Папяровыя фантазіі

- 16:31Выхаванне

Лоўкасць рук — і ніякага ашуканства. Гэты выраз найлепш падыходзіць да ўсіх тых, хто займаецца ў аб’яднанні па інтарэсах “Горад майстроў” сталічнага Цэнтра дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі “Эўрыка”. Для іх спосабам выказваць свае творчыя памкненні стала старажытнае японскае мастацтва арыгамі.

Ірына Іоўлева, майстар арыгамі і паперапластыкі, педагог дадатковай адукацыі і кіраўнік “Горада майстроў”, некалі скончыла мастацкую школу, але канкрэтна арыгамі не займалася. Праўда, яна працавала тэхнолагам-закройшчыкам — складвала тканіну перад раскроем. І толькі 20 гадоў назад пачала рабіць прыкладна тое ж, але з паперай. Калі падрастала яе маленькая дачка, Ірына Аляксандраўна знайшла сумесныя заняткі — зацікавілася сама і зацікавіла дачку арыгамі. Ужо праз пару гадоў Ірына Аляксандраўна стала праца­ваць у Цэнтры японскай культуры і традыцый Hagakure (ды і цяпер з ім супрацоўнічае), праводзіла майстар-класы, супрацоўнічала са шматлікімі арыгамістамі сусветнага ўзроўню. Сярод іх — мінчанін Дзмітрый Лысюк, майстар і двухразовы чэмпіён свету па арыгамі, аўтар кнігі “Арыгамі для ўсіх”.

“У асноўным гэта былі майстар-класы для дарослых. Для мяне ж самае галоўнае — далучыць да гэтага мастацтва маленькіх дзяцей. І 17 гадоў назад з гэтай мэтай я прыйшла працаваць у “Эўрыку”, — гаворыць педагог.

У цэнтры “Эўрыка” Ірына Аляксандраўна працуе з дашкольнікамі 5—6 гадоў, а групы дзяцей 6—8 гадоў у яе займаюцца на базе сярэдняй школы № 138 Мінска. Усяго 60 чалавек штогод, але бывае і больш.

“Калі ў мяне бацькі пытаюцца, чым мы займаемся з дзецьмі, я гавару — рыхтую тых, хто зможа некалі працаваць рукамі, — расказвае педагог. — У Ізраілі пластычных хірургаў вучаць накладваць швы на вінаградзіне — шво павінна быць роўным, а сок не павінен выцякаць. Гэта іх спосаб вызна­чыць будучых прафесіяналаў. Мне ж выявіць дзіця, здольнае ра­біць вельмі тонкую работу рукамі, дапамагае арыгамі. Складваючы мініяцюрныя фігуркі, дзіця павінна адчуць гэтую сілу ў сваіх руках. Гэта і ёсць першы крок у прафесійным навучанні. Дакладнасць, акуратнасць, паслядоўнасць, беспамылковасць — гэта галоўнае ў арыгамі. І дзяцей з такімі якасцямі шмат нават у пачатковай школе. Потым дзеці могуць займацца любой справай, але іх уласная ўпэўне­насць, што яны могуць працаваць рукамі, на гэтым этапе іх жыцця самае галоўнае. Мая ж задача — прывіць любоў да любой ручной справы. Таму мае выпускнікі і хірургі, і ювеліры, і стаматолагі, і музыканты, і тэхнолагі, і абутнікі — усе тыя, хто навучыўся працаваць рукамі”.

