«Заняткі спевамі — гэта сучасна і карысна»: цікава пра свой напрамак расказваюць педагогі дадатковай адукацыі

- 12:10АРТ-квартал, Новости

У якім стане сёння дзіцячая харавая творчасць у краіне? Якія ў яе задачы? Карэспандэнт “Настаўніцкай газеты” пагутарыла з лепшымі педагогамі харавога мастацтва рэспублікі.

У Нацыянальным цэнтры мастацкай творчасці дзяцей і моладзі адбылася рэспубліканская творчая лабараторыя “Сучасныя тэндэнцыі развіцця дзіцячай харавой творчасці”. Сюды з’ехаліся педагогі дадатковай адукацыі, кіраўнікі дзіцячых харавых калектываў з усёй рэспублікі — усяго 55 чалавек. Асноўны ўпор у размове быў зроблены на папулярызацыю харавога мастац­тва. Педагогі абмяркоўвалі, як яго сёння трэба развіваць у цэнтрах дадатковай адукацыі і ў сярэдніх школах, правялі панэльную дыскусію па рэпертуарнай палітыцы. Прафесійныя хормайстры арганізавалі для маладых калег карысныя майстар-класы, выступілі лепшыя харавыя калектывы рэс­публікі. Адзін з іх — “Фэст”, узорны хор сярэдняй школы № 201 Мінска.

— Асноўныя тэндэнцыі харавога мастацтва сёння — шматжанравасць, сумяшчэнне харавой і харэаграфічнай творчасці, — заўважае мастацкі кіраўнік хору “Фэст” Эла Старажук, якая правяла майстар-клас для педагогаў. — Стараемся ім адпавядаць! Мы заўсёды ў руху, займаемся самаразвіццём, шмат выступаем перад гледачамі, вандруем. Так, 7 снежня мы едзем у Маскву на чарговы конкурс. Дзеці ў нас актыўныя, любяць усё новае. Нягледзячы на тое, што я прыхільнік класікі, выкарыстоўваем шмат музыкі сучасных беларускіх выканаўцаў, сучасныя апрацоўкі, мелодыі, рытмы — гэтага патрабуе час. Наш калектыў пачынаўся яшчэ ў 90-я гады, нам давялося працаваць з легендарным дырыжорам М.Фінбергам — ён быў вядомы наватар і ўжо тады ўносіў у рэпертуар сучасныя элементы.

Хормайстар адзначае, што калі дзіця хоча пець у хоры, то бацькам абавязкова трэба даць яму шанс, не перашкаджаць:

— Заняткі ў нашым калектыве даюць хлопчыкам і дзяўчынкам пуцёўку ў цікавае творчае жыццё. Многія выпускнікі паступаюць ва УВА — Беларускую дзяржаўную акадэмію музыкі, Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт культуры і мастацтваў. Сёння ў “Фэсце” спяваюць 80 дзяцей. Асаблівую падзяку хачу выка­заць дырэктару школы Людміле Аляксандраўне Фёдаравай, якая ва ўсім падтрымлівае наш харавы напрамак.

Ансамбль народнай песні “Ярыца” Магілёўскага абласнога цэнтра творчасці не так даўно заняў 2-е месца ў рэспубліканскім фестывалі-конкурсе “Спяваем разам” у намінацыі “Народны вакал”.

Свае майстар-класы таксама правялі Таццяна Барташук, кіраўнік узорнага хору “Сябрына” з гімназіі № 4 Мінска, і Таццяна Брытко, кіраўнік узорнага хору “Вішанька” са сталічнай сярэдняй школы № 115.

— Наша “Ярыца” — гэта вядомы брэнд. Ансамблю 30 гадоў, за гэты час мы выпусцілі сотні дзетак. Бяром маленькіх спевакоў з 5-гадовага ўзросту, — расказвае пра калектыў яго кіраўнік Людміла Жукава. — Спевы спалучаем з харэаграфіяй — гэта сучасная тэндэнцыя. Дзецям вельмі падабаюцца канцэрты, высту­паць на сцэне. Удзел у хоры разнявольвае іх, што вельмі спатрэбіцца нашым выхаванцам у будучыні.

Сёння ў “Ярыцы” займаецца каля 100 дзяцей. Значную ролю ўзорны ансамбль адво­дзіць вывучэнню фальклору Магілёўшчыны, захаванню музычных традыцый Прыдняпроўя.

