Парламенцкае вымярэнне АБСЕ ўяўляе сабой ідэальную пляцоўку для абмену думкамі і пошуку агульных інтарэсаў у мэтах пашырэння новага “Хельсінкскага працэсу”. Такое меркаванне выказаў намеснік старшыні Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Беларусі Баляслаў Пірштук у ходзе асенняга пасяджэння парламенцкай асамблеі АБСЕ, паведамілі ў прэс-службе парламента.
Кіраўнік беларускай дэлегацыі Баляслаў Пірштук удзельнічаў у дэбатах па тэме “Абмеркаванне праблем кібербяспекі”. Ён заклікаў разглядаць праблему рэагавання на выклікі і пагрозы ў галіне кібербяспекі скрозь прызму агульнай сітуацыі ў сферы бяспекі на прасторы АБСЕ, а таксама нагадаў парламентарыям аб ініцыятыве Прэзідэнта Беларусі, выказанай на сесіі ПА АБСЕ ў Мінску, аб неабходнасці абнаўлення “Хельсінкскага працэсу” ў інтарэсах міру і бяспекі ў Еўропе. На думку віцэ-спікера, парламенцкае вымярэнне АБСЕ ўяўляе сабой ідэальную пляцоўку для абмену думкамі і пошуку агульных інтарэсаў у мэтах пашырэння новага “Хельсінкскага працэсу”.
Член беларускай дэлегацыі старшыня Пастаяннай камісіі Палаты прадстаўнікоў па міжнародных справах Валерый Варанецкі таксама прыняў удзел у дадатковым паралельным мерапрыемстве “Стварэнне больш даступных парламентаў: садзейнічанне ўдзелу асоб з абмежаванымі магчымасцямі”, арганізаваным парламентам Фінляндыі разам з БДІПЧ АБСЕ.
Асенняе пасяджэнне Парламенцкай асамблеі АБСЕ прайшло ў г.Андора-ла-Велья (Каралеўства Іспанія). Цэнтральным мерапрыемствам асамблеі стала парламенцкая канферэнцыя “Бяспека ў рэгіёне АБСЕ: новыя выклікі, новыя задачы”, у рамках якой прайшло некалькі сесій: абмеркаванне праблем кібербяспекі, змяненне клімату, а таксама пытанні садзейнічання адукацыі як гарантыі стабільнасці і развіцця.