Мерапрыемства праводзілася ў рамках рэалізацыі праекта «Фарміраванне сацыяльна-эмацыянальных навыкаў навучэнцаў у сістэме агульнай сярэдняй, прафесійна-тэхнічнай і сярэдняй спецыяльнай адукацыі» сумесна з Дзіцячым фондам ААН (ЮНІСЕФ) у Рэспубліцы Беларусь, паведамляе карэспандэнт «Настаўніцкай газеты».
Сярод удзельнікаў сустрэчы былі навучэнцы філіялаў Рэспубліканскага інстытута прафесійнай адукацыі — Індустрыяльна-педагагічнага каледжа, Каледжа сучасных тэхналогій у машынабудаванні і аўтасэрвісе, Мінскага дзяржаўнага аўтамеханічнага каледжа імя акадэміка М.С. Высоцкага.
— Такое мерапрыемства мы праводзім упершыню, — расказала мадэратар сустрэчы, начальнік цэнтра навукова-метадычнага забеспячэння выхаваўчай работы РІПА Святлана Бутрым. — Увогуле паняцце «панэльная дыскусія» прадугледжвае абмеркаванне яе ўдзельнікамі адной важнай тэмы, у гэтым выпадку мы хацелі высветліць, наколькі наша навучэнская моладзь сёння здольна адаптавацца ў вучэбным і пазавучэбным асяроддзі, як маладыя людзі наладжваюць стасункі з равеснікамі, са сваімі педагогамі і ўвогуле, наколькі важны для іх выхаваўчы пасыл у жыцці.
Арганізатары з асаблівым стаўленнем аднесліся да гэтай тэмы, бо яе ўдзельнікамі сталі ўжо сфарміраваныя асобы, са сваёй жыццёвай пазіцыяй, з пэўнымі паводзінамі ў маладзёжным асяроддзі. Але задача была ў тым, каб маладыя людзі выступілі ў дыскусіі не ў якасці навучэнцаў, а сталі экспертамі, якія ўжо могуць зрабіць некаторыя высновы выхаваўчай работы, што праводзіцца ў сістэме прафесійнай адукацыі, падзяліцца асабістым вопытам, прапанаваць новыя напрамкі для далейшага фарміравання асобы, здольнай эфектыўна дзейнічаць у разнастайных сацыяльных сітуацыях, паспяхова займацца прафесійнай дзейнасцю і выбудоўваць кар’еру.
Гэтыя напрамкі абмяркоўваліся падчас работы 5 дыскусійных груп. Навучэнцы вызначалі, якімі павінны быць нефармальныя зносіны з педагогамі, куратарамі, выхавальнікамі інтэрната падчас розных мерапрыемстваў, працоўных акцый, індывідуальных гутарак. Таксама ў цэнтры ўвагі была тэма ўзаемаадносін падчас навучальнага працэсу паміж самімі навучэнцамі і непасрэдна з выкладчыкамі. Удзельнікі сустрэчы адзначылі, што фарміраванню адпаведнага сацыяльна-эмацыянальнага фону, стварэнню камфортнай атмасферы паспрыяюць мерапрыемствы, звязаныя з каманднай работай, эфектыўнай камунікацыяй, а таксама дыялогавыя пляцоўкі і персанальныя гутаркі. Паступалі прапановы распрацаваць і распаўсюдзіць адпаведныя інфармацыйныя матэрыялы па зададзенай тэматыцы, у тым ліку аб выніках правядзення панэльнай дыскусіі, якія можна падаць як у лічбавым фармаце, так і на папяровых носьбітах у выглядзе флаераў, брашур і інш. Плануецца, што такія дыскусіі сярод навучэнцаў будуць праводзіцца і далей.
Ала КЛЮЙКО
Фота прадастаўлена РІПА