Памяць пра подзвіг народа ў гады Вялікай Айчыннай вайны захоўваюць экспанаты школьных музеяў

- 10:10Новости

Якую гісторыю можа расказаць прадмет ваенных часоў, даведаліся ў музеях устаноў адукацыі.

Почыркам ветэрана

У сярэдняй школе № 11 імя генерала арміі А.І.Антонава Гродна захоўваюцца малюнкі, аўтар якіх — ветэран 62-­га авіяцыйнага палка, які ўдзельнічаў у вызваленні горада.

Кіраўнік музея воінскай славы настаўніца гісторыі і грамадазнаўства Ала Севярынава акуратна прыўзнімае шкло музейнага стэнда і з асцярожнасцю бярэ ў рукі замалёўкі сведкі вогненных гадоў ветэрана Віталя Іванавіча Дзеркача. На малюнках — баявыя сцэны з самалётамі…

— Сёння ў нас захоўваюцца тры чорна-белыя арыгіналы. Значная частка каляровых малюнкаў — у асноўным партрэты аднапалчан — у пачатку гэтага стагоддзя былі перададзены ў Гродзенскі дзяржаўны гісторыка-археалагічны музей. Але падчас экскурсій расказваем дзецям і пра іх — у фондах ёсць копіі, — расказвае Ала Севярынава.

Сюжэты алоўкавых карцін з выразна прарысаванымі дэталямі — зыходны пункт для аповеду аб баявым шляху авіяцыйнага палка.

Пачаўся ён восенню 1941 года пад ­Масквой, а завяршыўся 5 мая 1945 года ў Берліне. Двойчы яго лётчыкі паўтаралі знакаміты подзвіг Мікалая Гастэлы.

— Многае пра баявы шлях палка ведаем па ўспамінах відавочцаў. Пошукавая група нашай школы ў свой час перапісвалася з ветэранамі 62-га штурмавога авіяпалка, у тым ліку і з камандзірам Філіпам Сцяпанавічам Старавойтавым. Значная частка экспанатаў сабрана пры іх непасрэдным ­удзеле. Уласна, ветэраны 62-га авіяцыйнага палка, якому за забеспячэнне наземных войскаў пры вызваленні Гродна прысвоена назва “Гродзенскі”, былі нашымі ганаровымі гасцямі і ў дзень адкрыцця музея ў 1984 годзе, — дэманструючы адпаведныя фотаздымкі, працягвае суразмоўніца.

Полк прымаў актыўны ўдзел у тым ліку ў вызваленні Віцебска, Чавус, Магілёва… Пасля вайны шэфства над ім узялі касманаўты. І гэты факт таксама ілюструе фота музейных стэндаў, дзе лётчыкі-штурмавікі размаўляюць з Пятром Клімуком. Сустрэчы ветэранаў нярэдка праходзілі ў Зорным гарадку. На адной з іх прысутнічалі і вучні 11-й школы ­Гродна.

— А вось і запрашэнне на гэтую сустрэчу 1987 года, — паказвае Ала Севярынава.

Разам з дырэктарам Галінай Цімафееўнай Лукіной і на той момант яе намеснікам Віктарам Рыгоравічам Капусціным школьнікі правялі ў Маскве некалькі дзён. Падчас адной з сустрэч Віталь Іванавіч Дзяркач, малодшы тэхнік-лейтэнант, і перадаў альбом з малюнкамі.

— Віктар Капусцін, які многія гады ўзначальваў нашу ўстанову і быў сведкам сустрэчы ў Зорным гарадку, успамінаў, што, па словах аўтара работ, частка чорна-белых малюнкаў была зроблена яшчэ ў гады вайны, каляровыя — ужо ў мірны час, — працягвае аповед Ала Севярынава.

Гэтую гісторыю школьнікі заўсёды слухаюць з цікавас­цю, асабліва вучні ваенна-патрыятычных класа і групы, пошукава-даследчага клуба і патрыятычнага клуба “Анто­наўцы”.

