Дапамога старшакласнікам у выбары прафесіі — адзін з важных кірункаў работы кожнага педагогапсіхолага. Аб якіх спецыяльнасцях мараць сучасныя падлеткі? З якімі цяжкасцямі сутыкаюцца яны пры выбары далейшага жыццёвага шляху? На гэтыя і іншыя пытанні адказвае педагог-псіхолаг сярэдняй школы № 1 Асіповіч імя Б.М.Дзмітрыева Настасся ГАБРЫЕЛЬ.
— Настасся Аляксандраўна, сённяшні старшакласнік — які ён, на ваш погляд?
— Гэта вельмі яркая, крэатыўная асоба. Кожны падлетак — асобны свет. Сучасныя дзеці настолькі ўсе розныя, што нельга іх абазначыць адным словам, падагнаць усіх пад стандарт. Заходзіш у кабінет да дзесяцікласнікаў і разумееш, што гэта з’яднаны калектыў, касцяк, але адначасова кожны са старшакласнікаў — індывідуальнасць. Падлеткі для мяне, як дрэвы ў лесе: усе розныя. Напрыклад, у школе ёсць старшакласнікі, пра якіх можна ўжо зараз сказаць, што гэтыя людзі даб’юцца многага ў жыцці. Так, вучань нашай школы Мікіта — сапраўдная зорка школы, прычым хлопец бярэ ўседлівасцю. Мікіта надзвычай матываваны падлетак, нават калі нешта не разумее, то да ўсяго дойдзе настойлівай працай. У нас самая вялікая школа ў раёне, больш за 1000 вучняў, і ўсе дзеці абсалютна розныя, ёсць і з мнагадзетных, і з няпоўных сем’яў, ёсць такія, што знаходзяцца на рознага віду ўліках. Аднак хачу сказаць, што ў нас добрыя дзеці, нават тыя, хто ўжо крышку аступіўся.
— Якія праблемы хвалююць сучасных падлеткаў?
— Праблема фінансаў. Дзеці выбіраюць сабе спецыяльнасць, задаючы пытанне, колькі яны змогуць зарабляць грошай. У дзяцей ёсць жаданне і патрэбы — і гэта нармальна. Сучасныя дзеці ўсюды — у інтэрнэце і сацыяльных сетках, па тэлевізары — бачаць прыгожую карцінку і хочуць для сябе адразу многага. І гэта таксама нармальна. Некаторыя дзеці пачынаючы з 9 класа шукаюць, дзе б падзарабіць грошай. У мяне ёсць сямікласніца, якая шукае, як зарабіць грошай: дапамагае пажылой суседцы па гаспадарцы, чысціць ёй падворак ад снегу. У нас на дачах дзеці збіраюць камяні з агародаў, паўвядра каштуе 2 рублі. І бацькі падтрымліваюць у дзецях гэтае жаданне працаваць і зарабляць, таму што ў маленькім горадзе даходы ў людзей невысокія. Дзеці бачаць праўду жыцця: у кагосьці арыгінальныя красоўкі, а хтосьці не можа сабе купіць звычайныя кеды.
— Аб якіх прафесіях сёння мараць дзеці?
— Праграміст, юрыст, менеджар, іншыя прафесіі, якія добра аплачваюцца. Як бачыце, зноў многае зводзіцца да фінансаў. Гэта зразумела: матываваныя дзеці, якія добра вучацца, шукаюць сабе і дастойную зарплату ў будучыні. Дзеці імкнуцца больш увагі ўдзяляць вывучэнню замежнай мовы, інфарматыкі. Шмат хто з іх выбірае ваенныя прафесіі. Калі я размаўляю на гэты конт з хлопцамі, то заўважаю, што многія з іх выбіраюць прафесію ваеннага, таму што выхоўваюцца ў няпоўнай сям’і, без бацькі. Гэта, быццам мікратраўма, атрыманая ў дзяцінстве, спрацоўвае ва ўзросце сталення. Вобраз таты асацыіруецца з дысцыплінай, строгасцю, дакладнасцю, лаканічнасцю, арганізаванасцю. Жаночае выхаванне больш эмацыянальнае. І рэальна хлопчыкам гэтага, бацькавага, выхавання не хапае. Прычым самі хлопчыкі свой выбар тлумачаць не так, як псіхолаг, а па-іншаму: “Хачу быць ваенным, каб заняць добрую пасаду, мець перспектыву ў кар’еры, карыстацца льготамі і магчымасцямі, якія прадастаўляе прафесія. Хачу мець статус у грамадстве, насіць прыгожую форму. Хачу кіраваць людзьмі”.
Чытайце інтэрв’ю Наталлі Кастэнка ў нумары ад 6 студзеня 2023 года.