Парады педагога: як эфектыўна арганізаваць узаемадзеянне класнага кіраўніка з бацькамі навучэнцаў

- 17:17Образование

Сёння прымяненне інфармацыйна-камунікацыйных тэхналогій у адукацыйна-выхаваўчым працэсе з’яўляецца адным з прыярытэтных напрамкаў, які дазваляе не толькі павысіць якасць навучання і выхавання падрастаючага пакалення, але і дасягнуць новага ўзроўню адносін паміж удзельнікамі вучэбнага працэсу.

Інфармаванне бацькоў праз інтэрнэт прадугледжвае размяшчэнне інфармацыі аб ходзе адукацыйнага працэсу ў школе і аб нарматыўным, кадравым, матэрыяльным яго забеспячэнні, стварэнне спецыяльных рассылак, якія дапамагаюць бацькам быць у курсе важных падзей, акцый і мерапрыемстваў, што адбываюцца ва ўстановах адукацыі.

Асвета бацькоў праз інтэрнэт прадуг­леджвае размяшчэнне матэрыялаў, якія цікавяць бацькоў, па праблемах адукацыі і выхавання, распрацаваных як знешнімі спецыялістамі, так і класнымі кіраўнікамі, педагогамі ўстаноў адукацыі. Тут жа мо­гуць быць размешчаны (або зроблены спасылкі на іх) матэрыялы юрыдычнага характару і нарматыўныя адукацыйныя дакументы.

Сеткавае кансультаванне бацькоў (інтэрнэт-кансультацыі) садзейнічае наладжванню зваротнай сувязі з бацькамі і дае магчымасць адсачыць характар праб­лем бацькоў, узровень іх задаволенасці дзейнасцю ўстаноў адукацыі, а таксама абмеркаваць перспектывы развіцця. Кансультантамі могуць стаць і бацькі — прафесіяналы ў той ці іншай галіне (урачы, юрысты, работнікі сферы культуры і іншыя).

Навучанне бацькоў праз інтэрнэт з’яўляецца вучэбна-метадычным суправаджэннем сям’і, якое рэалізуецца з дапамогай дыстанцыйных форм і метадаў навучання. Спецыялістам устаноў адукацыі неабходна зразумець, у асваенні якіх навыкаў маюць патрэбу канкрэтныя бацькі, і дапамагчы ім стаць для свайго дзіцяці і настаўнікам, і сябрам, і арганізатарам вольнага часу.

Сумесная дзейнасць у інтэрнэце можа змяшчаць праектна-падрыхтоўчы этап, калі бацькі абмяркоўваюць той ці іншы праект, абменьваюцца варыянтамі сцэнарыяў, размяркоўваюць ролі, а таксама праектна-дзейнасны этап, пры якім праект, які абмяркоўваецца, рэалізуецца, а ход і вынікі яго фіксуюцца ў інтэрнэце. Пры гэтым праекты могуць быць як з вочнага складніка, так і цалкам сеткавыя.

Гаворачы аб сучасных эфектыўных спосабах інфармацыйнага ўзаемадзеяння класнага кіраўніка з бацькамі навучэнцаў, трэба адзначыць наступныя: сайт школы, асабісты сайт ці блог настаўніка (класнага кіраўніка), арганізацыя суполак у сетках (Viber, VK, Telegram), электронны дзённік (журнал), мабільныя дадаткі, элект­ронная пошта, скайп, бацькоўскі форум.
Прынцыпамі эфектыўнага інфармавання бацькоў праз інтэрнэт з’яўляюцца актуаль­насць, канкрэтнасць, пазітыўнасць, рэгуляр­насць.

Бясспрэчна, інтэрнэт мае перавагі, якія трэба ўлічваць класнаму кіраўніку пры арганізацыі работы з бацькамі і навучэнцамі. Дыстанцыйныя метады дазваляюць праінфармаваць значна большую колькасць “занятых” бацькоў, якія не заўсёды маюць магчымасць наведваць сходы і розныя мерапрыемствы, што арганізуюцца ва ўстановах адукацыі.

Бацькі, якія працуюць з выкарыстаннем інтэрнэту, становяцца больш актыўнымі ўдзельнікамі жыцця ўстаноў адукацыі, паколькі ў любы момант класны кіраўнік можа звязацца з імі па электроннай пошце. Таксама бацькі могуць дапамагчы падаб­раць матэрыял для насценгазеты ці сцэнарый для свята, падрыхтаваць віншавальныя лісты і раздрукаваць інфармацыю аб новых законах, апублікаваных на афіцыйных сайтах.

