Памяць рукатворная

- 9:30Адукацыйная прастора

Установы адукацыі Магілёўскай вобласці актыўна далучыліся да праекта па стварэнні макетаў спаленых вёсак рэгіёна.

Праект быў ініцыіраваны летась абласной ветэранскай арганізацыяй як даніна памяці да 80-годдзя з пачатку Вялікай Айчыннай вайны. Галоўная мэта ініцыятывы — удасканаленне патрыятычнага выхавання моладзі, развіццё ў вучняў цікавасці да гісторыі роднага краю, далучэнне іх да актыўнай даследчай дзейнасці. На працягу года над стварэннем макетаў працавалі навучэнцы і педагогі ва ўсіх раёнах. Цяпер гэта работа знаходзіцца на стадыі завяршэння.

Значна, што за гэты час былі выраблены не толькі непасрэдна макеты. Так, у Рэчкаўскай сярэдняй школе Магілёўскага раёна дзеці і настаўнікі таксама сабралі розныя дакументальныя матэрыялы, якія будуць садзейнічаць захаванню гістарычнай памяці.

— У нашым сельскім Савеце ў гады вайны нямецкімі акупантамі разам з жыхарамі была знішчана вёска Гараны. Загінула звыш 300 мірных грамадзян, сярод якіх жанчыны, старыя, шмат дзяцей. Выратавацца ўдалося адзінкам, — расказала дырэктар школы Ніна Васількова.

Паводле яе слоў, педагогі і навучэнцы даўно займаюцца даследчай і пошукавай дзейнасцю па захаванні памяці аб загінуўшых жыхарах Гаран. У музейным кутку навучальнай установы сабраны гістарычныя дакументы, публікацыі з газет, успаміны ацалелых у трагедыі жыхароў вёскі. Уся гэтая інфармацыя перадаецца ад пакалення да пакалення вучняў.

— Калі навучэнцы рыхтаваліся да стварэння макета, усе гэтыя звесткі былі зноў падрабязна вывучаны, падчас наведвання абласной бібліятэкі былі знойдзены новыя дэталі. Навучэнцаў вельмі ўразіла гэтая трагічная падзея ў гісторыі іх роднага краю. Пад кіраўніцтвам педагога дадатковай адукацыі Настассі Сяргееўны Красоўскай вучні 7—9 класаў працавалі над макетам на працягу трох месяцаў. Работа была вельмі карпатлівай. У вайну Гараны былі дастаткова вялікай вёскай — больш за 40 жылых дамоў, школа, клуб, магазін, млын… У выніку было вырашана зрабіць толькі фрагмент ландшафту, але мы паказалі яго і ў перыяд вайны, і ў мірны час. Правялі своеасаблівую аналогію паміж мінулым і сучаснасцю, бо нашы Гараны пасля перамогі апынуліся ў ліку тых нямногіх вёсак, якія былі адноўлены, — адзначыла Ніна Мікалаеўна.

На яе думку, праекты такой тэматычнай накіраванасці вельмі важныя і патрэбныя ў сённяшніх рэаліях, бо яны істотна ўплываюць на выхаванне ў вучняў патрыятычных якасцей.

— Мы павінны памятаць сваю гісторыю і сваіх герояў. Менавіта на прыкладзе іх подзвігаў, іх адданасці сваёй Айчыне выхоўваць падрастаючае пакаленне. Бо без захавання памяці аб мінулым не можа быць будучыні, — упэўнена Ніна Васількова.

Дарэчы, у ваеннае ліхалецце ў Магілёўскай вобласці было спалена больш за сотню вёсак. У рамках праекта будуць зроблены макеты значнай часткі гэтых населеных пунктаў. Лепшыя з іх пасля перададуць у рэгіянальныя музеі.

Ганны СІНЬКЕВІЧ.
Фота прадастаўлена ўстановай адукацыі.