Пакуль прастуда на канікулах

- 8:03Інфармацыйная гадзіна

Сітуацыя па вострых рэспіраторных інфекцыях у Беларусі знаходзіцца на ўзроўні, які характэрны для гэтага перыяду года, узровень захваральнасці гэтымі інфекцыямі даволі нізкі. У асноўным медыкі выяўляюць вірусы негрыпознай этыялогіі — адэнавірусы, паравірусы і г.д. Хаця выяўляюцца і спарадычныя (адзінкавыя) выпадкі захворвання на грып, перш за ўсё грып тыпу А(H3N2), а таксама тыпу В.

Характарызуючы эпідэміялагічную сітуацыю ў краіне, намеснік начальніка аддзела гігіены, эпідэміялогіі і прафілактыкі Міністэрства аховы здароўя Іна Карабан расказала, што нядаўнія зімовыя канікулы школьнікаў паспрыялі таму, што сітуацыя і па грыпе, і па іншых інфекцыях заставалася спакойнай. А хутка пачнуцца канікулы ў студэнтаў устаноў вышэйшай адукацыі і каледжаў, што таксама нядрэнна з пункту погляду стрымлівання захваральнасці.

Прынамсі, прыняць рашэнне аб увядзенні каранціну ў школе ці іншай установе адукацыі мясцовыя ўлады могуць, калі больш за 30% навучэнцаў будуць адсутнічаць на занятках з прычыны менавіта пэўнага інфекцыйнага захворвання. У нашай краіне такога не здараецца ўжо не першы год. А сітуацыя як у школах, так і ў любых іншых арганізаваных калектывах адсочваецца ў адпаведнасці з Санітарнымі правіламі па вострых рэспіраторных інфекцыях, праводзяцца прафілактычныя мерапрыемствы.

— Наш прагноз аб сітуацыі пакуль апраўдваецца. Раней мы гаварылі, што рост захваральнасці пачнецца ў канцы студзеня — пачатку лютага. Пакуль гэта так, — заўважыла на сустрэчы з журналістамі І.А.Карабан.

Наталля Грыбкова, кіраўнік Нацыянальнага цэнтра па грыпе РНПЦ эпідэміялогіі і мікрабіялогіі, дадала, што, па даных Сусветнай арганізацыі аховы здароўя, сёлета вакцынныя вірусы і тыя, што цыркулюць не толькі ў Беларусі, але і ў іншых краінах паўночнага паўшар’я, супадаюць. Значыць, прышчэпкі мы зрабілі правільныя, а ўсе пацыенты беларускіх бальніц і паліклінік, у якіх ужо выяўлены грып, не прышчапіліся ад яго.

Іна Карабан нагадала, што ў гэтым сезоне прышчапілася каля 41% беларусаў у цэлым, сярод дзяцей прышчэпкі атрымалі прыкладна 60%. І гэта не так многа, як лічаць мэтазгодным урачы для змяншэння захваральнасці на грып.

— Працэс вакцынацыі дзяцей, як і дарослых, ідзе дастаткова цяжка, — дадала Іна Аляксандраўна, — нягледзячы на тое, што асветніцкая работа вядзецца вельмі інтэнсіўна. Але бацькі ставяцца да вакцынацыі супраць грыпу зусім не так, як, скажам, да вакцынацыі супраць краснухі або паратыту, хаця пасля грыпу таксама бываюць ускладненні.

Урачы, дарэчы, яшчэ раз нагадваюць, што прышчэпка не гарантуе таго, што чалавек не захварэе на грып, але яна ўратуе ад сур’ёзных ускладненняў, знізіць цяжар самога захворвання. Аналіз любога сезона захваральнасці на вострыя рэспіраторныя інфекцыі, які доўжыцца з кастрычніка па май, нязменна паказвае, што менш за 4% тых, хто прышчапіўся ад грыпу, хварэюць на яго, пры гэтым хвароба праходзіць у іх не так цяжка. Усе астатнія, хто захварэў, прышчэпак не рабілі.

Абсалютна дакладна прадказаць сітуацыю па развіцці эпідэміялагічнай сітуацыі, як прызнаюцца спецыялісты, немагчыма, але пакуль усе даныя гавораць аб тым, што сёлета яне не стане экстраардынарнай.

Марына ХІДДЖАЗ.