Славакія праяўляе інтарэс да цеснага супрацоўніцтва з Беларуссю як мінімум па пяці эканамічных напрамках. Аб канкрэтных вектарах развіцця ўсебаковага беларуска-славацкага ўзаемадзеяння размова ішла на сустрэчы Прэзідэнта Беларусі Аляксандра Лукашэнкі са старшынёй урада Славакіі Робертам Фіца.
У час перагавораў вялікая ўвага была ўдзелена перспектывам двухбаковых кантактаў у гандлёва-эканамічнай сферы. Кіраўнік дзяржавы падтрымаў прапановы славацкага боку па сумесных праектах у фармацэўтыцы, атамнай энергетыцы, вытворчасці шын, дрэваапрацоўцы, газавай сферы, а таксама ў абароннай прамысловасці. Прычым беларускі бок гатовы ў самыя кароткія тэрміны пачаць дэталёвае абмеркаванне гэтых праектаў.
У Славакіі ў сваю чаргу будуць рады беларускім бізнесменам, адзначыў Роберт Фіца.
Славацкі госць расказаў аб гістарычных аспектах развіцця Славакіі, аб няпростых момантах “разводу” з Чэхіяй. Цяпер, паводле слоў старшыні ўрада Славакіі, краіна дынамічна развіваецца, пераадольваючы многія праблемы, у тым ліку негатыўныя наступствы неабдуманай прыватызацыі. Цяперашні ўрад прыкладае неабходныя намаганні, каб вярнуць кантроль дзяржавы над стратэгічна важнымі аб’ектамі. Многія былі распрададзены яшчэ ў 90-я гады, але не па рыначным кошце, а істотна ніжэйшым, і фірмам, якія не былі зацікаўлены інвесціраваць у развіццё гэтых важных прадпрыемстваў і кампаній.
Роберт Фіца сказаў шмат добрых слоў пра Беларусь, якая вызначаецца стабільным і дынамічным развіццём, узважанасцю пры прыняцці рашэнняў, у тым ліку якія тычацца прыватызацыі. Акрамя таго, палітычная стабільнасць у Беларусі з’яўляецца важным фактарам добрасуседства.
Беларусь мае вельмі канструктыўную пазіцыю адносна ініцыятывы “Усходняе партнёрства”, лічыць старшыня ўрада Славакіі, таму важна ведаць меркаванне беларускага боку па развіцці ініцыятывы.
Разам з тым ён параіў больш папулярызаваць Беларусь, яе поспехі і выдатныя мясціны, каб у Еўропе больш ведалі менавіта пра беларускія дасягненні.
Праведзеная сустрэча Аляксандра Лукашэнкі і Роберта Фіца — гэта своеасаблівыя вялікія інвестыцыі ў развіццё беларуска-славацкіх адносін, якія, па ўзаемным меркаванні, маюць добрыя перспектывы.