Паплечнік у навучанні

- 8:54Педагагічная майстэрня, Рознае партфолiо

На ўрок да Юрыя Уладзіміравіча Каласоўскага, настаўніка беларускай мовы і літаратуры Магілёўскай гарадской гімназі № 1, мне хацелася трапіць даўно. У памяць урэзаліся яго радкі з роздуму пра школьнае жыццё падчас урачыстай лінейкі, прымеркаванай да 1 Верасня: “Здаецца, зусім нядаўна мы з маім 11 “А” рыхтаваліся да апошняга званка і выпускнога, а ўжо цяпер мы з маім 5 “Б” рыхтуемся стаць гімназістамі. Жыццё, як і гісторыя, не развіваецца лінейна, а ідзе па спіралі. Адзін віток, другі, трэці… Менавіта таму ў жыцці кожнага з нас ёсць момант, калі задумваешся і пачынаеш гаварыць сабе: “А гэта ўжо было калісьці…” Але мелі рацыю мудрацы, калі казалі, што ў адну раку нельга ўвайсці двойчы. І хаця падзеі, жыццёвыя гісторыі паўтараюцца, не паўтараемся мы самі, пастаянна мяняючыся і кожны раз па-новаму гледзячы на тое, што было ў мінулым, кожны раз адкрываючы новы, дагэтуль невядомы, сэнс у даўно мінулых падзеях”.

Тады, прачытаўшы гэтыя радкі, я вельмі ўразілася і загарэлася думкай пазнаёміцца з гэтым настаўнікам бліжэй. Ён не быў у лідарах падчас фіналу рэспубліканскага конкурсу “Настаўнік года-2014”, але цяпер гэта абсалютна не важна, бо Юрый Уладзіміравіч — аўтарытэт сярод сваіх вучняў і калег. І мне пашчасціла трапіць на ўрок у той самы 5 “Б” клас, з якім у гэтым навучальным годзе пачаўся новы віток педагагічнай дзейнасці героя сённяшняга рэпартажу.
Урок беларускай мовы для пяцікласнікаў быў апошнім, але прадчуванне свабоды іх не расхалоджвала. Яны, як і Юрый Уладзіміравіч, засяроджана рыхтаваліся да ўрока, з цікавасцю паглядваючы на журналіста. Настаўнік тым часам рабіў апошнія штрыхі. На дошцы была напісана тэма: “Падагульненне і сістэматызацыя вывучанага па раздзеле “Фанетыка і арфаэпія. Графіка і арфаграфія”.
І каб увесці мяне ў курс справы, Юрый Уладзіміравіч патлумачыў: “Плануецца, што да канца ўрока вучні абагульняць і сістэматызуюць набытыя веды па раздзеле і змогуць выкарыстоўваць іх пры пошуку адказу на праблемныя пытанні і ў практычных сітуацыях. Гэта вучэбная мэта. А сярод выхаваўчых і развіццёвых задач галоўнае — развіваць у вучняў уменне прымаць пазіцыю і аргументаваць яе пры правядзенні дыскусіі, выхоўваць культуру індывідуальнай і калектыўнай вучэбнай дзейнасці, ствараць сітуацыі для ўзаеманавучання і, зразумела, выхоўваць павагу да роднай зямлі”.
І вось званок на ўрок і поўная гатоўнасць да сумеснай дзейнасці. Кожны на сваім месцы, дзеці з цікаўнасцю глядзяць на настаўніка, які тым часам агучвае тэму ўрока і звяртае ўвагу вучняў на эпіграф да ўрока. На дошцы запісаны словы Францішка Багушэвіча “Наша мова святая, бо яна нам ад Бога дадзена”. Дзеці чытаюць іх уголас, а потым некалькі хвілін думаюць, што азначаюць словы класіка, як яны іх разумеюць.
“Беларуская мова — гэта тое, што нас адрознівае ад іншых”, “Наша мова самая лепшая”, — праз некалькі хвілін пачалі гаварыць пяцікласнікі. Арганізацыйна-матывацыйны этап урока закончыўся тым, што дзеці павіталіся на мовах краін-суседак.
Урокі Юрыя Уладзіміравіча будуюцца на тэхналогіі актыўнай ацэнкі. Настаўнік пастаянна імкнецца вывучаць і выкарыстоўваць перадавыя педагагічныя тэхналогіі. У 2014/2015 навучальным годзе ён працуе настаўнікам на курсе дыстанцыйнага навучання тэхналогіі актыўнай ацэнкі. Вопытам па ўкараненні элементаў актыўнай ацэнкі ў педагагічную дзейнасць, набытым падчас семінараў у Літве і Польшчы, Юрый Уладзіміравіч ахвотна дзеліцца з калегамі, выступаючы на пасяджэннях метадычнага аб’яднання, на педагагічных саветах. Вялікай папулярнасцю карыстаецца майстар-клас настаўніка па выкарыстанні элементаў стратэгіі актыўнай ацэнкі, які ён рэгулярна праводзіць у Магілёўскім абласным інстытуце развіцця адукацыі, а таксама ў іншых гарадах краіны.
