Палітра эмоцый на музычных занятках

- 12:31Дашкольная адукацыя

Выхаванцы Алены Мікалаеўны Нікалаенкавай — музычнага кіраўніка ясляў-сада № 22 Ліды і педагога дадатковай адукацыі раённага ЦТДіМ — з году ў год на фестывалях і конкурсах дэманструюць высокія вынікі ў выканальніцкай дзейнасці, музычныя, танцавальныя і артыстычныя таленты. Педагог умее запаліць у дзецях жаданне творча развівацца. Пры неабходнасці займаецца з імі індывідуальна, выкарыстоўвае аўтарскія музычна-дыдактычныя гульні і казкі ўласнага сачынення. Асаблівую ўвагу ўдзяляе патрыятычнаму выхаванню. Але самае галоўнае — Алена Мікалаеўна любіць дзяцей і заўсёды верыць у тое, што ў іх усё атрымаецца. Малышам бывае дастаткова адзін раз удала выступіць на сцэне, каб палюбіць яе. 

“Шмат гадоў назад я скончыла тады яшчэ савецкую школу і з цеплынёй у сэрцы ўспамінаю ўрокі музыкі і спеваў, — гаворыць Алена Мікалаеўна. — Магчыма, у 5—7- х класах на гэтых уроках, як нам здавалася, мы адпачывалі. Але праз гады я ўсведамляю, які творчы і патрыятычны запал мы атрымлівалі менавіта на ўроках музыкі. Назаўсёды ўрэзалася ў памяць, як мы знаёміліся з песняй-эпохай на словы А.Собалева, кампазітара В.Мурадэлі “Бухенвальдскі набат”. Памятаю, як настаўнік спеваў паказваў нам слайды канцлагераў, расказваючы пра нечалавечыя ўмовы і жорсткае абыходжанне з людзьмі, і як усе вучні пасля, свядома перажываючы кожнае слова песні, выконвалі яе. Лепшыя чалавечыя якасці не з’яўляюцца самі па сабе, яны фарміруюцца. Самы лепшы шлях да сэрцаў і душ дзяцей ідзе праз мастацтва. На музычных занятках у групах малодшага дашкольнага ўзросту я раблю акцэнт на любові да прыроды, бацькоў, таго, што нас акружае. Пачынаючы з сярэдняй групы ў рэпертуары ўсё больш з’яўляецца песень аб дружбе, беларускіх народных песень, у тым ліку на роднай мове, праводзяцца фальклорныя святы. З дзецьмі старшай групы арганізую экскурсіі па гістарычных мясцінах нашага горада.

Вялікую ўвагу ў сваёй рабоце ўдзяляю падбору песеннага рэпертуару з улікам узроставых асаблівасцей дзяцей — ад простага ў эмацыянальным плане да больш складанага. Пачынаем з беларускай народнай песні “Абцасік”, кампазіцый “Пеўнік” (сл. А.Пасавай, муз. У.Вітліна), “На прагулку ў лясок” С.Галкінай. Працягваем больш складанымі песнямі “Мы хочам, каб птушкі спявалі” (сл. і муз. Я.Жабко), “Не выпусціце шарык” (сл. і муз. Т.За-лужнай), “Я малюю гэты свет” (сл. А.Ярмолава, муз. С.Залатухіна), “Пра тую вясну” (сл. і муз. А.Плотнікавай) і інш.  Такі падыход дазваляе сфарміраваць шырокі спектр эмацыянальных уражанняў і перажыванняў, якія ўздзейнічаюць на фарміраванне пэўных якасцей асобы і пачуццяў дзіцяці”. 

Педагог выкарыстоўвае ўласна распрацаваныя музычна-дыдактычныя гульні для спеваў, накіраваныя на развіццё эмацыянальнай сферы ў дзяцей старэйшага дашкольнага ўзросту. Гэтыя гульні спрыяюць фарміраванню ў выхаванцаў  уменняў “счытваць”, вызначаць, выказваць мімікай, а пасля і жэстамі, рухамі шырокай палітры чалавечых эмоцый. Выкарыстоўваючы аўтарскую музычна-дыдактычную гульню “Смайлікі”, Алена Мікалаеўна вызначае здольнасць дзяцей разумець эмоцыі іншых людзей, казачных персанажаў у песнях і знаходзіць іх на картках, малюнках. Педагог распрацававала музычна-дыдактычныя гульні і відэаўрок “Гукі музычных інструментаў”, для таго каб навучыць дзяцей лёгка адрозніваць і называць музычныя інструменты сімфанічнага і народнага аркестраў. Для правядзення гульні “Церамок” Алена Мікалаеўна папярэдне разглядае з дзецьмі аднайменную рускую народную песню, абмяркоўвае характары і эмоцыі ўсіх герояў. Затым у гульні прапаноўвае малышам выбраць эмацыянальны стан казачных персанажаў “усляпую” (выцягнуць карткі). Тым самым заданне ўскладняецца, бо трэба выканаць ролю баязлівага мядзведзя, злога зайца і г.д. Ёсць гульні, дзе педагог знаёміць выхаванцаў з эмоцыямі і вучыць іх перадаваць з дапамогай мімікі.

