Парады педагогу: эфектыўныя прыёмы вырашэння канфліктаў у класным калектыве

- 16:09Новости, Приложение, Психолог в школе

Класнаму кіраўніку неабходна валодаць інфармацыяй аб асаблівасцях міжасобасных адносін навучэнцаў у класным калектыве. Адзін са спосабаў вырашэння гэтай задачы — правядзенне сацыяметрычнага даследавання (сацыяметрыі).

У аснову сацыяметрычнага прыёму пакладзена пытанне: “З кім бы ты хацеў… (сядзець за адной партай)?”, “Каго з класа… (запросіш на дзень нараджэння, возьмеш у гульню, у новы клас)?”. Статус любога чалавека ў калектыве мае свае спецыфічныя параметры, аднак усю разнастайнасць асаблівасцей адносін паміж членамі групы можна звесці да чатырох найбольш істотных пазіцый: зоркі, тыя, каму аддаюць перавагу (або папулярныя), непрымальныя і ізаляваныя.

Для ацэнкі становішча навучэнца ў класным калектыве неабходна аднесці яго да адной з вылучаных катэгорый. Навучэнцы, якія маюць статус зоркі ці таго, каму аддаюць перавагу, у класе праблем ва ўзаемаадносінах з аднакласнікамі не маюць. У выпадку, калі навучэнец з’яўляецца непрымальным, то адчувае сур’ёзныя праблемы ў зносінах, перажывае канфлікты з аднакласнікамі, што ўплывае на яго псіхічны стан.

Большую боязь за псіхічны стан навучэнцаў выклікае катэгорыя “ізаляваныя”, паколькі застаецца незаўважанай, дзеці адчуваюць сябе непатрэбнымі. У залежнасці ад рэакцыі на негатыўнае стаўленне аднакласнікаў, ізаляваных умоўна можна па­дзяліць на тры тыпы: ізгой-клоўн, ізгой — белая варона і ізгой-антаганіст.

Разгледзім паслядоўна ўсе тры тыпы пазіцыі ізгоя.

  1. Ізгой-клоўн гуляе са сваім сацыяльным акружэннем. Сваімі паводзінамі прадстаўнік гэтага тыпу ізгойства падстаўляе сябе пад насмешкі, абзыванні. Пры гэтым навучэнцы такой катэгорыі выяўляюць межы і недасканаласць сацыяльнага ладу ў класным калектыве (ацэньваюць учынкі і дзеянні іншых). Ізгой-клоўн здольны ставіць у цяжкае становішча аднакласнікаў, педагогаў, якія працу­юць у гэтым класе. Ён кантралюе ўзровень негатыўных эмоцый, якія адрасаваны яму асабіста, таму забірае на сябе не вельмі вялікую колькасць негатыўных эмоцый. Давёўшы негатывізм аднакласнікаў да пэўнага ўзроўню, дзіця здзяйсняе ўчынак, які, выклікаўшы смех аднакласнікаў да сябе, знімае ўзровень негатывізму.
  2. Ізгой — белая варона мае сур’ёзныя этычныя адрозненні ад этычных асноў аднакласнікаў, якія закладзены сямейным выхаваннем. Прычынай такіх адрозненняў можа з’яўляцца прыналежнасць сям’і навучэнца да іншага этнасу (асобы цыганскай нацыянальнасці), да іншага сацыяльнага слоя, да іншай рэлігіі (баптысты) і г.д. Дзіця становіцца ізгоем — белай варонай з прычыны таго, што не можа паводзіць сябе па-іншаму ў адрозненне ад ізгоя-клоўна. У аднакласнікаў белай вароны ствараецца аб ім вялікая колькасць міфічных домыслаў і выдумак, якія ўзнікаюць з-за немагчымасці лідара класа і яго акружэння растлумачыць паво­дзіны свайго аднакласніка.
  3. Ізгой антаганістычнага тыпу (ізгой-антаганіст) уяўляе крайнюю ступень ізгойства, бо такі тып ізгойства заснаваны на ўзаемным непрыманні вучня і класа ў цэлым. Прычынамі антаганістычнага ізгойства служаць асаблівасці сямейнага выхавання. Усведамляючы непрыманне з боку аднакласнікаў, ізгой-антаганіст абзывае іншых, правакуе канфлікты, абгрунтоўваючы свае дзеянні недахопамі, якія назіраюцца ў класным калектыве. Ізгой-антаганіст выбудоўвае свае паводзіны па прынцыпе “ў чужым воку бачу і парушынку” (знаходзіць недахопы ў асобе, паводзінах аднакласнікаў, асу­джае іх).

Большасць навучэнцаў, якія займаюць пазіцыю ізгояў, ма­юць недахоп — няздольнасць мы­сліць канструктыўна, у адпаведнасці з сітуацыяй.

Рассмяшыць клоўна, прыняць белую варону

Неабходна вучыць дзяцей тэхніцы канструктыўнага ўзаемадзеяння з аднакласнікамі, што дапаможа вырашаць канфлікты з ізгоем у класе.

Ізгой-антаганіст актыўна не ўспрымае сам вучнёўскі клас, правакуе да сябе негатыўнае стаўленне, якое даходзіць да агрэсіўнасці.