Ганна Аверына, намеснік дырэктара Нацыянальнага цэнтра мастацкай творчасці дзяцей і моладзі:

— Сёння ў сістэме агульнай сярэдняй і дадатковай адукацыі працуе звыш 150 аб’яднанняў па інтарэсах харавога напрамку, якія наведвае каля 1680 вучняў. Харавое мастацтва не толькі развівае ў дзяцей слых, але і памяць, мову, фарміруе эмацыянальны водгук на розныя з’явы жыцця. А таксама пачуццё каманднас­ці, узаемадапамогі.

Інга Лісоўская, дацэнт кафедры харавой музыкі Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта культуры і мастацтваў, у сваёй прэзентацыі паказала практыкаванні з уласнага вопыту на псіхалагічнае расслабленне спевакоў, разнявольванне артыкуляцыйнага апарату, правільнае дыханне. Асаблівую цікавасць выклікала інфармацыя пра вакальную тэрапію LaxVox, якая дазваляе добра падрыхтаваць голас перад выступленнем.

Людміла Куцалай, старшы педагог кафедры музычна-педагагічнай адукацыі факультэта эстэтычнай адукацыі Беларускага дзяржаўнага педагагічнага ўніверсітэта імя Максіма Танка:

— Хор — адзін з інструментаў сацыялізацыі моладзі, яе патрыятычнага выхавання. Харавая музыка — рэтранслятар эмоцый і ідэй народа. Гэта актыўная творчая камунікацыя ў групах, хор нагадвае вялікую сям’ю, дзе кожны робіць свой уклад у агульную гармонію.

Чаму хораша ў хоры

“Калі б мне прыйшлося рэкламаваць харавыя заняткі для бацькоў, якія вагаюцца, куды аддаць дзіця, я сказаў бы, што хор — гэта асаблівы свет, прычым вельмі цікавы”, — падзяліўся сваім меркаваннем кіраўнік і дырыжор народнай харавой капэлы “Раніца” Віктар Масленнікаў.

— Па-першае, такая творчасць дае магчымасць удзельнічаць у гастролях, вандраваць, знаёміцца з культурай розных народаў. Я, напрыклад, аб’ездзіў шмат краін, толькі ў Германіі быў 45 разоў! — адзначае Віктар Са­вельевіч. — Па-другое, заняткі спевамі — гэта вялікая карысць для здароўя: дзеці вучацца правільна дыхаць, а значыць, лёгкія добра вентылююцца. Нездарма існуе прымаўка “Хто спявае, той доўга жыве”. І трэцяе, самае галоўнае, — хор далучае дзяцей да сусветнага мастац­тва. Мы выконваем кампазіцыі на вершы Пушкіна, Цютчава, Лермантава, іншых паэтаў. Дзеці вучаць на памяць літаратурныя творы, у іх развіваецца агульная эрудыцыя. Яны знаёмяцца і з нашай беларускай народнай спадчынай. Я наогул лічу, што школьнікі, якія спяваюць у хоры, вучацца лепш за іншых, — гэтае маё меркаванне заснавана на ўласным вопыце.

“Раніцы” ў гэтым годзе споўнілася 35 гадоў, калектыў — лаўрэат шматлікіх міжнародных фестываляў. Віктар Масленнікаў узнагаро­джаны знакам “Выдатнік адукацыі” ў тым ліку і за папулярызацыю харавога мастацтва.

— Вы, напэўна, лепш за многіх ведаеце, як зацікавіць дзіця, каб яно займалася харавымі спевамі?

— Шмат залежыць ад прыроды, задаткі павінны існаваць. Але важна іх не ўпусціць, і ў гэтым задача педагогаў, бацькоў. Трэба, каб з кожным дзіцем вялася карпатлівая праца. Не трэба адмаўляцца ад заняткаў, калі нешта не атрымліваецца. У мяне былі выпадкі, калі, здаецца, зусім безнадзейныя вучні раптам выпраўляліся, у іх прачынаўся талент.

— Як ацэньваеце падрыхтоўку маладых харавых выканаўцаў у цэнтрах дадатковай адукацыі, у школах краіны?

— Штогод па ўсёй рэспубліцы праходзяць адборы адораных дзяцей — мы шукаем лепшых. І знаходзім — талентаў хапае. Вядома, хацелася б, каб у школах з’яўлялася больш харавых гурткоў. Доб­ра было б, на мой погляд, вярнуць практыку, калі харавыя заняткі ўваходзілі ў сетку школьных прадметаў, каб былі агульнаадукацыйныя школы з музычна-харавым і эстэтычным напрамкам. Калі спяваюць дзеці — гэта вельмі важна. Як кажуць, калі заспявае школа — заспявае ўся краіна.

Лізавета МІЦКЕВІЧ
Фота прадастаўлены творчымі калектывамі