Падчас гульні “Складаная размова” дзеці актыўна імправізуюць, выкарыстоўваючы металафон. Два гульцы выбіраюць картку-карцінку з праблемнай сітуацыяй, неабходныя атрыбуты для пераўвасаблення ў вобраз, складаюць вакальную імправізацыю на склад “Ле”, перадаючы ў музычнай размове эмоцыі свайго персанажа. Калі малому складана справіцца з заданнем, яму прапаноўваецца выканаць варыянт імправізацыі са словамі.  Шэраг музычна-дыдактычных гульняў накіраваны на развіццё ўмення выконваць песню выразна. Напрык-лад, з дапамогай гульні “Чароўныя кубікі” развіваецца ўменне вызначаць жанравыя асаблівасці песні (полька, марш і г. д.) і суадносіць іх з характэрнымі эмоцыямі. У гульні “Колер — настрой” дзеці замацоўваюць суадносіны характару песні і яе эмацыянальнай афарбоўкі з пэўным колерам. Гэта дапамагае ім больш ярка ўспрымаць характар песні, замацоўваць лагічную сувязь колеру з пэўнай эмоцыяй. Вызначаць часткі музычнага твора, музычны ўступ, заканчэнне, куплет, музычны пройгрыш, адлюстроўваць характар песні і яго эмацыянальную афарбоўку дапамагае гульня “Песенны канструктар”. Дзеці складаюць схему выканання песні. Першы ўдзельнік робіць схему з геаметрычных фігур белага колеру, выбіраючы адпаведныя фігуры на кожную частку песні. Другі ўдзельнік “эмацыянальна размалёўвае” схему, замяняючы белыя фігуры каляровымі, дзе колер вызначае эмацыянальная афарбоўка кожнай часткі. Напрыканцы ўсе разам выконваюць песню па зададзенай эмацыянальнай схеме.

Адна з любімых гульняў — “Люстэрка”. Папярэдне дзеці развучваюць песню — зачын. Усе становяцца ў кола. Пад выкананне песні перадаюць з рук у рукі круглае, невялікае і бяспечнае люстэрка. Той, у каго ў канцы песні люстэрка застаецца ў руках, выходзіць у цэнтр, надзявае медальён з люстэркам і становіцца вядучым. З дапамогай мімікі і танцавальных рухаў (“без гуку”) вядучы эмацыянальна адлюстроўвае пэўную песню (польку або вальс і г.д.) з вывучанага рэпертуару. Дзеці павінны адгадаць песню і праспяваць урывак з яе. У перспектыве педагог плануе распрацаваць такія ж гульні, дапаможнікі па развіцці эмацыянальнай сферы дзяцей 4—5 гадоў, а таксама канспекты заняткаў, сцэнарыі свят з іх выкарыстаннем.

Алена Мікалаеўна Нікалаенкава з гордасцю расказала пра тое, што яе выхаванцы ўдзельнічалі ў адкрыцці святочнага парада ў Лідзе, прысвечанага 70-годдзю Перамогі над фашысцкімі захопнікамі ў Вялікай Айчыннай вайне. Дзеці выканалі песню “Пра тую вясну” А.Плотнікавай. Менавіта гэтае выступленне і актыўная падтрымка кіраўніцтва ўстановы дашкольнай адукацыі, загадчыцы Святланы Уладзіміраўны Багдзюн і ўсяго педагагічнага калектыву, бацькоў выхаванцаў паслужылі стымулам для Алены Мікалаеўны працягнуць работу па падрыхтоўцы і ўдзеле дзяцей у міжнародных і рэспубліканскіх конкурсах і фестывалях.

