ведаў па хіміі. Практычны тур адпавядаў тэорыі. Каб знайсці дакладныя рашэнні, удзельнікам трэба было прымяняць логіку і не баяцца свабодна думаць. Навучэнцам 9-х і 10-х класаў неабходна было правесці якасны аналіз ці пры дапамозе рэагентаў выявіць, якія рэчывы знаходзяцца ў шэрагу колб. Адзінаццацікласнікі займаліся колькасным вызначэннем рэчыва, — расказаў Аляксандр Уладзіміравіч. — Заданні былі досыць складанымі, але большасць алімпіяднікаў выдатна з імі справіліся. Навучэнцы дэманструюць добры ўзровень падрыхтоўкі. Традыцыйна асабліва вылучаюцца прадстаўнікі Бабруйска, першага, другога і трэцяга абласных ліцэяў, а таксама гімназіі № 2 Магілёва. Увогуле, усе ўдзельнікі імкнуцца да ведаў, таму і дасягаюць поспеху. Канкурэнцыя сярод навучэнцаў вельмі высокая. Сёлета лідараў алімпіяды аддзяляе нязначная колькасць балаў, — дадаў старшыня журы.

Прапанаванымі заданнямі ўдзельнікі алімпіяды былі задаволены. Школьнікі адзначалі іх цікавасць і нестандартнасць.

— Алімпіядныя задачы заўсёды цікавыя. У гэтым годзе для мяне самым незвычайным было заданне, звязанае з ядзернай фізікай. Я ўдзельнічаў у алімпіядах і раней, аднак пакуль вынікі былі не самымі высокімі. Зараз стараўся выступіць больш паспяхова. Спадзяюся, што справіўся, — падзяліўся ўражаннямі вучань Магілёўскай гарадской гімназіі № 1 Антон Сёмчын.

— Было многа заданняў, над якімі трэба было паразважаць, праявіць сваю логіку. Але я даўно ўзмоцнена вывучаю хімію, таму нацэлены на добры вынік, бо ў будучыні планую ўзяць хімію за аснову прафесійнай дзейнасці, — выказаўся навучэнец сярэдняй школы № 21 Магілёва Мікалай Лялькоў.

Спадабаліся заданні і вучаніцы гімназіі № 2 Бабруйска Паліне Бязручка. Але, па словах дзевяцікласніцы, пэўныя складанасці падчас рашэння задач у яе ўсё ж узнікалі.

— Аднак у гэтым і заключаецца сэнс алімпіяды — спасцігаць і вучыцца новаму. Я доўга і карпатліва рыхтавалася да ўдзелу ў алімпіядзе. Разам з маёй настаўніцай Аленай Уладзіміраўнай Вянглінскай мы вельмі многа працавалі. І я вельмі ўдзячна ёй за падтрымку і за веды, — расказала дзяўчынка.

Уклад педагогаў у поспехі вучняў сапраўды цяжка пераацаніць. Добрая падрыхтоўка ўдзельнікаў алімпіяды па хіміі — вынік іх сумеснай мэтанакіраванай працы з настаўнікамі. Эфектыўна выбудаваная сістэма работы па развіцці здольнасцей адораных навучэнцаў дазваляе камандам вобласці штогод займаць лідзіруючыя пазіцыі па шэрагу вучэбных прадметаў на заключным туры рэспубліканскай алімпіяды. У бягучым годзе такая тэндэнцыя, верагодна, не зменіцца. Ва ўсялякім выпадку, у гэтым пераконвалі цырымоніі ўзнагароджання пераможцаў. Усяго дыпломамі розных ступеней, а таксама пахвальнымі водзывамі абласных алімпіяд было адзначана каля чатырохсот хлопцаў і дзяўчат, а гэта амаль палова ўдзельнікаў. Што ж тычыцца лепшых у хіміі, то імі сталі навучэнка гімназіі № 2 Бабруйска Паліна Бязручка, навучэнец сярэдняй школы № 21 Магілёва Мікалай Лялькоў, навучэнец абласнога ліцэя № 1 Сяргей Палякоў, навучэнка гімназіі № 3 Бабруйска Ангеліна Васючэнка і навучэнка абласнога ліцэя № 2 Кацярына Арончык.

Абласны этап алімпіяды завершаны. Цяпер магілёўскіх разумнікаў і разумніц чакае заключны этап галоўных інтэлектуальных спаборніцтваў. Спадзяёмся, што на рэспубліцы навучэнцы праявяць сябе гэтак жа выдатна.

Ганна СІНЬКЕВІЧ.
Фота аўтара.