Можна доўга гаварыць пра ўнікальнасць нашай спадчыны, важнасць яе захавання і аднаўлення. Але замест прыгожых слоў лепш зрабіць канкрэтныя справы. Як, напрыклад, настаўнікі Докшыцкага раёна. Падрабязнасці – у матэрыяле карэспандэнта “Настаўніцкай газеты”.
Паратунак ад спёкі
Спёка крыху адступіла. Але мы цудоўна памятаем, як яшчэ нядаўна жнівеньскае паветра літаральна плавілася ад сонечных промняў, а ўсе мы спяшаліся пад прахалоду кандыцыянера або вентылятара. А як ратаваліся ад спёкі нашы продкі, калі не было гэтых прыбораў? Як захоўвалі прадукты харчавання, чым карысталіся ў дахаладзільнікавую эпоху?
Цяпер мы рэдка задумваемся над гэтым пытаннем. Купілі малако або сыр, паклалі ў халадзільнік — і можна трымаць, пакуль не скончыцца тэрмін прыдатнасці. А вось нашы прадзядулі і прабабулі, каб тыя ж малако і сыр як мага даўжэй захоўвалі свежасць, рабілі спецыяльныя склепы. Думаю, кожны з нас бачыў у вёсцы такія пабудовы.
Калі ж маштабы захоўвання прадуктаў былі іншыя, узводзілі лядоўні. У адрозненне ад склепаў, яны значна большых памераў, а ў сярэдзіну закладваліся кавалкі лёду, выразаныя зімой на замерзлым вадаёме. Такія пабудовы сустракаюцца ўжо радзей, чым склепы, ад чаго іх каштоўнасць у архітэктурным плане толькі ўзрастае. Канечне, яны не такія велічныя, як старадаўнія храмы або замкі, палацы, але гэта таксама наша спадчына, якую варта захоўваць, а калі трэба, то і аднаўляць.
Менавіта так зрабіла настаўніца працоўнага навучання Параф’янаўскай сярэдняй школы Вольга Антонаўна Сазановіч, аднавіўшы разам з вучнямі і калегамі лядоўні пачатку ХХ стагоддзя, якія знаходзяцца акурат насупраць яе сядзібы.
Хто, калі не мы!
Цяпер гэтыя арыгінальныя каменныя піраміды (такія асацыяцыі ўзнікаюць, калі ўпершыню бачыш лядоўні) знаходзяцца ў прывабным турыстычным стане, а яшчэ гады два назад яны былі ў закінутым выглядзе, зарослыя пустазеллем і кустоўем. Што і казаць, калі ў самой лядоўні замест лёду ляжалі горы смецця, а дакладней, тры трактарныя прычэпы (столькі ўсялякай непатрэбшчыны вывезла настаўніца разам з вучнямі і калегамі). “Хто, калі не мы!” — вырашыла аднойчы Вольга Антонаўна і ўзялася за справу. Дарэчы, па выніках аднайменнай рэспубліканскай акцыі праект па аднаўленні лядоўні заняў 2-е месца, таксама быў прадстаўлены на абласным этапе “100 ідэй для Беларусі”.
— Для рэалізацыі свайго плана мы стварылі валанцёрскі атрад. Пачалі працу на суботніку 22 красавіка, у Дзень Зямлі. Падключылі неабыякавых суседзяў, настаўнікаў. Спачатку выразалі кустоўе, прыбралі смецце ўнутры лядоўні і на тэрыторыі вакол аб’екта, — расказвае Вольга Антонаўна. — Унутры лядоўні ўсё засыпалі пяском, мясцовыя жыхары дапамаглі змайстраваць металічную лесвіцу, па якой можна падняцца да дзвярэй, а таксама драўляную, па якой можна спусціцца ўнутр лядоўні. Там устанавілі шыльдачкі з інфармацыяй аб ранейшым прызначэнні і спосабах будаўніцтва такіх аб’ектаў.
Бусел Жорык
Сёння лядоўні ўключаны ў раённы маршрут “Жыватворны шлях” і карыстаюцца папулярнасцю сярод турыстаў, якія праязджаюць праз гэтыя мясціны па дарозе на Нарач. Людзі спыняюцца, фатаграфуюць арыгінальныя аб’екты.