Па словах Ірыны Аляксандраўны, займацца арыгамі карысна для любога ўзросту: “Японцы лічаць, што арыгамі чалавек павінен заняцца тройчы ў жыцці: у дзяцінстве, калі толькі спасцігае асновы складвання з паперы, у дарослым узросце, калі вучыць гэтаму мастацтву сваіх дзяцей, і ўжо ў сталым узросце, пасля 60 гадоў. І японскія бабулі і дзядулі сапраўды збіраюцца групамі і майструюць фігуркі, і гэта не толькі хобі, але і паўнавартасная прафілактыка хваробы Альцгеймера. Па даследаваннях Інстытута фізіялогіі мозгу ў Токіа, выкананне арыгамі павялічвае паток крыві, які паляпшае работу мозгу, актывізуе разумовыя працэсы. Нездарма японцы кажуць: рукі — наш мозг. А ў больш юным узросце арыгамі трэніруе ўседлівасць, канцэнтрацыю, дробную маторыку рук, лагічнае і матэматычнае мысленне, служыць своеасаблівай медытацыяй. Дарэчы, у працэсе стварэння арыгамі аднолькава задзейнічаны абодва паўшар’і мозгу, так што яно гэтак жа карысна, як заняткі музыкай”.

Я трапіла на заняткі 7-гадовых дзяцей, многія з якіх займаюцца першы год, але ўжо дэманструюць неверагодную хуткасць складвання і ідэальную дакладнасць. Але для многіх дзяцей гэта стала вынікам упартай працы над сабой.

— Арыгамі трэніруе рукі, — гаворыць Міраслаў Моўля. — Далёка не пойдзеш і без фантазіі. Патрэбны тут стараннасць, упартасць і ўменне самога сябе стрымаць, засяродзіцца, бо над складанымі работамі трэба і даўжэй папрацаваць. Затое так атрымліваюцца выдатныя рэчы. Я ўжо і тату, і маме, і сястры падарыў свае работы. І пра сябе не забываю. Нядаўна зрабіў маску тыгра. Да гэтага рабіў маскі вікінга і льва. А наступным у мяне будзе хамяк, бо я вельмі хацеў жывога хамяка атрымаць на Новы год, але Дзед Мароз яго мне не прынёс. Таму пакуль я зраблю сабе яго з паперы”.

Косця Жучкевіч — майстар тэхнікі: “Вельмі люблю рабіць караблі і ўсё тое, чаго не сустрэнеш у штодзённым жыцці. Я шмат чытаю пра мора, пра падарожжы і раблю з паперы літаратурных герояў і іх плаўныя сродкі. Нядаўна прачытаў кнігу “Марскі бой” і зрабіў такі ж карабель, пра які там вялася гаворка. Кожны раз стараюся ўскладняць работу, дапаўняю яе новымі дэталямі, раблю каюты і г.д. Калі старацца, то ўсё атрымліваецца. Часам нават праз боль — напачатку падушачкі пальцаў баляць ад таго, што трэба моцна націскаць на загібы, але з часам пальцы становяцца ўжо не такімі далікатнымі і перастаюць балець”.

Дзяцей з цяжкімі характарамі для І.А.Іоўлевай не існуе, бо любыя іх адметнасці яна ператварае ў перавагі: “Ёсць дзеці, якім усё лёгка даецца, — з імі працаваць проста. Ёсць дзеці з характарам — з імі цікава, бо спачатку на іх злуешся, потым іх характар бярэ верх і якраз за гэта ты іх і паважаеш. Яны ўжо не раздражняюць, як раней (скажам, дрэннымі паводзінамі), і ты ім гэта даруеш. Калі ёсць характар, сіла волі, то ўжо ў гэтым узросце яны ўме­юць сябе настроіць на работу. Застаецца толькі прыкласці сілу волі, упартасць”.

У дакавідныя часы Ірына Іоўлева правяла шмат майстар-класаў у Цэнтры японскай культуры і традыцый Hagakure, а таксама ў розных буйных музеях горада, знаёміла з мастацтвам арыгамі пацыентаў гарадскіх дзіцячых бальніц. Намечаны былі і курсы па арыгамі, якія яна павінна была праводзіць для педагогаў Беларусі ў Рэспубліканскім інстытуце прафесійнай адукацыі, але пакуль яны часова адкладзены. Хочацца спадзявацца, што хутка майстар зможа працягваць дзяліцца сваім майстэрствам.

Святлана НІКІФАРАВА.
Фота з архіва І.А.Іоўлевай.