— Нярэдка матэрыялы нашага музея становяцца асновай для вучнёўскіх даследчых работ. З іх вынікамі яны выступаюць на канферэнцыі “Памяць у сэрцах жывая…”, якая праводзіцца ў нашай школе з 2017 года і сёлета ўжо ў статусе міжнароднай аб’яднала амаль 130 удзельнікаў, — дадала намеснік дырэктара па выхаваўчай рабоце Алена Багалейша.

Кацярына МАЦЕВІЧ
Фота аўтара

Калібру 76,2…

Снарадная гільза ад савецкай супрацьтанкавай гарматы ў пасляваенныя дзесяцігоддзі спраўна адлічвала ўрокі і перапынкі ў Крынкаўскай сярэдняй школе імя М.Ц.Лынькова Ліёзненскага раёна.

Вялікая Айчынная вайна густа ўсыпала Ліёзненшчыну снарадамі і паліла чалавечай крывёй. Дарэчы, сярод першых — у скла­дзе несмяротнага гарнізона Брэсцкай крэпасці — шлях ворагу заступіў палкавы камісар Яфім Фамін, ураджэнец гэтых мясцін. У пачатку ліпеня 1941 го­да менавіта ў Ліёзне прынялі шэраг ключавых распараджэнняў па арганізацыі падпольнага і партызанскага руху ў тыле гітлераўцаў.

Акупацыя доўжылася з 17 ліпеня бясконцыя 822 дні, падчас якіх у раёне быў забіты кожны другі жыхар. Маўклівым крыкам пра генацыд мірнага насельніцтва гучаць назвы 196 спаленых вёсак, імёны тысяч расстраляных, закатаваных вязняў канцлагера і гета. У першае ж ваеннае лета ў лясах пачалі збірацца атрады народных мсціўцаў. Непасрэдна райцэнтр вызвалілі 10 кастрычніка 1943 года, а фронт стаяў на гэтай зямлі на працягу 9 месяцаў. Жорсткія баі ішлі не проста за кожную вёску — літаральна за кожны пагорак. На тэрыторыі невялікага раёна сёння знаходзяцца 98 воінскіх пахаванняў, уключаючы адзінае ў Беларусі афіцэрскае пахаванне ў вёсцы Стасева, дзе ў брацкай магіле спачываюць больш за 180 абаронцаў Айчыны.

У баі за станцыю Крынкі была смяротна паранена першая ў савецкай гісторыі жанчына-танкіст Марыя Акцябрская. Калі на фронце загінуў муж, яна распрадала маёмасць і напісала пісьмо Вярхоўнаму Галоўнакамандуючаму Іосіфу Сталіну з просьбай на выручаныя сродкі зрабіць танк Т-34 і назваць “Баявая сяброўка”, а яе пасля падрыхтоўкі ўключыць у экіпаж і накіраваць на фронт. Пажаданне выканалі, і жаночая помста стала страшнай для фашыстаў. Не стала гераіні 15 сакавіка.

Традыцыйна ў гэты дзень у Крынкаўскай сярэдняй школе прахо­дзяць урокі памяці, а затым педагогі і навучэнцы ўдзельнічаюць у мітынгу ля помніка на месцы яе апошняга бою, ускладаюць кветкі. Імя Героя Савецкага Саюза Марыі Акцябрскай не адно дзесяцігоддзе носіць школьная піянерская дружына, а з 2022 года — сярэдняя школа № 1 у Ліёзне. У Крынках ёй прысвечана асобная экспазіцыя школьнага музея баявой славы.