Асаблівую ўвагу падарожнікаў прыцягвае… бусел. Так, самы звычайны бусел, якога мясцовыя жыхары празвалі Жорыкам. Вы спытаеце: прычым тут бусел, якая сувязь паміж гэтай птушкай і лядоўняй? А вось якая. Зусім нядаўна да сядзібы Вольгі Антонаўны прыбіўся нечаканы госць. Хутчэй за ўсё выпаў з гнязда, лётаць яшчэ не ўмее, здабываць ежу не можа, вось і пачаў жыць каля людзей. Спачатку ляжаў, рэдка падымаўся на ногі. Пасля таго як настаўніца пачала яго карміць курынымі сэрцайкамі, мойвай, ён адужаў, узняўся на ногі. Вольга Антонаўна спадзяецца, што бусел абавязкова ўзнімецца і на крыло, зможа паляцець у вырай разам з суродзічамі.
— Калі не паляціць, то давядзецца пасяліць яго на зімоўку да курэй, — дзеліцца настаўніца. — Ён ужо мой добры сябар. Адчыняю раніцай дзверы, а ён стаіць каля парога, чакае ежы. Але ж трэба неяк навучыцца лётаць. Таму вырашыла аднесці яго на лядоўню. Там высока, выдатнае месца для трэніровак. Яму спадабалася на каменнай пірамідзе, можа там увесь дзень прастаяць. Часам размахвае крыламі, спрабуе ўзняцца. Здаецца, вось-вось — і паляціць…
Старадаўні халадзільнік
Юныя параф’янаўскія краязнаўцы-валанцёры разам з Вольгай Антонаўнай не толькі добраўпарадкавалі тэрыторыю вакол лядоўні, але і пашырылі свае веды аб гэтых старадаўніх халадзільніках. Яны паразмаўлялі са старажыламі, вывучылі асаблівасці пабудовы такіх аб’ектаў, іх выкарыстанне.
Па словах настаўніцы, лядоўні рабілі так: летам выкопвалі вялікую па плошчы яму, потым узводзілі сцены і перакрыцці, дно ямы засыпалі сухой саломай. Зімой людзі бралі каваныя пілы, на канцы якіх вісеў груз, ішлі на замерзлую раку ці возера і пачыналі выпілоўваць ледзяныя пліты, якія на санях дастаўляліся да будучай лядоўні (важна было рабіць кавалкі лёду правільнай формы, каб паменшыць колькасць шчылін пры кладцы).
Пласт саломы пакрываўся ледзянымі плітамі (кубамі), а прастора паміж імі затыкалася саломай ці сенам. Затым пачыналася кладка другога яруса, які закрываўся земляной або драўлянай падлогай. Гэта дазваляла трымаць у памяшканні тэмпературу да -8 градусаў нават летам. Канечне, нягледзячы на цеплаізаляцыю, лёд паступова раставаў, менавіта таму лядоўні звычайна размяшчалі на ўзвышшах з пясчанымі глебамі. Калі глеба была гліністай, то ваду адводзілі пры дапамозе труб ці спецыяльных дрэнажных канструкцый.
У лядоўні можна было зрабіць паліцы не толькі для астуджэння, але і для замарозкі прадуктаў. Для гэтага ў сцяне рабілі спецыяльнае акно. Да лядоўні прыладжвалі скрыню, бакі якой былі прадзіраўлены для пропуску халоднага паветра. З боку ж склепа гэтае акно шчыльна зачынялася дзверцамі.
Справа з працягам
Першы этап рэканструкцыі лядоўні завершаны. Вольга Антонаўна вынікам задаволена, хоць дасягнуць яго было няпроста. Тут і фінансавыя пытанні, і арганізацыйныя, і сама фізічная праца няпростая. Аднак дружнай талакой параф’янаўцы справіліся: ачысцілі лядоўню ад смецця, пустазелля, зрабілі лесвіцы, падсыпалі сцежку, рэканструявалі стары воз, а на ім у выглядзе кавалкаў лёду паклалі белыя будаўнічыя блокі, абматаўшы іх празрыстай плёнкай.
— Вынікамі першага этапу праекта мы засталіся задаволеныя, усе пастаўленыя задачы выкананы. Мы не толькі прыбралі смецце, але і ўпрыгожылі тэрыторыю. Спадзяёмся, лядоўні стануць знакавым аб’ектам аграгарадка. Турысты з задавальненнем будуць тут спыняцца, даведвацца нешта новае пра наш край. І больш ніхто і ніколі не выкіне смецце на гэтым месцы. Таму што, засмечваючы навакольнае асяроддзе, чалавек шкодзіць найперш самому сабе. А мы павінны берагчы, любіць малую радзіму не толькі на словах, але і канкрэтнымі справамі, — падзялілася Вольга Антонаўна.
