Намеснік Прэм’ер-міністра Беларусі Наталля Качанава лічыць, што трэба ставіць заслону скажонай інфармацыі. Такое меркаванне віцэ-прэм’ер выказала на пасяджэнні калегіі Міністэрства інфармацыі Беларусі.
“Людзі штодзённа чэрпаюць інфармацыю аб падзеях у краіне са сродкаў масавай інфармацыі. Інфармацыя, якая трансліруецца ў СМІ, павінна быць дакладнай і аб’ектыўнай. Калі інфармацыя вырываецца з кантэксту, пераварочваецца і падаецца па-іншаму, зразумела, гэта выклікае рэакцыю людзей. Навошта абмяркоўваць скажоныя факты? Гэтага проста не павінна быць”, — сказала Наталля Качанава.
Віцэ-прэм’ер адзначыла, што работа журналістаў пры ўсёй яе часам складанасці патрабуе сумленнасці і прыстойнасці.
“Рэгіянальныя СМІ сёння карыстаюцца папулярнасцю ў насельніцтва. Людзі любяць і свае газеты, і радыё, і тэлебачанне. Але павінна быць сумесная работа з рэспубліканскімі СМІ па адлюстраванні асноўных падзей, якія адбываюцца ў краіне. Яны павінны знаходзіць адлюстраванне і ў рэгіянальных сродках масавай інфармацыі”, — лічыць віцэ-прэм’ер.
Рэгіянальным СМІ трэба быць ва ўзаемасувязі з вядучымі сродкамі масавай інфармацыі, каб прадастаўляць аб’ектыўную і дакладную ілюстрацыю падзей у Беларусі, падкрэсліла Наталля Качанава.
Віцэ-прэм’ер парэкамендавала беларусам адсочваць усе СМІ, глядзець праграмы навін, чытаць газеты.
Наталля Качанава дадала, што ў СМІ хацела б бачыць больш дзіцячых перадач, праграм і артыкулаў пра гарады Беларусі, пра аб’екты выдатных мясцін, інфраструктуру, што важна для развіцця турызму і станоўчага аблічча краіны.
Яна таксама звярнула ўвагу ўсіх СМІ на неабходнасць адгукнуцца на патрэбы людзей з абмежаванымі магчымасцямі, інвалідаў. У Беларусі ёсць тэлеканал “Жэст”, які дэманструе галоўным чынам кінафільмы. “Трэба насычаць тэлеканалы жэставай інфармацыяй, каб людзі з фізічнымі адхіленнямі мелі магчымасць атрымліваць паўнацэнную інфармацыю”, — сказала Наталля Качанава.
Міністр інфармацыі Беларусі Лілія Ананіч у сваім выступленні заклікала мясцовыя газеты нарошчваць эфектыўнасць свайго кантэнту.
Лілія Ананіч адзначыла, што ў цэлым мясцовыя газеты адчуваюць сябе ўпэўнена: па выніках 2015 года прыбыткова спрацавалі 94 рэдакцыі, у меншай ступені па рэгіянальнай прэсе назіраецца спад тыражоў.
“Мы не можам прыняць такую пазіцыю рэдакцый мясцовых сродкаў масавай інфармацыі, калі створаны ў інтэрнэце партал “СМІ Беларусі”, адна з галоўных задач якога — папулярызацыя інфармацыі менавіта рэгіянальных СМІ, не знаходзіць належнай увагі з боку рэдакцыі. Мы аб гэтым неаднаразова гаварылі, ужо нават няёмка паўтарацца па гэтай тэме”, — сказала кіраўнік ведамства.
Яна таксама акцэнтавала ўвагу на праблеме спаду тыражоў рэспубліканскіх масава-палітычных друкаваных СМІ ў цэлым. “Гэта сведчыць аб новых тэндэнцыях, трэндах у развіцці інфармацыйнага поля”, — заўважыла міністр.
Ва ўмовах, калі друкаваны сегмент скарачаецца, трэба шукаць дадатковую аўдыторыю, прымяняючы для гэтага адпаведныя тэхналагічныя фарматы, пераканана Лілія Ананіч. Так, у мэтах найбольшага ахопу аўдыторыі найважнейшай задачай дзяржаўных сродкаў масавай інфармацыі застаецца развіццё мультымедыйнага складніка ў сваёй дзейнасці. “Прыярытэтным напрамкам павінна быць распаўсюджванне кантэнту па максімальна магчымых каналах: друкаваныя, мабільныя, інтэрнэт-версіі, аўдыявізуальныя рэсурсы. І вельмі важна папулярызацыя дзяржаўнай інфармацыі ў сетцы інтэрнэт”, — дадала яна.
Як адзначыла міністр, электронныя сродкі масавай інфармацыі з’яўляюцца сёння не толькі камунікатыўным сродкам, але і галоўным інструментам уздзеяння на грамадства. Інфармацыйнае поле Беларусі, інтэграванае ў сусветныя інфармацыйныя патокі, пастаянна адчувае знешні ўплыў.
“Перад электроннымі СМІ стаіць найважнейшая задача па інфармацыйным процідзеянні дэструктыўнаму ўздзеянню на грамадскую думку”, — сказала Лілія Ананіч.
Яна таксама выказала меркаванне, што СМІ неабходна ўсімі сіламі ўзмацняць інфармацыйнае забеспячэнне рэалізацыі дзяржаўных задач, аргументавана процістаяць спекуляцыям на эканамічных цяжкасцях, акцэнтаваць увагу аўдыторыі на дасягненнях Беларусі па розных напрамках. “Нам ёсць што паказаць. Гэта трэба выносіць на экраны тэлевізараў, на старонкі газет”, — пераканана Лілія Ананіч.