На ўроку ў 5 “Б” праца з элементамі стратэгіі актыўнай ацэнкі прасочвалася на працягу ўсіх 45 хвілін. Для кожнага навучэнца настаўнік падрыхтаваў такі вучэбны дзённік з заданнямі, з якімі дзеці працавалі ўвесь занятак. У першым заданні якраз і трэба было запоўніць табліцу “Вітанне”. У адным слупку былі напісаны вітанні на розных мовах, насупраць якіх трэба было ўпісаць назвы тых краін, дзе гучаць гэтыя вітанні.
І пасля “Labas rytas!”, “Dzien dobru!”, “Доброго ранку!” Юрый Уладзіміравіч прапанаваў вучням вызначыць мэты ўрока, запісаць іх, а пасля агучыць. Папрацаваўшы некалькі хвілін у парах, дзеці вызначылі, што ў выніку яны будуць адрозніваць гукі ад літар, будуць ведаць класіфікацыю гукаў і літар беларускай мовы, будуць правільна вымаўляць і пісаць словы. А для таго каб дасягнуць мэт урока, трэба вызначыць “НаШтоБуЗУ” (крытэрыі дасягнення мэтаў, на якія абапіраюцца вучні пры выкананні заданняў):
— памятаю, што вывучае кожны з названых раздзелаў лінгвістыкі;
— адрозніваю гук ад літары;
— правільна запісваю словы, у якіх вымаўленне не супадае з напісаннем;
— ведаю, у якіх запазычаных словах пасля галосных пішацца У;
— вызначаю правільна запісаныя словы і від памылкі ў іх.
Аператыўна-пазнавальны этап урока патрабаваў адказу на ключавое пытанне: “Чым адметная беларуская мова?” Настаўнік звярнуў увагу, што адказ на гэтае пытанне грунтуецца на ведах фанетыкі, арфаэпіі, графікі і арфаграфіі. Дзеці адразу пачалі агучваць свае думкі: “Беларуская мова адметная сваім вымаўленнем, наяўнасцю літары Ў і правіламі правапісу. Тут вучням была прапанавана работа ў парах і выкарыстаны прыём “Не падымаем рукі”. Акрамя таго, пяцікласнікам была прадстаўлена ацэначная шкала, у якой зялёны колер азначае, што ўсё выканана правільна, жоўты — правільна выканана палова ці большая частка задання, чырвоны — правільна зроблена меншая частка задання.

Першы тэст называўся “Раздзелы лінгвістыкі”. У ім неабходна было знайсці адпаведнасць паміж паняццем і яго значэннем, як, напрыклад, фанетыка — гэта раздзел навукі аб мове, у якім вывучаюцца гукі мовы, націск, склад.
Далей, каб успомніць раней вывучаны матэрыял, было прапанавана задаць пытанні аднакласніку па раздзеле “Фанетыка”, а затым выканаць заданні тэста па фанетыцы і праверыць сябе. Неабходна было адзначыць слова(-ы), дзе колькасць літар і гукаў не супадае, дзе няма мяккіх зычных гукаў, і словы, правільна запісаныя ў фанетычнай транскрыпцыі.
Вельмі спадабалася сапраўды працоўная атмасфера. З аднаго боку, было адчуванне, што ніхто нікуды не спяшаецца, але з другога — працаваў кожны пяцікласнік. Натуральна, вынікі вучэбнай дзейнасці ў кожнага былі розныя (пра гэта сведчылі колеры самаацэнкі), але, самае галоўнае, усім пры гэтым было камфортна. Прынамсі, ні разу за ўрок не ўзнікла адчування, што нехта з дзяцей хвалюецца з-за таго, што нечага не ведае ці не паспявае. Канечне, у вялікай ступені гэта заслуга (калі можна так сказаць) тэхналогіі актыўнай ацэнкі.
Але нельга не ўзгадаць і пра асобу настаўніка, які задае тон усяму ўроку. Юрый Уладзіміравіч са сваімі вучнямі працуе ў цеснай педагагічнай і духоўнай сувязі. Ён пастаянна трымае “на прыцэле” кожнага, а дзеці ў сваю чаргу ўвесь час адчуваюць прысутнасць педагога, яго імкненне дапамагчы, падказаць, падтрымаць. Усё гэта ў рэшце рэшт і дае эфект спакою, ураўнаважанасці і выніковасці ўсім удзельнікам адукацыйнага працэсу.
