Памяць пра дачарнобыльскае жыццё Клімавіцкага раёна захоўваецца ў Ціманаўскай школе

- 13:04Новости

Памяць пра дачарнобыльскае жыццё Клімавіцкага раёна, калі на месцы выселеных вёсак віравала жыццё, гучаў дзіцячы смех, захоўваецца ў Ціманаўскай сярэдняй школе. Падрабязнасці – у матэрыяле карэспандэнта “Настаўніцкай газеты”.

Па традыцыі кожны год напярэдадні 26 красавіка і ў сам дзень чарнобыльскай трагедыі ў школу прыяз­джаюць жыхары былых населеных пунктаў Ціманаўскага сельсавета, каб сустрэцца з землякамі, прыгадаць сваю маладосць, дзяцінства, чарговы раз наведаць школьны музей з яго унікальнай экспазіцыяй “Памяць Чарнобыля”.

Падобныя раздзелы створаны і ў іншых установах адукацыі Магілёўшчыны, аднак унікальнасць музея Ціманаўскай школы ў тым, што значную частку экспазіцыі складаюць фотаздымкі. На чорна-белых картачках (як казалі калісьці вяскоўцы) — выпускнікі былой Савініцкай сярэдняй школы, партрэты землякоў, моманты далёкага, напоўненага штодзённымі сялянскімі клопатамі, жыцця.

Усе гэтыя экспанаты трапілі ў музей з розных куточкаў Беларусі і свету — адтуль, дзе сёння жывуць ўраджэнцы Клімавіцкага раёна, якіх радыяцыйнае воблака прымусіла пакінуць родныя мясціны.

У музейнай зале прадстаўлена інфармацыя пра выселеныя, а потым пахаваныя пасля аварыі на ЧАЭС вёскі нашага раёна. Можна паглядзець фатаграфіі вясковых вуліц, партрэты жыхароў, сямейныя фота землякоў, фотаздымкі славутых мясцін, а таксама іншыя матэрыялы, якія былі прадстаўлены ўраджэнцамі вёсак Савінічы, Цітаўка, Студзянец, Шышкаўка, Ігнатаўка, Горкі, Будзішча, Кіслядзь, Канчары… Усяго змешчана інфармацыя пра 16 вёсак. Дарэчы, у 2010 годзе выйшла абноўленая карта Клімавіцкага раёна, і ўсе гэтыя населеныя пункты пазначаны як урочышчы.

Шмат матэрыялу пра Савініцкую сярэднюю школу сабрана дзякуючы яе выпускнікам. Экспанаты расказваюць пра дырэктараў, настаўнікаў, вучняў. Многіх з гэтых людзей ужо няма ў жывых, але памяць пра іх захоўваецца. Нашы школы, дарэчы, былі пабудаваны па адным праекце. Таму выпускнікі Савініцкай школы, калі прыхо­дзяць да нас, адзначаюць, што нібыта вяртаюцца ў будынак роднай навучальнай установы, — расказвае дырэктар Ціманаўскай сярэдняй школы Пётр Леанідавіч Шашкоў.

Чарнобыльская трагедыя прымусіла вяскоўцаў пакінуць родныя мясціны. Кагосьці лёс закінуў у далёкія куткі свету, хтосьці перасяліўся ў іншыя рэгіёны Беларусі, аднак многія не змаглі развітацца з зямлёй продкаў і засталіся жыць у Клімавіцкім раёне. Для такіх людзей у Ціманаве былі пабудаваны дамы. Цяпер гэтую частку аграгарадка называюць пасёлкам перасяленцаў. Як і ў кожным пасёлку, тут ёсць вуліцы. І галоўная з іх — Мірная. Сімвалічная назва. Менавіта мірнай, стваральнай працай адра­джаюць некалі пацярпелую ад радыяцыі родную зямлю працавітыя клімаўчане.

Дзякуючы перасяленцам і была створана чарнобыльская экспазіцыя. Шмат рэчаў перададзена выпускніцай Савініцкай сярэдняй школы Лідзіяй Іванаўнай Шавялёвай. Гэта ў асноўным фотаальбомы, у якіх засталіся ўспаміны аб роднай вёсцы, знаёмых і блізкіх людзях. Шчодра папоўніла экспазіцыю і Ганна Аляксандраўна Тарасенка са Студзянца. Акрамя фотаздымкаў, яна прынесла ліхтарык, футляр для акуляраў, скураны кашалёк. Адна з самых цікавых рэчаў — радыёпрыёмнік 1964 года. А яшчэ жанчына перадала сямейныя рэліквіі: крэсла і куфэрак, якому каля сотні гадоў. Побач пад шклом ляжаць пенсіённае пасведчанне, гадзіннікі і каралі жыхаркі вёскі Горкі Клаўдзіі Іванаўны Антонавай.

У чытачоў можа ўзнікнуць цалкам заканамернае пытанне: а ці бяспечныя гэтыя рэчы, ці не перавышае ў іх норму ўзровень радыяцыі? Як запэўніла намеснік дырэктара па выхаваўчай рабоце Ірына Васільеўна Ільюшчанка, усе экспанаты правераны, таму іх захаванне ў школьным музеі цалкам бяспечнае, не прыносіць шкоды здароўю дзяцей.

Як заўсёды, 26 красавіка ў музеі Ціманаўскай сярэдняй школы будзе шматлюдна. З розных куточкаў Беларусі і свету на малую радзіму прыедуць жыхары былых вёсак. Будуць гучаць не толькі сумныя ўспаміны, але і радасныя словы падзякі сённяшнім жыхарам Клімавіцкага раёна за тое, што сваёй руплівай працай яны адра­дзілі родную зямлю.

Ігар ГРЭЧКА
Фота аўтара