Нібы чароўная фея, рыхтуе для сваіх юных выхаванцаў сюрпрызы і падарункі настаўніца пачатковых класаў гімназіі № 38 Мінска Таццяна Калінічэнка. І не толькі ў навагоднія святы! Пра гуманную педагогіку, урокіматрошкі і прывіццё малодшым школьнікам цікавасці да кнігі — наша гутарка з педагогам.
— Таццяна Антонаўна, якім быў для вас мінулы год? Якія яго яркія моманты назаўсёды застануцца ў памяці?
— Мінулы год быў выдатным! Ён быў напоўнены цікавымі падзеямі, смелымі рашэннямі, запамінальнымі сустрэчамі і радаснымі імгненнямі. Яркі след пакінуў у памяці май, калі па выніках работы за 2021/2022 навучальны год я была ўдастоена звання “Лепшы настаўнік гімназіі”. Незабыўным было і лета: пашчасціла
стаць удзельніцай чарговага вучэбнага курса “Практычная гуманная педагогіка”, які праходзіў у нашым горадзе.
Восень таксама не засталася ўбаку і ўпрыгожыла маё педагагічнае жыццё яркімі фарбамі. Я прымала ўдзел у конкурсе “Вопыт і ініцыятыва педагогаў — рэсурс адукацыі сталіцы” на прысуджэнне прэмій і грантаў Мінгарвыканкама, дзе прадстаўляла свой вопыт работы, і перамагла. У гэтым жа месяцы, у лістападзе, мне пашчасціла прыняць удзел у Міжнародным конкурсе педагагічнага майстэрства “Хрустальная чарніліца”, дзе была адзначана спецыяльным прызам. На гэтым конкурсе я правяла ўрок літаратурнага чытання.
— Як вы прыйшлі ў педагогіку?
— Выпадкова, але назаўсёды! Я нарадзілася ў маленькай вёсачцы Шчучынскага раёна Гродзенскай вобласці, вучылася ў звычайнай базавай школе. Каб скончыць сярэднюю школу, трэба было ездзіць у суседнюю вёску, якая знаходзілася за пяць кіламетраў ад маёй. Перспектыва ранніх пад’ёмаў не вельмі цешыла, таму было прынята рашэнне паступаць пасля 9 класа і атрымліваць прафесію. Выбар выпаў на Лідскае педвучылішча (пазней перайменаванае ў Лідскі дзяржаўны педагагічны каледж). На 2 курсе, калі пачалася практыка ў школе, я зразумела, што педагогіка з кожным днём навучання ў каледжы захоплівае маю душу ўсё больш і больш. Менавіта тады ўва мне пачаў зараджацца не проста настаўнік, а настаўнік, які цікавіцца, захапляецца сваёй справай, імкнецца да самаразвіцця, самаўдасканалення і вельмі любіць дзяцей. І тады ж, на 4 курсе, у маім жыцці адбыўся першы конкурс педагагічнага майстэрства.
Скончыўшы каледж у 2002 годзе, я вярнулася ў родную Гурнафельскую базавую школу. З таго часу і пачаўся мой педагагічны шлях. Памятаю свае першыя крокі ў прафесіі, калі апаноўваў страх зрабіць штосьці не так, як чакаюць старэйшыя калегі, бацькі, дзеці. Потым я зразумела, што поспех будуецца на памылках, трэба спрабаваць і не спыняцца, ісці наперад. Вучылішча дало моцную метадычную базу ў плане падрыхтоўкі да ўрокаў, пазакласных мерапрыемстваў. Не было нейкіх асаблівых праблем. Вельмі падтрымлівалі мае пачынанні і ініцыятывы кіраўніцтва школы і калегі. Адзінае, чаго, здаецца, не хапала тады, — колькасці дзяцей. У маім класе было толькі 6 вучняў, і арганізаваць паўнавартасную навуковую работу або паставіць маштабны спектакль не атрымлівалася.
— У вас ёсць жыццёвы дэвіз?
— Ёсць вельмі шмат фраз і думак, да якіх даводзіцца звяртацца і паўтараць практычна штодзень. Сярод іх ёсць дзве любімыя: “Ні дня без добрай справы!”, “Бойцеся быць непатрэбнымі!”…
Чытайце інтэрв’ю Наталлі Калядзіч у нумары ад 6 студзеня 2023 года.