— Таксама мы далучыліся да міжнароднай ініцыятывы “Званы памяці”, у ходзе якой ва ўсіх мясцінах, звязаных з імем Марыі Акцябрскай, гу­чаць званы, — расказаў загадчык музея настаўнік гісторыі Васіль Купчонак. — Якраз дзякуючы названай акцыі ў нас з’явіўся новы экспанат. Званок зроблены з гільзы, хутчэй за ўсё, ад супрацьтанкавай гарматы ЗІС-3 — самай масавай артылерыйскай зброі часоў Вялікай Айчыннай вайны. Снарады такога ж калібру 76,2 прымяняліся на ранніх мадэлях танка Т-34 і цяжкага танка КВ-1. Невядома, хто і калі зрабіў канверсію. Затое як выпускнік школы добра памятаю гэты званок: у нас яго выкарыстоўвалі, калі адключалася электрычнасць. Вярнуўшыся ў родную школу працаваць, званок я ўжо не заспеў і палічыў страчаным. А тут сталі рыхтавацца да акцыі. Званочкі з банцікам для яе не вельмі падыходзілі, мы шукалі што-небудзь больш прыдатнае. Кінулі кліч аб дапамозе — і нечакана адна з работніц школы прынесла знаёмы мне з дзяцінства званок. Яго нізкі набатны голас уліўся ў пераклік “Званоў памяці” гучна, урачыста і трывожна. Цяпер для нас гэта адначасова сімвал вайны і мірнага аднаўлення разбуранай народнай гаспадаркі, знак пераемнасці пакаленняў.

Таццяна БОНДАРАВА
Фота аўтара

Блакадная скарыначка

У гасцей музейнага пакоя Лучынскай базавай школы Рагачоўскага раёна вялікую цікавасць выклікае скарыначка хлеба з блакаднага Ленінграда.

У  Лучынскай базавай школе ў жніўні 2022 го­да быў адкрыты музейны пакой “Лучын на Дняпры”. На працягу апошніх 20 гадоў у выніку пошукава-даследчай дзейнасці, арганізаванай сярод педагогаў, навучэнцаў, а таксама іх бацькоў і жыхароў вёскі, было назапашана шмат інфармацыі і экспанатаў.

— Ключавое месца зай­мае экспазіцыя “Вялікая Айчынная вайна”, у якой адзін з найбольш каштоўных экспанатаў — скарыначка блакаднага хлеба ў 125 грам, — гаворыць начальнік аддзела адукацыі Рагачоўскага райвыканкама Алена Вітальеўна Клачкова. — Для хлопцаў і дзяўчат з Лучынскай базавай школы гісторыя блакаднага Ленінграда вядомая не па чутках, а з першых вуснаў. Скарынка была перададзена ў экспазіцыю музейнага пакоя ў лістападзе 2023 года жыхаркай блакаднага Ленінграда Людмілай Васіль­еўнай Кісель-Загорскай (1934 года нараджэння), прадстаўніцай расійскага Падлеткава-маладзёжнага цэнтра “Лігава”.

Дарэчы, сяброўства паміж калектывам школы і цэнтрам “Лігава” завязалася некалькі гадоў назад дзякуючы значнай фігуры ў гісторыі Вялікай Айчыннай вайны, Герою Савецкага Саюза, лётчыку-асу Пятру Андрэевічу Пілютаву. Лучын — месца яго нараджэння, а ў Ленінградзе ён пражыў большую частку свайго жыцця, зараз там жыве яго дачка Тамара.

— Разам з блакадным хлебам у экспазіцыю былі парададзены копія парт­рэта Пятра Пілютава і ключы ад яго пісьмовага стала. Імя героя непарыўна звязана з блакадным Ленінградам, ён забяспеч­ваў дастаўку прадуктаў паветраным шляхам, у адным баі атрымаў цяжкае раненне, але праз месяц зноў быў у страі. Госця з Санкт-Пецярбурга, Людміла Васільеўна Кісель-Загорская, расказала вучням, што скарыначка хлеба, якую яна падарыла музейнаму пакою, — гэта сімвал надзеі на выратаванне і выжыванне ў самых складаных умовах, — працягвае Алена Вітальеўна. — Яго выпякалі па адмысловым рэцэпце, выдавалі строга па картках у перыяд блакады Ленінграда. Калі першапачаткова для выпечкі хлеба выкарыстоўвалі пшанічную муку, то ў перыяд блакады з’явіліся такія інгрэдыенты, як бярозавыя пупышкі і харчовая цэлюлоза.