Восенню праца працягнецца. Настаўніца плануе азеляніць тэрыторыю, пасадзіць казанскі ядловец, асаку “мароу”, каб скараціць плошчу для касьбы і каб аб’ект стаў яшчэ больш прыгожым, прывабным. Думаю, кожны, хто вырашыць палюбавацца незвычайнымі каменнымі пірамідамі, пераканаецца, што яны ўражваюць не менш, чым велічны параф’янаўскі касцёл Дзевы Марыі, якому больш за 100 гадоў, або арыгінальная брама, якая з канца XVIII стагоддзя сустракае гасцей старога парку ў суседніх Сітцах.
Галоўнае — жаданне
Велічная брама і стары парк стануць наступнымі пунктамі нашага падарожжа. Сюды мы адправімся не толькі з-за ўнікальнасці гэтых аб’ектаў, але і таму, што мясцовыя настаўнікі падыходзяць да іх захавання і аднаўлення з практычнага пункту гледжання. На жаль, не ўсё задуманае ўдаецца рэалізаваць. Аднак тое, што педагогі і школьнікі могуць зрабіць, яны робяць. Самае простае — гэта праводзіць на тэрыторыі парку суботнікі. І яны рэгулярна праводзяцца, таму на паркавых сцежках заўсёды чыста. Таксама разам з сельсаветам да дуба-дзядулі або дуба-патрыярха, дуба-волата (па-рознаму называюць мясцовыя жыхары 500-гадовае дрэва) была пракладзена арыгінальная драўляная сцежка.
— Канечне, адрэстаўрыраваць браму мы не зможам. Тут патрэбны фінансавыя ўкладанні, праца спецыялістаў. Але навесці чысціню і парадак у парку для нас нескладана. Прыемна, што ўсе мае вучні, якія займаюцца або займаліся ў краязнаўчым гуртку, ахвотна адгукаюцца на гэтую прапанову. Гэта неабыякавыя падлеткі, юнакі і дзяўчаты, з гарачым сэрцам і чыстым сумленнем, з вялікай любоўю да роднай зямлі, яе мінулага. Невыпадкова разам з імі і намеснікам дырэктара па вучэбна-выхаваўчай рабоце Алінай Іванаўнай Шылько мы пачалі работу над праектам “Новае жыццё старому парку”. Дарэчы, на нядаўнім рэспубліканскім конкурсе інфармацыйна-метадычных матэрыялаў “Лепшы сацыяльны праект” ён заняў 2-е месца. Мэта праекта — рэканструяваць паркавую зону, павысіць культуру правядзення вольнага часу мясцовым насельніцтвам, звярнуць увагу на экалагічныя праблемы мясцовасці, праводзіць у парку мерапрыемствы, прысвечаныя значным падзеям у жыцці рэспублікі і рэгіёна, стварыць умовы для правядзення экскурсій, — расказвае настаўніца гісторыі Сітцаўскай сярэдняй школы Тамара Тадэвушаўна Каляга.
Удзельнікі праекта прапаноўваюць абсталяваць дзіцячыя пляцоўкі, нават склалі план іх прыблізнага размяшчэння і знешні выгляд. Для падлеткаў, лічаць, было б добра стварыць месцы для катання на роліках, веласіпедах, заняткаў скейтбордынгам і іншымі відамі спорту, культурна-масавых мерапрыемстваў, відовішчаў. Праектам прадугледжана асфальтаванне дарожак, устаноўка лавачак, урнаў, а таксама разбіццё парку на функцыянальныя зоны (фізічнай культуры і спорту, адпачынку і прагулак, актыўнага адпачынку), стварэнне алеі кветкавых клумб, алеі выпускнікоў.
— Праект быў распрацаваны ў сакавіку мінулага года. Валанцёры нашай школы вырашылі правесці эксперымент і высветліць, ці патрэбны вялікія ўкладанні для таго, каб стары парк, які страціў сваю актуальнасць як месца адпачынку вяскоўцаў, зноў набыў прывабны выгляд і стаў месцам, дзе сапраўды можна адпачыць і набрацца сіл. За невялікі тэрмін часу быў выкананы значны аб’ём работы. На ўласным вопыце школьнікі пераканаліся ў тым, што галоўнае — жаданне і жывая зацікаўленасць да той справы, за якую бярэшся. Вучні прынялі ўдзел у некалькіх суботніках. Тэрыторыя парку была ачышчана ад смецця, травы, галін, пустазелля, кустарнікаў. Вучні старшых класаў распрацавалі экскурсію і правялі яе для малодшых школьнікаў. Выпускнікі 2022 года заклалі алею выпускнікоў, у якой пасадзілі 13 маладзенькіх дрэўцаў, якія прыжыліся. Будзем спадзявацца, што гэта стане яшчэ адной добрай традыцыяй у школе.
