Палата прадстаўнікоў прыняла ў першым чытанні папраўкі, якія ўстанаўліваюць адміністрацыйную адказнасць за ўжыванне наркотыкаў, псіхатропных рэчываў або іх аналагаў у грамадскіх месцах.
Мяняецца арт.17.3 КоАП, які раней датычыўся толькі распіцця алкаголю або з’яўлення ў грамадскім месцы ў п’яным выглядзе. Як растлумачыў член Пастаяннай камісіі Палаты прадстаўнікоў па нацыянальнай бяспецы Васіль Аляксеенка, у гэтым артыкуле будзе прапісана асобная адказнасць за ўжыванне наркотыкаў, псіхатропаў і іх аналагаў без назначэння ўрача.
“Калі грамадзянін у стане наркатычнага ап’янення ў грамадскім месцы — штраф ад 5 да 10 базавых велічынь; на рабоце і ў рабочы час — ад 8 да 12 базавых; ужыванне наркатычных сродкаў у грамадскім месцы — ад 10 да 15 базавых”, — сказаў дэпутат.
У цэлым гэтыя папраўкі ўносяць змяненні ў чатыры кодэксы і два законы. Гэта не толькі новаўвядзенні, звязаныя са штрафнымі санкцыямі, але і меры па прафiлактыцы. “Калі не будзе ўжывання, не будзе і распаўсюджвання”, — сказаў дэпутат.
Парламентарый дадаў, што папраўкі ўводзяць, у прыватнасці, і адміністрацыйную адказнасць для ўладальнікаў забаўляльных устаноў за непаведамленне інфармацыі аб фактах распаўсюджвання псіхатропаў або наркотыкаў.
Штрафы прадугледжаны і для ўладальнікаў сайтаў, якія не знялі па патрабаванні Мінінфарма са сваіх рэсурсаў інфармацыю, накіраваную на незаконны абарот наркотыкаў. Фізічныя асобы, якія валодаюць сайтамі, рызыкуюць атрымаць фінансавае пакаранне ў памеры да 100 базавых велічынь, а юрыдычныя асобы — ад 20 да 50 базавых.
У сваю чаргу міністр унутраных спраў Беларусі Ігар Шуневіч растлумачыў, што папраўкі таксама датычацца накіравання наркаманаў у ЛПП. Нарказалежных будуць накіроўваць туды пасля чатырох фактаў прыцягнення да адміністрацыйнай адказнасці за ўжыванне наркотыкаў у грамадскім месцы або з’яўленне там у стане наркатычнага ап’янення.
Выступаючы перад дэпутатамі, Ігар Шуневіч таксама паведаміў, што са студзеня па красавік 2016 года ў Беларусі на 42 працэнты знізілася колькасць злачынстваў, учыненых непаўналетнімі і звязаных з наркотыкамі. У тым ліку на 30 працэнтаў зменшыўся збыт наркотыкаў, якім займаліся непаўналетнія.