Прыклад. Навучэнец 5 класа хлопчык В. змяніў тры школы. Правакуе аднакласнікаў на канфлікты, затым расказвае педагогам, што яны яго крыўдзяць, чакаючы, што іх пакараюць. Аднакласнікі першыя не ўступаюць з ім у канфлікт і сцвярджаюць, што ён пастаянна імкнецца сказаць нешта крыўднае пра іх, пра іх бацькоў, правакуе бойку, а потым абвінавачвае іх. У цэлым аднакласнікі гатовы яго прымаць, не крыўдзіць, калі ён зменіць свае паводзіны.

Самая распаўсюджаная памылка — гэта спроба педагога заняць чый-небу­дзь бок. Калі педагог займае бок класа, то такі падыход прыводзіць да ўзмацнення канфліктнай сітуацыі паміж навучэнцамі, паколькі педагог становіцца зброяй сваіх саюзнікаў і ставіць пад удар свае прафесійныя якасці. Калі педагог становіцца на абарону ізгоя, то ён можа прывесці ізгоя да лідарства ў класе. Тады ён, у сваю чаргу, пачынае помсціць сваім аднакласнікам, прыкрываючыся меркаваннем педагога.

Іншы падыход — перавод ізгоя ў іншы клас. З сыходам ізгоя ў класе застаецца сацыяльнае месца, у якое трапляе іншы аднакласнік, а ізгой, пераходзячы ў іншы клас, нярэдка пачынае сам правакаваць да сябе негатыўнае стаўленне. І той клас, які аддае, і той, які прымае, могуць адчуваць сур’ёзныя цяжкасці, якія ствара­юць сітуацыю з’яўлення новага ізгоя-антаганіста.

Эфектыўным метадам будзе перавод гэтага навучэнца часова (на 1—2 месяцы) на дамашняе навучанне, каб правесці сацыяльна-педагагічную прафілактыку з класам і дзіцем.

Пры рабоце з ізгоем — белай варонай педагогу неабходна ўлічваць, што адносіны ізгоя са сваімі аднакласнікамі не заходзяць далей за вербальную агрэсію. Часта агрэсія ў адносінах паміж белай варонай і класным калектывам бывае аднабаковай — з боку класа. Навучэнцы баяцца свайго аднагодка, які мае каштоўнасці, не падобныя да іх уласных.

У белыя вароны таксама трапляюць (няхай кароткачасова) навучэнцы, якія маюць фізічныя заганы. Зараз у школах ужо навучыліся вырашаць праблемы такіх ізгояў, прывучаючы клас жыць з чалавекам, не падобным да астатніх дзяцей.

Прыклад. Хлопчык П. з фізічнай заганай рукі. Аднакласнік настройвае клас, што хлопчык П. “монстр”, што яго трэба баяцца, што ён можа прычыніць шкоду астатнім. На самай справе хлопчык П. вельмі добры, прыветлівы, хоча сябра­ваць, супраць аднакласнікаў не настроены.

Выйсце з сітуацыі: пагаварыць з дзецьмі, растлумачыць, што ўсе розныя, важныя якасці асобы, паводзіны чалавека, яго здольнасці, а фізічная загана не перашкаджае ў зносінах і сяброўстве. Працаваць з класам над прыняццем навучэнца такім, які ён ёсць.

Праблема белай вароны цалкам вырашаецца вербальнымі сродкамі, якія можа выкарыстоўваць педагог. Даволі эфектыўныя дыскусійныя формы сацыяльна-педагагічнай дзейнасці, якія дапамагаюць навучэнцам разабрацца ў міфалогіі класа, знайсці ў белай вароне прывабныя, станоўчыя бакі, убачыць яе іншымі вачамі, наладзіць адносіны з ёй.

Ізгой-клоўн імкнецца прыцягнуць да сябе ўвагу, хоча быць публічным. Свае клоўнскія дзеянні навучэнец прымяняе на педагогу, ставячы яго публічна ў нестандартную сітуацыю.

Прыклад. Навучэнец 7 класа хлопчык Д. дэманстратыўна зрывае ўрокі, выкрыквае з месца, прыцягвае да сябе ўвагу, расказвае, што яго крыўдзяць іншыя, што гэта нязносна; гучна смяецца, выказвае сваю незадаволенасць тым, што яго рэчы пераклалі, зламалі, укралі. Хлопчык Д. атрымлівае задавальненне ад увагі да сябе аднакласнікаў, педагогаў школы і нават вахцёра, прыбіральшчыка.

Эфектыўным метадам выхаду з гэтай сітуацыі з’яўляецца гумар. Спроба ж педагога даць дзеянням клоўна негатыўна эмацыянальную ацэнку толькі ўмацоўвае яго тып паводзін.

Такім чынам, педагагічнае ўздзеянне на клоўна неабходна будаваць па прынцыпе “клін клінам выбіваюць”, ставячы гэтага навучэнца ў нестандартную, непрывычную для яго сітуацыю.

Алена БЛІЗНЕЦ,
педагог-псіхолаг сярэдняй школы № 32 Гомеля
Фота з адкрытых крыніц інтэрнэту,
выкарыстоўваецца ў якасці ілюстрацыі