На працягу сваёй педагагічнай дзейнасці Юрый Уладзіміравіч зарэкамендаваў сябе педагогам, які на ўроках імкнецца не толькі даць дзецям грунтоўныя веды, але і прывіць пачуццё любові да сваёй краіны, паказаць прыгажосць і непаўторнасць роднага краю. Падчас фізкультхвілінкі пяцікласнікі паспелі не толькі парухацца, але і выканаць цікавае заданне.
Фізкультхвілінкай стала своеасаблівае падарожжа. На адпаведнай картцы трэба было запісаць сваё імя і прымацаваць да горада, які падыходзіць:
Гродна — калі кольскасць гукаў супадае з колькасцю літар;
Глыбокае — калі колькасць гукаў большая за колькасць літар;
Гомель — калі колькасць гукаў меншая за колькасць літар.
Усё гэта рабілася пад музыку роліка БК “Цмокі-Мінск”.
Далей была моўная размінка, падчас якой дзеці вызначалі краіну-суседку, дзе баскетбол — від спорту № 1 (Літва). Трэба адзначыць, што выхаванцы Ю.У.Каласоўскага ўмеюць не толькі вітацца на мовах краін — суседак Беларусі, але і, напрыклад, лічыць па-літоўску.
Наступным заданнем стала слоўнікавая дыктоўка (для праверкі ведаў па арфаэпіі), пасля якой зноў-такі вучні правяралі і ацэньвалі сябе ў адпаведнасці з “НаШтоБуЗу”. І тут жа настаўнік прапанаваў пяцікласнікам звярнуць увагу на табліцу са словамі вітання і параўнаць алфавіты розных моў.
У тэсце на праверку ведаў па графіцы неабходна было ўставіць прапушчаныя літары у або ў. Тэст па арфаграфіі прадугледжваў работу з тэкстам, у якім неабходна было выправіць арфаграфічныя памылкі. А напрыканцы ўрока ўсе зноў вярнуліся да ключавога пытання, якое гучала ў пачатку. Гэта была праверка разумення і карэкцыя ведаў. Трэба адзначыць, што адказы дзяцей сапраўды сталі больш упэўненымі, а веды — трывалымі.
“Беларуская мова адметная:
— літарай ў,
— аканнем і яканнем (напрыклад, малако, лясны),
— гукамі дж, дз, дзеканнем, цеканнем (напрыклад, дзядуля, цёплы),
— мілагучнасцю”, — падсумавалі дзеці разам з настаўнікам.
Падчас рэфлексіі Юрый Уладзіміравіч прапанаваў сваім вучням ацаніць сябе і вызначыць тое карыснае, што кожны вынесе з урока. І ў адпаведнасці з вынікам было прапанавана выбраць сабе дамашняе заданне.
Празвінеў званок. Урок скончыўся. Дзеці пачалі збірацца, задаволеныя не толькі заканчэннем заняткаў, але і ўрокам, а дакладней, яго вынікамі. Многія падчас рэфлексіі адзначалі, што рады сваім высокім адзнакам. А значыць, іх вучэбная дзейнасць на ўроку была эфектыўнай. Задаволеным застаўся і Юрый Уладзіміравіч. Усё прайшло, як ён і планаваў.
— Сёння актыўнай ацэнкай ужо не здзівіш, таму я стараюся не проста выкарыстоўваць гэтую стратэгію, але імкнуся таксама паказаць дзецям сябе як асобу, — пачаў нашу рэфлексіўную гаворку педагог. — Мяне цікавіць спорт, я займаюся марафонскім бегам, люблю падарожжы па роднай Беларусі (на працягу апошніх дзесяці гадоў ён актыўна падарожнічае па Беларусі, наведаў 116 са 118 раёнаў нашай краіны.Заўв. аўтара). Усё гэта стараюся даносіць і да сваіх вучняў праз розныя заданні. Звяртаюся да такога прыёму, як “Падарожжы ў прасторы і часе”, калі дзеці адначасова з ведамі па мове і літаратуры атрымліваюць цікавыя звесткі па гісторыі і геаграфіі Беларусі. Імкнуся адаптаваць стратэгію актыўнай ацэнкі да сваёй педагагічнай сістэмы.
Гэтая стратэгія ўключае ў сябе шэраг элементаў: узаемаацэнка, самаацэнка, ключавое пытанне, прыём “не падымаем рукі”, крытэрыіі ацэнкі “НаШтоБуЗу”, фармулёўка мэт урока самімі вучнямі. Усё гэта дзейнічае ў сістэме, але пачынаць трэба з элеменатаў, таму калі гаварыць менавіта пра 5 “Б”, то пачыналі мы з мэт урока, потым уводзіліся крытэрыі ацэнкі. Затым, карыстаючыся дапаможнікам, паспрабавалі прыём “не падымаем рукі”, самаацэнку, узаемаацэнку. Але на ўроку не трэба імкнуцца паказаць усе элементы актыўнай ацэнкі. Трэба імкнуцца да ўмелага выкарыстання тых элементаў, якія падыходзяць да тэмы ўрока, яго мэт.
