Палепшыць доступ айчыннай сельгаспрадукцыі на еўрапейскі рынак

- 10:59Інфармацыйная гадзіна

Беларусь гатова ўмацоўваць супрацоўніцтва з ЕС у сферы сельскай гаспадаркі. Такое меркаванне выказаў міністр сельскай гаспадаркі і харчавання Леанід Заяц у час сустрэчы з кіраўніком прадстаўніцтва ЕС у Беларусі Андрэа Віктарын.

“Мы гатовы ўмацоўваць і развіваць супрацоўніцтва з ЕС у сферы сельскай гаспадаркі і харчавання. Прадукцыя еўрапейскіх прадпрыемстваў прысутнічае на нашым рынку і карыстаецца попытам. Мы хацелі б, каб і нашы тавары былі прадстаўлены на еўрапейскім рынку”, — адзначыў міністр.
Леанід Заяц падкрэсліў, што адной з перашкод для беларускай прадукцыі з’яўляюцца высокія загараджальныя пошліны. “У ідэале, мы хацелі б мець раўназначны абмен, калі на кожны кілаграм прадукцыі, пастаўленай з ЕС у нашу краіну, прыпадала б столькі ж беларускага экспарту ў ЕС”, — растлумачыў ён.
Беларусь зацікаўлена ў еўрапейскіх інвестыцыях, асабліва ў перапрацоўчыя прадпрыемствы. “У прыватнасці, размова ідзе аб перапрацоўцы малака. У нас ёсць вялікія планы па выхадзе на кітайскі рынак, але не хапае магутнасцей”, — заявіў Леанід Заяц.
Кіраўнік прадстаўніцтва ЕС у Беларусі Андрэа Віктарын, у сваю чаргу, адзначыла, што ЕС зацікаўлены ў паляпшэнні супрацоўніцтва з Беларуссю як па праграмах, разлічаных на ўсю еўрапейскую палітыку добрасуседства, так і па двухбаковых праграмах. “Мне здаецца важнай праграма па развіцці зялёнай эканомікі, якая ўключае і кампанент па развіцці зялёнага фермерства”, — сказала яна. Гаворачы аб загараджальных пошлінах на еўрапейскі рынак, Андрэа Віктарын паведаміла, што ў Беларусі ёсць механізмы для іх зніжэння, адным з якіх з’яўляецца ўступленне ў СГА.