125 грам — гранічная вага сутачнай нормы як для служачых, так і для дзяцей. Ужо ў першыя дні вайны нямецкія бамбар­дзіроўшчыкі знішчылі прадуктовыя склады, ежы не хапала. Многія паміралі ад недахопу харчавання. Для тых, хто быў у блака­дзе, перажыў голад, бачыў трагічную смерць блізкіх, скарыначка хлеба з’яўлялася самым вялікім шчасцем.

Алена КАСЬЯН-ПАЎЛЯНКОВА

Такіх баяліся фашысты

Крыху здзіўлена і сур’ёзна разглядаюць старшакласнікі экспанат народнага музея “Ільянскія далягляды” — камсамольскі білет, які быў выдадзены ў 1943 годзе на фронце.

Здзіўленне школьнікаў выклікаў фотаздымак байца-камсамольца. “Гэта ж наш равеснік…” — прашаптаў хтосьці з прысутных. І сапраўды, зусім дзіцячы твар, толькі вельмі сур’ёзны, глядзеў на іх з маленькай фотакарткі.

Дзмітрый Іванавіч Бірукоў нарадзіўся ў вёсцы Быкаўка Шчыгроўскага раёна Курскай вобласці ў 1926 годзе. Ён сустрэў вайну падлеткам на Радзіме. Быў частым госцем нашай установы і шчодра дзяліўся ўспамінамі аб перажытых ваенных падзеях. Вось некаторыя з іх: “У нашай вёсцы немцы не стаялі. Прыязджалі, каб на­браць мяса, малака, хлеба. Пазней пачалі ў людзей забіраць і коней. У дзядзькі Вані быў добры конь. Аднойчы немцы прыйшлі па яго. Мяне ўзялі ў якасці возніка. Думаў, дадому ўжо не вярнуся, але пашанцавала. Цяжка было ў вайну з харчаваннем. Галадалі. Бывала, калі есці не было чаго, падлеткі збіраліся, бралі сякеры і секлі для сваіх сем’яў мяса забітых коней.

У мяне і майго сябра пастаянна ў галаве жыла думка: трэба бегчы на фронт. Такі момант выпаў летам 1943 года. Фашысты пасля паражэння пад Курскам сталі адступаць, у нашу вёску прыйшла Чырвоная Армія”.

Дзмітрый Бірукоў і яго сябар пайшлі з войскам. На той момант яму было няпоўных 17 гадоў. Пешшу ў Тульскую во­бласць, 250 кіламетраў на станцыю Яфрэмаў, затым у Чувашыю, а потым яго залічылі ў снайперскую роту 95-га зенітна-стралковага палка. Умовы жыцця навабранцаў былі суровымі. Харчаваліся па трэцяй катэгорыі: сухары і салёная рыба. Імкнуліся як мага хутчэй тра­піць на фронт. 5 чэрвеня Дзмітрый прыняў прысягу і быў адпраўлены ў 553-і зенітна-артылерыйскі полк, дзе праслужыў да канца вайны, меў шмат узнагарод. Затым працягнуў службу да 1950 го­да. Пасля лёс прывёў Дзмітрыя Іванавіча ў Беларусь, дзе ён застаўся жыць і працаваць пасля заканчэння Курскага аўтамеханічнага тэхнікума ў 1953 го­дзе.

“Мы часта ішлі напралом, не думаючы аб наступствах і цане жыцця. Такіх больш за ўсё і баяліся фашысты. Не раз кулі свісталі над галавой, але сур’ёзных раненняў не было”, — успамінае Дзмітрый Іванавіч. Свой камсамольскі білет ветэран з пяшчотай і павагай перадаў у наш музей, дзе ў якасці экспаната ён заняў пачэснае месца ў экспазіцыі “Водгаласы ліхалеццяў”.