“Для таго каб падрыхтаваць дзіця да ўдзелу ў творчым конкурсе, патрэбна супадзенне некалькіх умоў, — адзначае педагог. — Павінна быць таленавітае і ўпэўненае ў сабе дзіця, з развітым маўленнем, якое зможа прыцягнуць увагу публікі. Рашэнне адправіць на конкурс малога павінны прыняць яго бацькі, тым больш што часта такія мерапрыемствы платныя. Мяне радуе, што кожны год такія дзеці і бацькі знаходзяцца ў дзіцячым са-дзе або ў ЦТДіМ, дзе я вяду заняткі ў танцавальным і вакальным калектыве “Весёлые ребята”. Дасягненні калектыву і асобных дзяцей не раз адзначаліся дыпломамі на конкурсах. У 2016 годзе Кацярына Місюля і Дар’я Караляш былі ўзнагароджаны дыпломамі лаўрэатаў II і III ступені ў III адкрытым конкурсе маладых выканаўцаў “Мая мара” (Мінск) у намінацыі “Эстрадны вакал” (сола, 5 гадоў). Каця атрымала яшчэ і прыз глядацкіх сімпатый. У 2018 годзе Караліна Хадыка была адзначана дыпломам лаўрэата II ступені на III Міжнародным конкурсе-фестывалі мастацтваў “Музыкі святло” ў намінацыі “Эстрадны вакал” (сола, 4 гады), у 2019 годзе — таксама дыпломам лаўрэата ІІ ступені і стала лаўрэатам ІІ ступені І Міжнароднага конкурсу-фестывалю мастацтваў “Мая мара” ў такой жа намінацыі. У 2019 годзе ў раённым фестывалі дзіцячай музычнай творчасці “Дамісолька” дзяўчынка таксама заваявала дыплом III ступені аддзела адукацыі Лідскага райвыканкама. Аліса Вафіна — выхаванка Лідскага раённага ЦТ ДіМ — у 2019 годзе атрымала дыплом I ступені на VI Рэспубліканскім адкрытым конкурсе маладых выканаўцаў “Беларускія таленты” ў намінацыі “Эстрадны вакал”. Сёлета дзяўчынка ўзнагароджана дыпломам І ступені Рэспубліканскага фестывалю-конкурсу дзіцячага мастацтва “ЛьВенок” (Лідскі вянок) у намінацыі “Сольнае выканальніцтва”.

Яслі-сад № 22 Ліды на працягу пяці гадоў з’яўляецца раённым рэсурсным цэнтрам па фарміраванні асноў бяспекі жыццядзейнасці дашкольнікаў. Алена Нікалаенкава праводзіць забавы, святы, у сцэнарый якіх уключае тэатральныя пастаноўкі сваіх аўтарскіх казак. Яе выхаванцы прымалі ўдзел у раённым конкурсе “Экалагічная казка” з пастаноўкай аўтарскай казкі “Пра Пецюгрыбніка”. Педагог адзначае артыстычны талент маленькіх акцёраў, якія выдатна справіліся са сваімі ролямі, а таксама цудоўна выконвалі песні. Казка “Таямніца Лысай гары” вялікая, таму выкарыстоўваецца ў асноўным для чытання ў старшых групах. Казкі-малышкі “Гарэза вугольчык” па пажарнай бяспецы і “Мышы” па правілах дарожнага руху падыходзяць для любога дзіцячага ўзросту. У 1 і 2 малодшых групах прапануецца прагляд гэтых казак, а ў сярэдняй і старшай групе дзеці ўдзельнічаюць у іх інсцэніроўцы. Разам з казачнымі персанажамі выхаванцы вырашаюць праблемныя сітуацыі, вучацца прымяняць веды на практыцы ў гульнявой форме.

“У мінулым навучальным годзе я выпусціла групу старэйшага дашкольнага ўзросту, — адзначае педагог. — Выхаванцы вельмі парадавалі мяне, бо многаму навучыліся. Напрыклад, перадаваць (з адначасовым прайграваннем музыкі) характэрныя асаблівасці музычнага ладу ў спевах, руху, музіцыраванні, уважліва і зацікаўлена слухаць творы, суперажываць пачутаму, называць аўтараў, кампазітараў. Звычайна цяжкасці ў дзяцей выклікаюць спевы без музычнага суправаджэння, яны не чыста інтануюць мелодыі песень, не спяваюць ва ўнісон. У такіх выпадках я працавала індывідуальна. Мае выпускнікі выразна выконваюць песні, большасць з іх умеюць спяваць сола, дуэтам, хорам, у карагодзе з музычным суправаджэннем. Некаторыя дасягнулі высокіх вынікаў. Напрыклад, Канстанцін Малец, Ганна Раманцэвіч, Дар’я Гойдзь прымалі ўдзел у здымках дзіцячай забаўляльнай перадачы Лідскага тэлебачання, дзе спявалі і давалі інтэрв’ю. На выпускным балі я выкарыстала для аркестра музычны твор Д.Кабалеўскага “Полька”. Дзецям вельмі спадабалася ігра на дзіцячых музычных інструментах і агучаных музычных цацках у форме пераклічкі (па музычных фразах). Атрымалася вельмі прыгожа і арыгінальна.

Без лішняй сціпласці мне хацелася б сказаць, што я вельмі люблю прафесію, якой займаюся, і ганаруся дасягненнямі сваіх выхаванцаў. Асабліва прыемна, што многія з іх працягваюць на прафесійным узроўні навучанне вакалу, танцавальнаму мастацтву, ігры на музычных інструментах у музычнай школе, школе мастацтваў, Лідскім раённым цэнтры творчасці дзяцей і моладзі”.

Надзея ЦЕРАХАВА.