Аляксандр ЛУКАШЭНКА: “Парасткі дружбы паміж Беларуссю і Кітаем важна закладваць у падрастаючага пакалення”

- 10:24Інфармацыйная гадзіна

Беларусь мае магчымасці павялічыць пастаўкі харчовай прадукцыі ў кітайскую правінцыю Хунань. Аб гэтым заявіў Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка на сустрэчы з сакратаром камітэта Камуністычнай партыі Кітая правінцыі Хунань Ду Цзяхаа.

Правінцыя Хунань атрымала надзейнага партнёра ў асобе Магілёўскай вобласці і актыўна працуе з ёй. Таму ў час сустрэчы прэзідэнт прапанаваў кітайскаму госцю больш шырока абмеркаваць аспекты супрацоўніцтва як з гэтым рэгіёнам, так і з Беларуссю ў цэлым. “У нас ёсць магчымасць павялічыць пастаўкі ў правінцыю Хунань харчовай, перш за ўсё малочнай, прадукцыі з Магілёўскай вобласці. Па чыгунцы праз Беларусь у Еўропу ўжо ідуць кантэйнеры з грузамі, якія назад вяртаюцца паўпустымі. Мы маглі б загрузіць іх малаком, ёгуртамі, марожаным, попыт на якія ў вас расце літаральна з кожным днём. Кампанія “Бабуліна крынка” гатова забяспечваць вашы патрэбы”, — сказаў Аляксандр Лукашэнка.

Кіраўнік дзяржавы нагадаў, што ў лютым гэтага года ў свабоднай эканамічнай зоне “Магілёў” зарэгістравана беларуска-кітайскае прадпрыемства па выпуску будаўнічай і камунальнай спецтэхнікі. На заводзе “Строммашына” рыхтуюцца да сумеснай зборкі кранавага абсталявання.

На думку прэзідэнта, Беларусі ў правінцыі Хунань неабходна наладжваць больш цесныя сувязі ў сферах культуры і адукацыі. “Улічваючы, што беларускія творчыя калектывы папулярныя ў Кітаі, можна арганізаваць іх гастролі і ў правінцыі Хунань”, — адзначыў Аляксандр Лукашэнка. Ён лічыць, што парасткі дружбы паміж Беларуссю і Кітаем важна закладваць у падрастаючага пакалення. Зручны фармат для гэтага — культурны абмен навучэнцамі з пражываннем у сем’ях у перыяд летніх канікул. У школах Беларусі выкладаюць кітайскую мову, у Кітаі — рускую. “Дзеці хутка адаптуюцца і знаходзяць узаемаразуменне. Гэта будзе цікава і карысна”, — упэўнены прэзідэнт.

Падводзячы вынікі, кіраўнік дзяржавы звярнуў увагу, што ў Беларусі і правінцыі Хунань ёсць вялікі патэнцыял для ўзаемадзеяння ў розных сферах. Каб эфектыўна яго рэалізаваць, Аляксандр Лукашэнка прапанаваў Ду Цзяхаа адкрыць прадстаўніцтва правінцыі Хунань у Беларусі. Калі такое рашэнне будзе прынята, то беларускі бок акажа ўсялякае садзейнічанне. Ідэальныя ўмовы будуць створаны і ў тым выпадку, калі правінцыя Хунань захоча адкрыць сваё прадстаўніцтва ў Магілёве.

У сваю чаргу, Ду Цзяхаа падзякаваў кіраўніку беларускай дзяржавы за магчымасць гэтай сустрэчы і абмеркавання пытанняў развіцця ўзаемавыгаднага супрацоўніцтва.

Паводле яго слоў, Беларусь — галоўны сябар для Кітая і правінцыі Хунань. Кітайскі кіраўнік выказаў меркаванне, што Аляксандр Лукашэнка і старшыня КНР Сі Цзіньпін сваёй асабістай дружбай стварылі надзейную аснову беларуска-кітайскага ўзаемадзеяння.

Ду Цзяхаа назваў вельмі важным візіт у 2015 годзе Сі Цзіньпіна ў Беларусь, у час якога былі дасягнуты важныя дамоўленасці і агучана стратэгія далейшага развіцця беларуска-кітайскіх адносін. У тым ліку размова ішла аб кітайскай ініцыятыве “Адзін пояс, адзін шлях”, якая дае шанс для больш глыбокага і плённага супрацоўніцтва паміж Беларуссю і КНР.

Кітайскі госць таксама расказаў аб важнасці правінцыі Хунань у Кітайскай Народнай Рэспубліцы. Тут пражывае амаль 70 млн чалавек, правінцыя займае 9 месца ў краіне па ўзроўні ВУП.

“Акрамя таго, Хунань — гэта радзіма Маа Цзэдуна, які стварыў новы Кітай. Гэта таксама радзіма многіх прадстаўнікоў вышэйшага кіраўніцтва краіны”, — сказаў Ду Цзяхаа.

Ён выказаў упэўненасць у вялікіх перспектывах беларуска-кітайскага супрацоўніцтва.