Ідзе час. Ужо даўно няма з намі ветэрана. Унук Дзмітрыя Іванавіча — выпускнік школы Ілья Бірукоў — з гордасцю прыво­дзіць у музей ужо сваю маладую сям’ю. А перададзены дакумент разам з многімі іншымі ваеннымі рэліквіямі дае ўрокі жыцця падрастаючаму пакаленню. Каб памяталі.

Алеся ЮШКО,
настаўніца замежнай мовы, кіраўнік праектна-даследчага цэнтра

Ільянскай сярэдняй школы імя А.А.Грымаця Вілейскага раёна
Фота аўтара

Трафей медсястры

Невялікі скураны пенал не адразу прыцягвае ўвагу наведвальнікаў музея баявой славы Цэнтра дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі Бабруйска. Аднак у гэтай рэчы свая адметная гісторыя.

— У музей пенал перадала сям’я навучэнкі Наталлі Дзітачэнка. Там знаходзяцца трафейныя нямецкія хірургічныя інструменты. Імі карысталася прабабуля дзяўчынкі, якая франтавой медсястрой прайшла ўсю Вялікую Айчынную вайну, — паведаміла метадыст цэнтра Святлана Барысенка.

Ваенны артэфакт быў знойдзены выпадкова. На незвычайны прадмет сям’я звярнула ўвагу, разбіраючы стары хлеў на дачы. Унутры пенала знайшлі медыцынскія інструменты нямецкай вытворчасці: розныя іголкі, металічны футляр з шаўковымі ніткамі, прыстасаванні, якія выкарыстоўваюцца ў хірургіі.

— Бацькі расказалі, што гэта ваенны трафей маёй прабабулі Ганны Рыгораўны Канода. Перад пачаткам вайны яна толькі скончыла Адэскую фельчарска-акушэрскую школу, а ўжо са жніўня 1941 года па асабістай ініцыятыве трапіла на фронт. Служыла і ў тылавых шпіталях, і на перадавой. Падчас баявых аперацый па фарсіраванні ракі Заходні Буг, працуючы старшай аперацыйнай сястрой у хірургічнай групе, аказала неабходную дапамогу звыш 30 параненым байцам. У цяжкім баявым становішчы правяла 12 пераліванняў крыві, наклала 30 шын, выканала 20 іншых маніпуляцый.

За самаадданую працу прабабуля была ўдастоена ордэна Чырвонай Зоркі, адзначана таксама медалямі “За баявыя заслугі”, “За абарону Каўказа”, “За перамогу над Германіяй”. Медыцыну прабабуля не пакінула і ў мірны час: была медсястрой у гарадской бальніцы Баб­руйска. Я неверагодна ганаруся яе баявымі і працоўнымі подзвігамі, — падзялілася Наталля.

У сям’і Дзітачэнка доўга думалі над тым, што ра­біць са знойдзенай рэліквіяй. Прынялі рашэнне пера­даць пенал у Цэнтр дадатковай адукацыі. Ужо некалькі гадоў ён займае дастойнае месца ў музеі баявой славы 5-й гвардзейскай танкавай арміі. Пра набор медыцынскіх інструментаў расказваецца на кожнай экскурсіі. Артэфакт дапамагае юным наведвальнікам усвядоміць значнасць подзвігу ваенных урачоў.

— Медыцынскія работнікі заўсёды знаходзіліся ў самай гушчы ваенных па­дзей. Яны выносілі з поля бою параненых, право­дзілі аперацыі пад агнём варожых гармат, штодня ратуючы жыцці, — падкрэсліла Святлана Барысенка. — Уклад медыкаў у перамогу неацэнны. Нябачныя героі вайны, яны вярнулі ў строй мільёны салдат і афіцэраў. Маладому пакаленню важна пра гэта ведаць і памятаць.