Інтэрнэт дазваляе мець зносіны ў рамках форумаў або электронных пісем. У гэтым выпадку ў класнага кіраўніка з’яўляецца шанс азнаёміцца з аб’ектыўнымі ацэнкамі яго дзейнасці або своечасова атрымаць важны сігнал.

З дапамогай інтэрнэту настаўнік, класны кіраўнік істотна скарачае часавыя зат­раты, калі па якой-небудзь прычыне няма магчымасці сабраць традыцыйны бацькоўскі сход, і многія пытанні можна вырашыць шляхам перапіскі з бацькамі праз суполкі ў сетках або па электроннай пошце. Можна таксама ўзгадніць час той ці іншай сустрэчы, расклад заняткаў ці кансультацый з настаўнікамі па Skype.

Інфармацыя ў інтэрнэт-прасторы адрозніваецца хуткасцю атрымання, магчымасцю атрымаць вялікі аб’ём інфармацыі за кароткі час, зручнасцю выкарыс­тання, аб дзейнасці класнага кіраўніка даведваецца большая колькасць бацькоў. Так, асабісты сайт, блог настаўніка (класнага кіраўніка) — гэта адна з эфектыўных форм узаемадзеяння з бацькамі і навучэнцамі, якая бясспрэчна ўмацоўвае непасрэдныя зносіны бакоў і выводзіць іх на якасна новы ўзровень.

У стваральніка сайта ёсць розныя магчымасці прыцягнення бацькоў да зносін адно з адным: размяшчэнне фатаграфій з падзеямі групы/класа, з дзецьмі ў розных відах дзейнасці; размяшчэнне відэазапісаў з ранішнікаў, класных вечароў, адкрытага ўрока і г.д.; публікацыя вынікаў творчай і інтэлектуальнай дзейнасці дзяцей (вырабы, прэзентацыі, праекты); размяшчэнне рэкамендацый па выхаванні і навучанні дзяцей у выглядзе спасылак на псіхолага-педагагічную літаратуру і педагагічныя сайты.

Формы і метады работы класнага кіраўніка з бацькамі павінны быць накіраваны не толькі на камунікацыю, але і на павышэнне педагагічнай культуры бацькоў, на ўмацаванне ўзаемадзеяння школы і сям’і, на ўзмацненне яе выхаваўчага патэнцыялу.

Што лепш і больш прадукцыйна ва ўзае­мадзеянні класнага кіраўніка і бацькоў навучэнцаў: месенджар ці школьны партал? Безумоўна, школьны партал — афіцыйная пляцоўка, якая дазваляе бацькам хутка даведацца ўсё галоўнае пра школу. Аднак у школьным партале даволі складана наладзіць кантакт з бацькоўскім камітэтам, не заўсёды зручна рассылаць асабістыя паведамленні бацькам, да таго ж час ад часу бацькі не могуць зайсці на партал у сувязі з тэхнічнымі работамі.

Сёння сацыяльныя сеткі і месенджары вельмі папулярныя, у тым ліку іх актыўна выкарыстоўваюць і ў адукацыйных установах для абмеркавання розных пытанняў з бацькамі. Гэта вельмі зручна і хутка. Аднак зносіны з бацькамі ў чаце месенджараў і сацыяльных сетках не такія бяскрыўдныя, як здаецца на першы погляд. Існуюць пэўныя правілы, па якіх павінна будавацца бяспечная перапіска.

Перш чым запусціць фармат зносін класнага кіраўніка з бацькамі навучэнцаў у сацыяльных сетках, класнаму кіраўніку важна папярэдзіць бацькоў аб правілах зносін, гэта дапаможа ў будучыні пазбегнуць канфліктных і іншых непрыемных сітуацый.

Пасля таго як сеткавыя зносіны набываюць стабільны і мэтанакіраваны характар, з’яўляецца выразная зваротная сувязь, педагог сумесна з бацькамі можа ўскладняць формы ўзаемадзеяння: віртуальныя бацькоўскія сходы, анлайн-кансультацыі, анлайн-анкетаванне, Skype-канферэнцыі.