Нашы вучні актыўна папулярызуюць веды пра малую радзіму. Напрыклад, Настасся Цягуновіч з 11 класа ў мінулым навучальным годзе стала пераможцай абласнога этапу рэспубліканскай акцыі “Сцяжынкамі Бацькаўшчыны”. Сваю работу выпускніца прысвяціла дубу-велікану. Мяркуем, можна напісаць яшчэ не адну даследчую работу па вывучэнні тэрыторыі былога сядзібна-паркавага комплексу Дамейкаў. Член маладзёжнай палаты пры Докшыцкім раённым Савеце дэпутатаў Яўгенія Зайцава прыняла ўдзел у адным з этапаў расійска-беларускага праекта “Цягнік Памяці“, дзе пазнаёміла прысутных са сваёй малой радзімай вёскай Сітцы. Адным з прыпынкаў экскурсіі быў сітцаўскі парк. Зараз наша галоўная задача — не спыняцца на дасягнутым і дапамагчы парку стаць паўнавартасным турыстычным і культурным аб’ектам, — паведаміла Тамара Тадэвушаўна Каляга.
Неўміручая брама
Першае, што сустракаюць турысты пры ўваходзе ў сітцаўскі парк, — старадаўняя брама, узведзеная ў канцы XVIII стагоддзя ў стылі барока. Такіх аб’ектаў на Беларусі захаваліся адзінкі. Па словах Тамары Тадэвушаўны, вялізная трох’ярусная брама пабудавана з цэглы. Першы ярус утварае масіўная трохпралётная арка з вялікім цэнтральным праёмам. Другі ярус прадстаўлены прамавугольным у плане аб’ёмам з невялікім надваротным памяшканнем, якое мае цыліндрычнае скляпенне. Унутр яго вядуць дзве вінтавыя лесвіцы. Завяршаецца брама невялікай вежай з купалам. Калісьці на браме быў драўляны механізм, які забяспечваў ход гадзінніка з зязюляй, зроблены мясцовым майстрам. Гадзіннік на браме біў так, што было чуваць ва ўсёй ваколіцы. Ён заклікаў мясцовых жыхароў на абед, да малітвы. Калі стрэлкі паказвалі поўдзень, то малітву чыталі 12 разоў, адпаведна стрэлкам на цыферблаце. Калі біў гадзіннік, сяляне спынялі працу, маліліся.
Ад брамы да месца, дзе размяшчаўся палац, і цяпер вядзе ліпавая алея. Ад самога палаца засталіся толькі калоны — пілоны былога порціка параднага фасада. Перад палацам расла велічная двухствольная ліпа, каля якой ляжаў валун. Існуе легенда, што вялікі камень быў пакладзены на месцы магілы нянькі, якая выпадкова ўпусціла панскае дзіця, за што яе жывой закапалі ў зямлю. Маўклівай сведкай таго выпадку і стала старая ліпа.
Сярод дрэў парку асабліва выдзяляецца дуб-волат — помнік прыроды рэспубліканскага значэння. Яго вышыня каля 26 метраў, дыяметр — 2 метры, а ўзрост амаль 500 гадоў. Пра гэты дуб напісаў баладу Пятрусь Броўка. Паэт увекавечыў падзеі Вялікай Айчыннай вайны, калі палонныя музыканты адмовіліся іграць музыку, што ўслаўляла фашызм. За гэта іх расстралялі каля дуба.
Славілася сядзіба калісьці сваёй аранжарэяй, дзе раслі ружы, лімоны, апельсіны. Захавалася ў парку сцяна, у нішах якой вырошчваўся вінаград. Па словах настаўніцы, за дзень сцяна награвалася і ноччу аддавала цяпло вінаграднай лазе, тым самым садзейнічала выспяванню ягад.
Яшчэ адзін аб’ект — гэта скляпенні, якія засталіся ад палаца. На думку Тамары Тадэвушаўны, іх таксама можна выкарыстоўваць падчас экскурсій. Напрыклад, зрабіць падсветку. У прыцемку такія экскурсіі будуць асабліва эфектнымі.
Замест тысячы слоў
Цікавых, арыгінальных ідэй па захаванні і аднаўленні спадчыны ў докшыцкіх настаўнікаў шмат. На жаль, не ўсё задуманае ўдаецца рэалізаваць, бо не ўсё залежыць толькі ад жадання настаўнікаў. Але тое, што па сілах, педагогі і школьнікі абавязкова робяць. Яны цудоўна ведаюць: замест тысячы прыгожых слоў пра ўнікальнасць нашай спадчыны лепш зрабіць адну канкрэтную справу.
Ігар ГРЭЧКА
Фота аўтара і з архіва Параф’янаўскай сярэдняй школы