Ганна СІНЬКЕВІЧ

Жахлівая праўда

Сёлета краязнаўчы музей “Спадчына” Маларыцкай раённай гімназіі папоўніўся новымі экспанатамі: масквіч Глеб Цукалаў даслаў чатыры копіі фотаздымкаў, звязаных з трагічнымі падзеямі Вялікай Айчыннай вайны.

— Неяк падчас сустрэчы з таварышам размова зайшла пра тое, як 75-я стралковая дывізія ў ліку першых прыняла на сябе ўдар на тэрыторыі Маларыцкага раёна і да 27 чэрвеня 1941 года стрымлівала на сваім участку прасоўванне нямецкіх захопнікаў, — расказвае Глеб Валер’евіч. — Большасць салдат дывізіі з чэрвеня па верасень 1941 года загінулі або зніклі без звестак, некаторыя перажылі жахі фашысцкіх канцлагераў. Каму ўдалося выр­вацца з акружэння, працягвалі ваяваць. Дакументы дывізіі па розных прычынах былі страчаны яшчэ пад Маларытай. У 1960-я гады звесткі пра баявыя дзеянні дывізіі ў чэрвені 1941-га пачаў збіраць тагачасны дырэктар Маларыцкай школы-інтэрната Васіль Маркаў. Цяпер гэтую справу працягваю я.

Падчас размовы знаёмы Глеба Цукалава ўспомніў, што ў яго архіве ёсць некалькі трафейных фотаздымкаў Маларыты часоў Вялікай Айчыннай вайны. Чатыры з іх датаваны чэрвенем 1942 года. На іх зафіксавана знішчэнне яўрэйскага жылля ў райцэнтры. На адным фотаздымку — маёр Розе і каманда “Нюрнберг” пасля выканання задання. Жахлівая праўда ваеннага ліхалецця…

Восенню 1941 года гітлераўцы сагналі яўрэяў Маларыты і прылеглых вёсак у гета. Пад яго выдзелілі каля 50 дамоў у паўночна-заходняй частцы мястэчка. Тут апынуліся больш за 2000 яўрэяў (па іншых даных, каля 3500), у тым ліку дзеці. З-за цеснаты і антысанітарыі ў гета была вялікая смяротнасць. Чэрвеньскім вечарам 1942 года тэрыторыю гета акружылі. Мужчын расстралялі за кіламетр на паўночны захад ад Маларыты, на пясчаным пагорку каля прасёлачнай дарогі на Гвозніцу. Жанчын і дзяцей сагналі ў адно месца пад адкрытым небам, дзе яны ўсю ноч знаходзіліся пад узмоцненай аховай. З самай раніцы асуджаных групамі выводзілі пад канвоем у раён Пясчанкі, дзе забілі мужчын: ставілі на краі ямы і расстрэльвалі з аўтаматаў. Параненых дабівалі паліцаі. Многіх закопвалі яшчэ жывымі. Маё­масць, якая засталася ў гета, была разрабавана і вывезена немцамі.

Глеб Цукалаў — каардынатар таварыства “Памяці воінаў 75-й стралковай дывізіі”, унук камандзіра ўзвода ­115-га стралковага палка, малодшага лейтэнанта Ігната Цукалава, які доўгі час быў у спісе тых, хто знік без вестак у
перыяд з 22 па 26 чэрвеня 1941 года на Маларытчыне. У 1981-м Глеб Валер’евіч прысутнічаў на сустрэчы ветэранаў дывізіі. У Маларыце ён пабываў у 2015 го­дзе з двума сынамі, а ў ­2016-м — з баць­кам. Дзякуючы дырэктару сярэдняй школы № 1 Наталлі Івановай, адшукаў месца, дзе пахаваны яго дзядуля, — брацкую магілу на Кургане Славы ва ўрочышчы Мелавая Гара. У наступныя гады Глеб Цукалаў арганізаваў візіт у Маларыту родных салдат і афіцэраў 75-й стралковай дывізіі.

Мікалай НАВУМЧЫК,
намеснік дырэктара па вучэбна-метадычнай рабоце Маларыцкай раённай гімназіі