Акрамя таго, увядзенню актыўнай ацэнкі папярэднічае тлумачальная работа з вучнямі і бацькамі. Усё трэба рабіць паступова. Цяпер маім вучням падабаецца. Яны з задавальннем карыстаюцца тымі дапаможнікамі па актыўнай ацэнцы, якія мы распрацавалі. Гэта нешта накшталт блакнота, які ўтрымлівае ацэначную шкалу (лісты жоўтага, зялёнага, чырвонага колеру), чатыры карткі з літарамі (А, Б, В, Г), якія неабходны для адказу на праблемныя пытанні, да якіх даюцца варыянты адказу, пазначаныя гэтымі літарамі. Тут важна, каб дзеці ўмелі аргументаваць свой адказ. І самы любімы дзецьмі значок “не падымаем рукі”. Хаця, канечне, спачатку навучыць не падымаць руку было складана. Цяпер усе працуюць старанна і ведаюць, што адсядзецца за плячыма аднакласнікаў ім не ўдасца, бо дзейнасць кожнага навідавоку. Вельмі частымі на ўроках з’яўляюцца экспромты, калі знянацку магу нешта спытаць. Напрыклад, на ўроку літаратуры пры вывучэнні “У старых дубах” Якуба Коласа я спытаў, на якім беразе Дняпра знаходзіцца наша гімназія (у творы ідзе гаворка пра раку Нёман, апісваецца высокі правы бераг). Дарэчы, аналагаў гэтым дапаможнікам у нашай краіне няма, але мы іх распаўсюджваем.
Калі гаварыць канкрэтна пра гэты ўрок, то хацелася ахапіць усе пройдзеныя раздзелы, таму вырашыў разбіць урок на 4 часткі і прапанаваць дзецям адпаведныя заданні. Усё запланаванае было выканана. Урок склаўся кампазіцыйна, і мы ўсё паспелі. Дзеці ацэньвалі самі сябе, таму мне засталося толькі паглядзець іх тэсты.
Па меркаванні педагога, зварот да актыўнай ацэнкі магчымы толькі пры наяўнасці пэўнай педагагічнай базы. Настаўнік будуе сваю педагагічную сістэму, у якой, нягледзячы на ўсе модныя метадычныя напрамкі, нязменным застаецца яго педагагічнае светаадчуванне, якое не абмяжоўваецца нейкімі межамі.
Творчае крэда Юрыя Уладзіміравіча Каласоўскага — лацінскі афарызм “docendo discimus” (навучаючы, вучыцца самому) вельмі добра характарызуе яго педагагічную сутнасць. Ён паплечнік і дарадчык у навучанні кожнаму свайму вучню.
Для Юрыя Уладзіміравіча беларуская мова і літаратура — з’явы жывыя і зменлівыя. Прынамсі, успрымае ён іх менавіта так і стараецца дэманстраваць тое ж вучням. Знаёміць не толькі з творчасцю класікаў беларускай літаратуры, але і сучаснікаў, дэманструючы сувязь пакаленняў. Напрыклад, у яго кабінеце на адной сцяне вісяць партрэты класікаў (Коласа, Купалы, Багдановіча, Гілевіча), а насупраць — нашых маладых літаратараў (Федарэнкі, Жыбуля, Спрынчан).
Юрый Уладзіміравіч — вельмі рознабаковы чалавек. Акрамя спорту і падарожжаў, ён захоплены журналістыкай. Не без гонару ён паказваў мне гімназічную газету. З верасня 2011 года Юрый Уладзіміравіч з’яўляецца рэдактарам гімназічнай газеты “Статус-КВО”, дадатак да якой “Літара” спачатку заняў першае месца на гарадскім конкурсе школьных электронных газет, а затым рэдакцыйны калектыў газеты “Статус-КВО” стаў абсалютным пераможцам Рэспубліканскага конкурсу дзіцячых СМІ “Свежы вецер”.
Педагог валодае польскай мовай, займаецца перакладамі польскай паэзіі і прозы, друкуецца ў гарадскіх і рэспубліканскіх выданнях.
Яшчэ на рахунку Юрыя Уладзіміравіча перамогі на спаборніцтвах па стаерскім бегу. На працягу апошніх гадоў ён прыняў удзел у марафонскіх забегах у Гродне, Лодзі, Торуні, Варшаве і Рызе. Пры гэтым у верасні 2013 года на Варшаўскім марафоне Ю.У.Каласоўскі заняў 78-е месца сярод 8500 удзельнікаў гэтага спартыўнага свята.

Вольга ДУБОЎСКАЯ.
Фота аўтара.