Такім чынам, выкарыстанне інтэрактыўных тэхналогій дазваляе згуртаваць калектыў бацькоў, якія актыўна абмяркоўваюць дасягненні і вынікі сваіх дзяцей, а таксама падтрымліваюць і натхняюць адно аднаго на далейшыя поспехі.

У сацыяльнай сетцы бацькі шчыра захапляюцца вынікамі вучэбнай дзейнасці. Доб­разычлівае стаўленне бацькоў і згуртаванасць калектыву пазітыўна адбіваюцца на паводзінах дзяцей у класе і ў школе ў цэлым.

Менавіта таму інфармацыйнае ўзаемадзеянне класнага кіраўніка з бацькамі навучэнцаў праз выкарыстанне ІКТ у адукацыйна-выхаваўчым працэсе ва ўмовах мадэрнізацыі адукацыі з’яўляецца адной з актуальных, сучасных форм работы, якая на практыцы паказвае станоўчы вынік і выклікае заслужаную цікавасць у педагогаў і бацькоў.

Правілы бяспечных зносін

Правіла 1

Нягледзячы на тое, што магчымасць напісаць паведамленне ёсць заўсёды, варта вызна­чыць часавыя рамкі зносін у чаце. Напрыклад, з 8:00 да 22:00, каб усе жадаючыя паспелі абмеркаваць важнае для ўсяго калектыву пытанне і разам з тым не прычынялі нязручнасці астатнім. Часам бацькі не прытрымліваюцца часавых рамак і пішуць ноччу. Для прадухілення такіх сітуацый агаворваюцца нормы зносін, у тым ліку часавыя. Таксама неабходна даваць права выказвацца ўсім, каго тычыцца ўзнятая тэма, пры гэтым не патрабаваць ад кожнага імгненнага адказу. Лепш даваць час на адказ ад 3 да 5 гадзін, каб максімальная колькасць удзельнікаў чата змагла агучыць сваё меркаванне.

Правіла 2

У сацыяльных сетках і месенджарах папулярны нефармальны стыль зносін. У нашым выпадку важна падтрымліваць дзелавыя зносіны і не забываць пра ветлівасць.

Прытрымліванне правіл пунк­туацыі і арфаграфіі — гэта таксама важны элемент. Уласныя імёны неабходна пісаць з вялікай літары, а сам тэкст стандартным шрыфтам. Паведамленне, напісанае праз Caps Lock, заўсёды ўспрымаецца як павышаны тон і непавага.

Правіла 3

Кантроль і фільтрацыя інфармацыі ў месенджарах — аснова бесканфліктных зносін. Неабходна сачыць, каб тэмы, якія абмяркоўваюцца, тычыліся толькі ўдзель­нікаў чата. Паведамленні павінны быць кампактнымі і несці толькі асноўную інфармацыю, якую неабходна данесці да баць­коў. І калі бацькі страчва­юць галоўную тэму і пераходзяць на нейкія пабочныя і непатрэбныя абмеркаванні, мякка нагадвайце аб галоўным пытанні і вяртайце іх да яго.

Правіла 4

Яшчэ адна галоўная цаглінка ў фундаменце добрых калектыўных зносін — захаванне нейтралітэту. Не варта пісаць на эмоцыях і пераходзіць на высвятленне асабістых адносін — гэта непрыстойна, можа прывесці да канфлікту і толькі адцягвае ўвагу астатніх удзельнікаў, якія знахо­дзяцца ў чаце, адводзячы ад асноўнага пытання абмеркавання. Акрамя таго, тэкставыя паведамленні заўсёды могуць стаць доказам абразы ў судзе.

Правіла 5

Асаблівую ўвагу варта ўдзя­ліць распаўсюджванню персанальных даных. Таму перад стварэннем чата ў месенджары ці сацыяльных сетках неабходна сабраць пісьмовую згоду на публікацыю фота і відэа ў самім чаце для перадачы іншым бацькам. Напрыклад, са свят і іншых калектыўных мерапрыемстваў, што часцей за ўсё адпраўляюць адно аднаму бацькі. Гэта трэба, каб іншыя бацькі, якія заўважылі на фота ці відэа сваё дзіця, не абурыліся, што відэа- і фотаматэ­рыял змяшчае персанальныя даныя яго дзіцяці.

Юлія РОГАВА,
настаўнік-метадыст,
класны кіраўнік
з сярэдняй школы № 16 Мазыра